АБВАСТРЭНЬНЕ КАНФЛІКТУ НА БЛІЗКІМ УСХОДЗЕ

Вольга Караткевіч, Прага

Некалькі дзён Ясір Арафат маўчаў, і вось нарэшце ў нядзелю ён заклікаў палестынцаў спыніць тэракты і напады на ізраільцаў. Побач са мной мой калега Вячаслаў Ракіцкі, які адсочвае сытуацыю на Блізкім Усходзе.

(Ракіцкі: ) “Так, Арафат апошнімі днямі апынуўся пад мінамётным агнём ізраільскага войска і вусным агнём міжнароднай супольнасьці. І кіраўніцтва Злучаных Штатаў і лідэры Эўразьвязу на сваім саміце ў Бэльгіі, падкрэсьліваючы, што яны будуць мець справу з Арафатам як лідэрам палестынцаў, заклікалі яго да рашучых дзеяньняў, каб спыніліся ўсе ўзброеныя напады супраць Ізраілю. У выніку ўчора Арафат выказаўся, каб быў пакладзены канец усяму таму, што рабілася амаль 15 месяцаў змаганьня з Ізраілем: ўзброеныя напады, засады, пасткі на ўзбочынах дарогаў, і самыя разбуральныя і крывавыя з усіх дзеяньняў – бомбавыя напады тэрарыстаў-самазабойцаў на мірнае насельніцтва ў ізраільскіх гарадох. У тэлевізійным звароце, перададзеным учора зь ягонага офісу ў горадзе Рамалах, што на Заходнім Беразе Ярдану, Арафат у прыватнасьці заявіў: “Сёньня я ізноў заклікаю цалкам спыніць усе ўзброеныя дзеяньні, асабліва суіцыдныя напады, якія мы стала асуджаем”.

(Караткевіч: ) “Якой была рэакцыя Ізраілю?”

(Ракіцкі: ) “Ізраіль успрыняў зварот Арафата скептычна, заявіўшы, што ён павінен “дэмантаваць канвэер тэрарыстаў-самазабойцаў.” Прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Арыэля Шарона адказаў Арафату так: “Не рабіце дэклярацыяў, пачынайце рабіць арышты, пачынайце рабіць тое, што вы абяцалі рабіць.” Зрэшты, хоць Арафат і заявіў, што палестынская ўлада заўсёды асуджала тэракты самазабойцаў з бомбамі, што зьдзяйсьняюць экстрэмісцкія ісьлямскія групоўкі, але ўчора ён упершыню заявіў гэтак публічна, шырока”.

(Караткевіч: ) “Як успрымаецца міжнароднымі аглядальнікамі такі крок Арафата?”

(Ракіцкі: ) “Пераважна адзначаецца, што Арафат зрабіў такую заяву, бо аказаўся пад пагрозай. Так, газэта “International Herald Trribune” сёньня піша, што Арафатава заява ёсьць апошнім ўздыхам у разважаньнях, як захаваць сваю ўладу, сваё месца на магчымых будучых перамовах і магчыма нават жыцьцё. Цягам апошніх двух тыдняў ён фактычна быў у палоне ў горадзе Рамалах на Заходнім беразе. Ізраільскія танкі займалі пазыцыі ў некалькіх сотнях мэтраў ад ягоных офісаў, гелікоптэры бамбавалі зь неба, а наземныя атрады без супраціву ўрываліся на палестынскія тэрыторыі. Міжнародная прэса адзначае, што Арафат абвесьціў па-за законам тэрарыстычныя групоўкі, і што ён пакляўся, што злачынцы будуць знойдзеныя і пакараныя. Але піша, што гэтая заява ня будзе занадта важкай для ізраільскага ўраду, прэм’ер-міністар якога Арыэль Шарон назваў палестынскага лідэра лякальным эквівалентам Усамы бін Лядэна.

Зрэшты, падзеі ўжо сёньняшняга дня пацьвярджаюць гэты скептыцызам. Ужо празь некалькі гадзінаў пасьля тэлевыступу Арафата палестынцы зь мінамётаў абстралялі габрэйскае пасяленьне на поўдні Паласы Газа, на Заходнім беразе Ярдану ў горадзе Хэўрон ізраільскія вайскоўцы застрэлілі актывіста экстрэмісцкай палестынскай групоўкі "Хамас", а ў горадзе Наблус – палестынскага паліцыянта. Групоўкі “Хамас” і “Ісьлямскі джыгад”, а таксама “Народны Фронт вызваленьня Палестыны” заявілі, што ня спыняць узброенай барацьбы супраць Ізраіля. Падзеі разьвіваюцца паводле сцэнару апошніх тыдняў, пра што мы і паведамляем у выпусках навінаў”.

(Караткевіч: ) “ЗША адклікалі ў сыботу свайго пасланца на Блізкім Усходзе Энтані Зіні. Ці азначае гэта, што ягоная місія правалілася?”

(Ракіцкі: ) “Паводле дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэла, няўдача напаткала ізраільскі і палестынскія бакі, місія ж Зіні яшчэ ня скончаная. Ён па-ранейшаму застаецца адмысловым пасланцам ЗША. Генэрал Зіні будзе кансультавацца з прэзыдэнтам Бушам і дзяржсакратаром Паўэлам. Паводле Паўэла, ён вернецца назад тады, калі будзе для таго рэальная прычына”.