ЛУКАШЭНКА АДМОВІЎСЯ ПАМІЛАВАЦЬ ЮРЫЯ БАНДАЖЭЎСКАГА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сваякі Бандажэўскага сьцьвярджаюць, што ў адказе з канцылярыі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі "ляканічна паведамляецца пра тое, што просьба аб памілаваньні не задаволеная, а тлумачэньняў ніякіх няма".

Адвакат Сяргей Цурко, да якога я зьвярнуўся па камэнтар, нагадаў, што Бандажэўскі не прызнаў сябе вінаватым у судзе і не павініўся ў просьбе аб памілаваньні. Цурко не выключае, што гэтая ўпартасьць ягонага падабароннага паўплывала на рашэньне кіраўніка дзяржавы. Але пэўнага адказу на пытаньне, чаму Лукашэнка не памілаваў вядомага прафэсара, за якога заступаецца ўся Эўропа, адвакат ня ведае.

(Цурко: ) "Ня ведаю, ня ведаю. Калі ў жніўні паслы краінаў Эўразьвязу хадзілі ў наша Міністэрства замежных справаў прасіць за Бандажэўскага, ім адказалі: "Пра што гаворка? Няма ж звароту Бандажэўскага аб памілаваньні. Вось калі такі зварот будзе, тады і разгледзім". А цяпер вось такое рашэньне... Ня ведаю, чаму. Хутчэй за ўсё, гэта звычайныя гульні ўладаў", — мяркуе адвакат Бандажэўскага Сяргей Цурко.

Амаль адначасова з адмовай у памілаваньні Юры Бандажэўскі атрымаў і адказ зь Вярхоўнага Суду на скаргу на прысуд. І тут таксама адмова. Вярхоўны Суд не пажадаў пераглядаць справу Бандажэўскага і пакінуў вынесены яму прысуд бязь зьменаў.

Між тым, адвакаты Юрыя Бандажэўскага настойваюць, што прафэсар не вінаваты. Яны заяўляюць, што працэс над ім і па сутнасьці, і фармальна быў праведзены з шэрагам парушэньняў — таму справа патрабуе перагляду.

Кажа грамадзкі абаронца Бандажэўскага вядомы адвакат Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) "Мы пераканаліся, што доказаў віны Бандажэўскага ў справе няма, і сьледзтва іх суду не прадставіла. У судзе таксама доказаў не прагучала. Адны сьведкі ад сваіх паказаньняў адмовіліся, іншыя давалі паказаньні яўна пад пагрозай крымінальнага перасьледу, і такім сьведкам нельга верыць. Асабіста я лічу, што пры неперадузятым падыходзе гэтую справу немагчыма не перагледзець".

Нагадаю, прафэсар, былы рэктар Гомельскага мэдінстытуту Юры Бандажэўскі быў асуджаны да 8 гадоў турмы — нібыта за хабарніцтва. Між тым, праваабаронцы і апазыцыя ў Беларусі лічаць яго чарговай ахвярай палітычнага рэжыму. Згадваецца, што Бандажэўскі вёў актыўную барацьбу з афіцыйнай палітыкай у чарнобыльскай галіне, у прыватнасьці, сваімі дасьледаваньнямі даказваў сьмяротную шкоднасьць дозаў радыяцыі, якія атрымліваюць жыхары раёнаў, што афіцыйна прызнаныя прыдатнымі для жыцьця.

Цяпер, паводле зьвестак Гары Паганяйлы, скаргу на прысуд Бандажэўскаму павінны разгледзець у Камітэце правоў чалавека ААН, які месьціцца ў Жэнэве. Адкакат сьцьвярджае, што скарга ў Жэнэву ўжо дасланая. Паводле Паганяйлы, у выпадку станоўчага рашэньня Камітэту ААН зьявіцца фармальная падстава зноў патрабаваць ад Вярхоўнага Суду Беларусі перагляду справы Юрыя Бандажэўскага.