АБУРАНЫЯ ЗАКРЫЦЬЦЁМ РЫНКУ “БАЙКАЛЬСКІ” МЯСЦОВЫЯ ЖЫХАРЫ ПРАВЯЛІ ДРУГІ МІТЫНГ

Міхал Стэльмак, Менск

А 10-й гадзіне раніцы больш як сотня жыхароў Заводзкага раёну сабралася на тэрыторыі рынку. Рашэньне Камітэту архітэктуры, горадабудаўніцтва і землекарыстаньня Менгарвыканкаму пра закрыцьцё "Байкальскага", якое абвесьцілі два дні таму, выклікала ў іх бурны пратэст:

(Спадар: ) "Патрэбны рынак".

(Спадарыня: ) "Вельмі патрэбны. У нас робяць так, каб народу нашкодзіць".

(Мазоўка: ) "Я Мазоўка Натальля, жыву на вуліцы Алтайскай. Чаму чыноўнікі ў нас не пытаюцца, чаго мы хочам, а робяць так, як ім захочацца? Мяне гэта вельмі абурае. І наогул, на які ляд тут гэтая дарога?!"

(Арцюшэўскі: ) "Я Іван Арцюшэўскі. Закрыць рынак, як і правесьці дарогу праз Курапаты, у нашай дзяржаве — норма".

Удзельнікі мітынгу абураліся беспадстаўнасьцю рашэньня гарадзкіх уладаў. На іхную думку, насамрэч рэканструкцыя Менскай кальцавой дарогі ня мае да гэтага рашэньня ніякага дачыненьня. Паводле выказваньняў прамоўцаў, улады зачыняюць рынак таму, што хочуць зьнішчыць прыватны гандаль і скіраваць насельніцтва ў дзяржаўныя крамы, дзе харчы даражэйшыя, чымсьці на "Байкальскім". Інакш кажучы, вырашыць свае праблемы коштам шараговага люду:

(Гудзіловіч: ) "Мяне завуць Леанід Іванавіч Гудзіловіч. Я 40 гадоў адпрацаваў на трактарным заводзе".

(Спадарыня: ) "Тут жывуць людзі, на 85 адсоткаў рабочыя. Яны працуюць на трактарным, аўтазаводзе, шарыкападшыпнікавым, заводзе колавых цягачоў і гэтак далей. Таму для іх варта ствараць умовы, бо рабочая кляса ўвесь дзень на працы".

Дарэчы, пра мітынг напярэдадні паведамілі гарадзкім уладам. У Менгарвыканкам перадалі першую тысячу подпісаў жыхароў Заводзкага раёну, што выступаюць супраць закрыцьця рынку. Аднак з боку Менгарвыканкаму пакуль не было ніякай рэакцыі. Праігнаравалі прадстаўнікі ўладаў і сёньняшні мітынг пратэсту:

(Спадарыня: ) "Трэба сюды мэра гораду Паўлава, каб яны прыехалі ды пагаварылі зь людзьмі".

(Спадар:) "Мы ж іх выбіралі, дык чаму яны супраць народу выступаюць?"

(Іншы спадар: ) "Вы дарэмна выбіралі Лукашэнку".

(Спадар: ) "Дык ён жа залатыя горы абяцаў".

Удзельнікі сёньняшняй акцыі пратэсту накіравалі пісьмовы зварот у Менгарвыканкам з патрабаваньнем перагледзець рашэньне пра закрыцьцё рынку "Байкальскі".