Сёньня Фэдэрацыя прафсаюзаў падсумавала лістападаўскія вынікі ў пытаньні заработнай платы. Вось што паведаміла на гэты конт нашаму радыё прадстаўніца сацыяльна-эканамічнай службы Фэдэрацыі Вольга Прорвіч:
(Прорвіч: ) "Паводле зьвестак на 30 лістапада, запазычанасьць вырасла. Усяго зараз ня выплацілі 51 мільярд 290 мільёнаў рублёў, ад усяго фонду заработнай платы гэта складае 11,8%. А ў мінулым месяцы гэтая лічба была толькі 9,6%. Найбольшыя даўгі на Гомельшчыне і на Магілёўшчыне, аднак ня шмат адстае ад іх і Менская вобласьць. Збольшага ўся запазычанасьць мае дачыненьне да сельскагаспадарчай вытворчасьці".
Паводле прафсаюзных зьвестак, у параўнаньні з кастрычнікам у лістападзе даўгі выраслі на 10 мільярдаў рублёў. Між тым, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў гэтыя даўгі складалі толькі каля 2 мільярдаў рублёў. Адметна, што вёска тады амаль ня мела запазычанасьцяў. Вось як патлумачыў гэта старшыня аграрнай камісіі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Генадзь Усюкевіч:
(Усюкевіч: ) "Гэта было чыстай палітыкай. Прэзыдэнт хацеў добра выглядаць. Хацеў, каб яго любілі людзі вёскі, таму прымусіў кіраўнікоў браць крэдыты. А зараз надышоў час разьлічвацца. Таму гаспадаркі ня могуць выплачваць заробкі. Гэтак будзе і надалей — да таго часу, пакуль у краіне ня будзе свабодных цэнаў, лібэральнай эканомікі.
Калі ў прамысловасьці трэцяя частка прадпрыемстваў — стратныя, то на вёсцы стратны кожны другі калгас і саўгас. А заробкі ня могуць выплачваць наогул 90% гаспадарак".
У такіх умовах, паводле словаў спадара Ўсюкевіча, улада вымушаная неадкладна шукаць грошы. Фінансавы ж дэфіцыт, як лічыць спадар Усюкевіч, будзе правакаваць Аляксандра Лукашэнку да разгортваньня рэпрэсіўнай кампаніі да старшынёўска-дырэктарскага корпусу і банкіраў.