На разьвітальным прыёме прысутнічалі замежныя дыпляматы, лідэры палітычных партыяў, кіраўнікі няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў, журналісты незалежных мэдыяў. На гэтым тле адразу кідалася ў вочы адсутнасьць прадстаўнікоў афіцыйных уладаў. Амбасадар Вік з гэтай нагоды ў сваёй разьвітальнай прамове адзначыў:
(Вік: ) "Сёньня тут вялікая колькасьць гасьцей. Тым ня менш вы не павінны думаць, што мы не запрасілі сюды прадстаўнікоў афіцыйнага боку. Яны былі запрошаныя таксама, як і вы. На жаль, падобны інцыдэнт ужо быў сёлета, 15 студзеня, калі мы сьвяткавалі 25 угодкі падпісаньня Гэльсінскіх пагадненьняў. Тым ня менш, дыялёг з Беларусяй працягваецца".
Хаця асабіста для Віка надышоў час зьяжджаць зь Беларусі, КНГ будзе працягваць сваю працу, паколькі дагэтуль не выканала галоўную задачу – правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў.
(Вік:) "На жаль, КНГ АБСЭ пры падтрымцы эўрапейскіх інстытутаў не змагала дамагчыся, каб ейныя рэкамэндацыі садзейнічалі стварэньню ўмоваў для правядзеньня дэмакратычных выбараў, якія маглі б быць прызнанымі гэтымі інстытутамі. Тым ня менш, за гэтыя чатыры гады прайшлі перамовы паміж прадстаўнікамі прэзыдэнта і Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў, якая была стовараная дзеля правядзеньня сустрэчаў, кансультацыяў у пытаньнях лібэралізацыі, дэмакратычных рэформаў. Гэткі падыход атрымаў шырокую падтрымку кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў удзельнікаў Стамбульскага саміту ў лістападзе 1999 года. Гэткі падыход можа быць узноўлены ў любы момант".
Амабасадар сказаў, што, хаця і пакідае Беларусь, але будзе працягваць займацца беларускімі праблемамі. Ён таксама выказаў шкадаваньне, што ягоны пераемнік пакуль афіцыйна не прызначаны і таму яны не змаглі сустрэцца ў Менску. Тым ня менш, амбасадар упэўнены, што яны знойдуць месца і час, каб абмеркаваць неабходныя пытаньні.