GAZETA WYBORCZA: ПРЫЙШОЎШЫ Ў БЕЛАРУСЬ, РАСЕЙСКІ КАПІТАЛ НЕ ДАЗВОЛІЦЬ ЛУКАШЭНКУ САДЗІЦЬ У ТУРМУ СВАІХ ДЫРЭКТАРОЎ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Ахова сумеснай мяжы беларуска-расейскай дзяржавы перад пашырэньнем НАТА на ўсход – менавіта такую ролю вызначыў сваёй дзяржаве кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Аднак, бадай ніхто, акрамя самога Лукашэнкі, ня бачыў так выразна гэтага НАТАўскага монстра,” – піша ў сёньняшняй Gazecie wyborczej Цэзары Галіньскі.

Далей аўтар нагадвае, што “антызаходнюю палітыку Менск пасьлядоўна праводзіў аж да верасьня гэтага году – з рэзыдэнцыяў выкідалі заходніх амбасадараў, а з краіны – заходнія ўстановы, як, напрыклад, Фонд Сораса. На Беларусі час ад часу лавілі заходніх шпіёнаў, а апазыцыянэраў, якія кантактавалі з Захадам, называлі ня інакш як “пятай калёнай”.

“Паведамленьне аб трагедыі 11 верасьня ўвогуле не выклікала ў Менску рэакцыі салідарнасьці з атакаванай Амэрыкай. Пасьля выпадкаў у ЗША, у кіраўніцтве Беларусі амаль адчулася выразная палёгка. Толькі два дні, як мінулі прэзыдэнцкія выбары, і журналісты ды назіральнікі ўжо зьбіраліся абвінаваціць дыктатарскую ўладу ў маніпуляваньні вынікамі, як раптам Беларусь зьнікла з тэлевізійных паведамленьняў і газэтных старонак. У параўнаньні з амэрыканскай трагедыяй, выбары ў невялікай Беларусі ўжо мала каго цікавілі,” – гаворыцца у артыкуле.

Далей аўтар адзначае, што зьмены ў геапалітычнай сытуацыі пасьля 11 верасьня ўсё ж значна закранулі і Беларусь. Уладзімер Пуцін падтрымаў захады Злучаных Штатаў ў барадзьбе з тэрарызмам ды наведаў прэзыдэнта Буша. Нядаўнія ворагі зрабіліся саюзьнікамі.

“Пасьля гэтага ці патрэбны Расеі Лукашэнка, які хоча наўзамен за фінансаваньне свайго рэжыму ахоўваць Расею перад яе новымі хаўрусьнікамі – Захадам, Амэрыкай ці НАТА?” – Разважае аўтар. – “Тым больш, што як у заходнім, так і расейскім друку апошнім часам зьявілася шмат артыкулаў пра продаж Беларусьсю зброі, якая, магчыма, трапляе ў рукі тэрарыстаў, якія з дапамогай гэтай зброі забіваюць жаўнераў з краінаў-хаўрусьнікаў Пуціна.

Паводле польскіх экспэртаў зь Інстытуту Ўсходніх дасьледаваньняў, чыё меркаваньне падае далей у артыкуле Цэзары Галіньскі, для Расеі цяпер Лукашэнка становіцца вельмі нявыгадны. Беларускі кіраўнік напэўна ўжо зразумеў, што цяпер, найбольш цяжка будзе ўрэгуляваць свае стасункі нават ня з Захадам, а з новай пуцінаўскай Расеяй, бо прэзыдэнт Пуцін, у адрозьненьне ад свайго папярэдніка, найперш лічыць усе палітычныя ды грашовыя выгады ад саюзу з Лукашэнкам.

А такімі выгадамі, паводле аўтара, ёсьць хіба толькі некалькі найбольш моцных беларускіх прадпрыемстваў, да якіх расейскі капітал даўно ўжо прыглядаецца. Хутчэй за ўсё Лукашэнка будзе вымушаны аддаць гэтыя прадпрыемствы расейцам – бо час разьлічвацца за падтрымку на выбарах. Аднак, наўрад ці новыя расейскія гаспадары дазволяць яму калі заўгодна садзіць у турмы сваіх дырэктараў, як гэта Лукашэнка робіць зараз, а для яго гэта значыць – сур’ёзнае аслабленьне ўлады.

Магчыма, Беларусь паспрабуе як і Расея павярнуцца тварам да Захаду, аднак, пасьля столькіх гадоў наўмыснага псаваньня адносінаў з заходнімі краінамі, гэта ёй ня будзе лёгка зрабіць.

Такім чынам, падсумоўвае Gazeta Wyborcza, Лукашэнка апынуўся цяпер паміж молатам ды кавадлам, бо калі Пуцін вырашыць, што для Расеі зараз больш выгадна сябраваць з Захадам, дык ён можа нават запатрабаваць ад свайго беларускага хаўрусьніка адмовіцца ад шматлікіх саюзных дамоваў.

“Да каго тады зьвернецца Лукашэнка? Да АБСЭ, Рады Эўропы, Эўрапейскага Зьвязу ці можа да Злучаных Штатаў?” – гэткім рэтарычным пытаньнем завяршае свой артыкул Цэзары Галіньскі ў сёньняшнім нумары вядучага польскага штодзёньніка Gazeta Wyborcza.