“КРЫНІЦУ” ДЫ ІНШЫЯ ЛІТАРАТУРНА-МАСТАЦКІЯ ЧАСОПІСЫ ПАКУЛЬ НЕ ЗАКРЫЮЦЬ

Валянціна Аксак, Менск

Пра закрыцьцё ці зьліцьцё ў адзін некалькіх літаратурна-мастацкіх выданьняў, якія часткова ці цалкам фінансуюцца дзяржавай, чуткі пайшлі пасьля нарады галоўных рэдактараў на прамінулым тыдні ў намесьніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч.

Гэтыя зьвесткі выклікалі вялікі рэзананс у інтэлектуальных колах краіны і сродках масавай інфармацыі. Мажлівым наступствам такога кроку дзяржавы для лёсу нацыянальнае літаратуры была прысьвечаная адмысловая экспэртыза нашага радыё, якая прагучэла ў эфіры 15 сьнежня.

Як адзін з аргумэнтаў супроць такога рашэньня дзяржавы прыхільнікі захаваньня ўсіх літаратурна-мастацкіх выданьняў вылучалі інтарэсы падпісчыкаў, якія сваімі грашыма ўжо падтрымалі пэўны часопіс на бліжэйшае паўгодзьдзе. Цікава, што сёньня на паседжаньні калегіі Міністэрства інфармацыі менавіта гэты аргумэнт пераважыў у вырашэньні лёсу выданьняў на наступныя шэсьць месяцаў.

Вось што паведаміла нам пасьля заканчэньня калегіі галоўная рэдактарка часопісу "Крыніца" Ала Канапелька:

(Канапелька: ) "Канчына нашых выданьняў неяк адкладаецца, але паўстае пытаньне пра самавыжываньне... Выступаючы, я заклікала прысутных арыентавацца не на вынікі фінансавых паказчыкаў і падпіскі за прамінулы квартал, а думаць пра падпісчыкаў будучага".

Спадарыня Канапелька сказала таксама, што нейкага канкрэтнага рашэньня пра тое, як будзе фінансавацца кожнае выданьне цягам бліжэйшага паўгодзьдзя, калегія Міністэрства інфармацыі сёньня не прыняла. Галоўным рэдактарам паведамілі, што агульная сума на ўсе выданьні складзе 93% ад сёлетняе. Гэта — без уліку інфляцыі, падвышэньня коштаў на паліграфічныя паслугі ды паперу.

Паводле папярэдніх падлікаў, выдаткаваных грошай на ўсе шэсьць месяцаў ня хопіць. І за непрацяглы час праблема выданьняў паўстане з новай сілай. Гэта разумеюць і дзяржаўныя чыноўнікі. Таму бліжэйшае паўгодзьдзе стане для выданьняў, па меркаваньні галоўнае рэдактаркі часопісу "Крыніца", экспэрымэнтам на выжываньне.

(Канапелька: ) "Гаворка ішла пра мажлівае зьліцьцё тэхнічных службаў некалькіх выданьняў, скарачэньне штатных супрацоўнікаў рэдакцыяў, памяншэньне пэрыядычнасьці выхаду да чытача... Карацей, наступны квартал будзе экспэрымэнтам на нашае выжываньне".

Да ліку экспэрымэнтальных мэтадаў праверкі на выжываньне трэба дадаць і поўнае скасаваньне сродкаў для бібліятэкаў на падпіску на беларускія літаратурна-мастацкія выданьні.