Апошнім часам менчукі апынуліся ў той жа сытуацыі, якая ўжо доўгі час пануе ў іншых рэгіёнах Беларусі. Там хворыя, каб пакласьціся ў шпіталь, павінны самі сябе забясьпечыць ня толькі неабходнымі лекамі, але яшчэ й прынесьці сваю пасьцельную бялізну.
У менчукоў да бялізны яшчэ не дайшло, але лекі яны ўжо вымушаныя набываць самі. Гэта абурае і пацыентаў, і саміх мэдыкаў.
(Лекар: ) "Я як лекар-стаматоляг хачу сказаць, што для некаторых слаёў нашага насельніцтва вельмі цяжка атрымаць неабходную дапамогу. Час ад часу лекар вымушаны прапаноўваць свайму пацыенту прыносіць свае шпрыцы, лекі... Але гэта непрыемна, бо заўсёды ў нас мэдыцына была бясплатная, а цяпер з-за цяжкага эканамічнага становішча прыходзіцца выкручвацца. Асабліва цяжка казаць гэта пэнсіянэрам. У іх і так цяжкае фінансавае становішча, а цяпер яшчэ й плаціць за свае балячкі".
А вось меркаваньне пацыентаў:
(Пэнсіянэрка: ) "Калі мы з мужам хадзілі ў паліклінікувырываць яму зуб, нам там сказалі спачатку прынесьці шпрыц, бінт і вату. Патлумачылі, што ў іх гэтага не хапае".
(Мужчына: ) "Калі я трапіў у шпіталь, мэдыкі парэкамэндавалі мне неабходныя лекі. Аднак яны паведамілі, што зараз іх няма ў наяўнасьці. Толькі калі я набуду гэтыя лекі, мяне будуць лячыць. Такім чынам, я вымушаны быў са шпіталю паехаць у аптэку, набыць там лекі й прывезьці іх у шпіталь. Але ж гэтыя лекі ня танныя. Далёка ня кожны хворы можа іх набыць".
Нягледзячы на гэта, трапіць сёньня ў шпіталь на плянавае лячэньне ня так проста — не хапае месцаў. Бывае, што людзі некалькі тыдняў чакаюць, пакуль вызваліцца ложак. Каб зьменшыць нагрузку ў шпіталях, пры некаторых паліклініках дзейнічаюць так званыя дзённыя стацыянары. Там людзі атрымліваюць удзень неабходныя працэдуры і сыходзяць дамоў. Дактары выпісваюць ім лекі, якія хворыя самі павінны набываць у аптэках.
Такім чынам, у стацыянары бясплатна хвораму могуць толькі зрабіць укол ягонай жа вакцынай і ягоным шпрыцам, альбо нейкую іншую працэдуру. Адметная рыса дзяржаўных паліклінік — вялізныя чэргі ў кабінэты.
(Жанчына: ) "Сёньня з 12-ці гадзінаў у паліклініцы. Пакуль укол зрабіла, працэдуры... Вось у мяне талён на 13.40, а зараз 15.15 і яшчэ невядома, як хутка я зайду у кабінэт".
Дактары ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода паскардзіліся на нормы прыёму пацыентаў, якія для іх зацьвердзіла Міністэрства аховы здароўя. У адпаведнасьці зь імі, хірург павінен за зьмену прыняць 48 чалавек. На кожнага хворага паводле тых жа нормаў трэба зрабіць 27 запісаў. Мэдыкі лічаць, што, калі б зрабілі для пацыентаў платнае наведваньне, чэргі б паменшыліся й на прыём прыходзілі б толькі цяжка хворыя. Пацыенты, асабліва пэнсіянэры, катэгарычна супраць гэтага:
(Жанчына: ) "Канешне ж, не. Што ў мяне за грошы? Колькі я атрымліваю, працуючы кіроўцам? Сто дваццаць тысяч..."
(Іншая: ) "Як гэта платнае! І так няма за што жыць! Я б вельмі жадала, каб наш урад разам з палатачнікамі хаця б на месяц перайшлі на пэнсію альбо звычайны заробак. Ну, хаця б зь цікавасьці. Хай бы паглядзелі, ці можна пражыць на заробак ці на пэнсію. Гэта ж не жыцьцё, а выжываньне".
Але ўсе так ці інакш пагаджаюцца з тым, што насамрэч так званая бясплатная мэдыцына паступова зьнікла.