БЮДЖЭТ НА НАСТУПНЫ ГОД УХВАЛЕНЫ

Юры Сьвірко, Менск

Сёньня "палата прадстаўнікоў" у другім (апошнім) чытаньні прыняла Закон аб дзяржаўным бюджэце на 2002 год. Працэс прыняцьця бюджэту пачаўся з таго, што "палата" скасавала вынікі свайго ж галасаваньня ў мінулую пятніцу, калі была ўхваленая папраўка пра павелічэньне збораў у фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчае прадукцыі з 1% да 1,5% ад выручкі.

Як і прагназаваў міністар фінансаў Мікалай Корбут, "палата" перадумала. За ўрадавы варыянт бюджэту сёньня прагаласавала 82 дэпутаты, толькі 6 былі супраць. Савет Міністраў як кампэнсацыю абяцае накіраваць аграпрамысловаму комплексу дадатковыя даходы бюджэту — калі такія ў наступным годзе будуць.

Бюджэт на 2002 год зацьверджаны з дэфіцытам каля 355 мільярдаў рублёў — гэта паводле цяперашняга абменнага курсу 215 мільёнаў даляраў. Даходы бюджэту складуць 3 трыльёны 894 мільярды рублёў, а выдаткі — 4 трыльёны 238 мільярдаў. У даляравым эквіваленце гэта выглядае так: 2 мільярды 649 мільёнаў даляраў выдаткаў і 2 мільярды 434 мільёны даходаў. Такім чынам, увесь беларускі бюджэт не дасягае 3 мільярдаў даляраў.

Зь цікавых артыкулаў дзяржаўнага бюджэту можна прыгадаць наступныя: на ўтрыманьне ўнутраных войскаў і дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі выдзеленыя амаль аднолькавыя сумы — каля 27 мільярдаў рублёў кожнай структуры. Тым часам на ўсю культуру, мастацтва й кіно бюджэт выдаткаваў толькі 24 мільярды рублёў.

Удвая больш за культурна-мастацкі артыкул беларускага бюджэту пойдзе грошай у бюджэт "саюзнае дзяржавы" — 50 мільярдаў рублёў. Яшчэ амаль паўтара мільярды прызначаныя апаратам органаў інтэграцыі — гэта значыць, што апаратчыкі атрымаюць ад Беларусі амаль мільён даляраў.

Цікава, што пятую частку бюджэту Нацыянальнае Акадэміі Навук на чале з прэзыдэнтам Міхаілам Мясьніковічам складаюць выдаткі на... дашкольную адукацыю. Міністар фінансаў Мікалай Корбут патлумачыў гэта тым, што акадэмія ўтрымлівае дзіцячыя садкі, а галоўнае яе фінансаваньне ідзе празь бюджэтны артыкул "навука".

Аднак спадар Корбут ня змог адказаць на пытаньне, чаму ў бюджэце Міністэрства аховы здароўя ёсьць нейкія выдаткі на культуру й мастацтва — 301 мільён рублёў. Праўда, зь бюджэту кіраўніцтва справамі прэзыдэнта на нейкую іншую культуру й мастацтва пойдзе амаль 2 мільярды рублёў.

А на прэзыдэнцкую службу бясьпекі выдаткавалі больш як 5 мільярдаў, зь якіх амаль палову складзе "выплата льготаў і кампэнсацыяў". Яшчэ 5 зь лішкам мільярдаў каштуе ўтрыманьне адміністрацыі прэзыдэнта, дзяржаўнага сакратарыяту Савету Бясьпекі й апарату кіраўніцтва справамі.

Камітэту дзяржаўнае бясьпекі дадуць амаль 600 мільёнаў рублёў на міжнародную дзейнасьць, прычым большая частка зь іх праходзіць па артыкуле з назовам "адкрыцьцё і ўтрыманьне дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў за мяжой". Такі самы артыкул бюджэту са значна большымі сумамі мае Міністэрства замежных справаў, якое й займаецца амбасадамі й кансулятамі. Цяпер высьветлілася, што часткова беларускія замежныя прадстаўніцтвы фінансуюцца зь бюджэту КГБ.

Цэнтарвыбаркам Беларусі атрымаў толькі 84 мільёны рублёў — з гэтага вынікае, што выбараў і рэфэрэндумаў у бюджэце не заплянавана.