У ВАШЫНГТОНЕ САМЫМ НЕБЯСЬПЕЧНЫМ КАМПУТАРНЫМ ВІРУСАМ 2001 ГОДУ НАЗВАЛІ ВІРУС “НІМДА”

Сяргей Шупа, Вільня

* НЬЮ-ЁРК. Пасьля падзеяў 11 верасьня нью-ёркскім школьнікам зноў будзе дазволена насіць у школу мабільныя тэлефоны, што было забаронена ў 1988 годзе. У клясе тэлефоны мусяць быць выключаныя, імі можна будзе карыстацца толькі каб патэлефанаваць бацькам у выпадках крайняй неабходнасьці. Забарона на камунікацыйныя прылады 1988 году была ўведзеная з мэтай спыненьня злачыннай дзейнасьці, накшталт продажу наркотыкаў у школе.

* САН-ФРАНЦЫСКА. Судзьдзя фэдэральнага суду ў Каліфорніі прызначыў на 15 красавіка працяг слуханьня ў справе Дзьмітрыя Склярава, расейскага праграміста, абвінавачванага ў парушэньні амэрыканскага закону аб аўтарскім праве. 27-гадовы Скляраў стварыў праграму, якая дазваляе абыйсьці аўтарскую ахову пры чытаньні электронных кніг, што дазваляе бясплатна капіяваць, выдрукоўваць і перасылаць гэтыя кнігі. Скляраў быў арыштаваны ў ліпені сёлета падчас дэманстрацыі праграмы на зьезьдзе хакераў DefCon у Лас Вэгасе, аднак пасьля выпушчаны пад заруку 50 тысячаў даляраў.

* ЛЁНДАН. Паводле вынікаў праведзенага ў Вялікабрытаніі сацыялягічнага дасьледаваньня, людзі, што карыстаюцца Інтэрнэтам, значна больш сацыяльна актыўныя і схільныя да грамадзкай працы, чым тыя, хто ніколі ім не карыстаецца. Падарожнікі ў Інтэрнэце зусім не адварочваюцца ад сям’і і сяброў, каб бавіць час пры кампутары — яны проста значна менш часу глядзяць тэлевізар.

* ЕРУСАЛІМ. Ізраільскія навукоўцы распрацавалі прынцып гэтак званага «біялягічнага кампутара», памерам з кроплю вады. У ім у якасьці «хардвэру» ўжываюцца фэрмэнты клетак, а «софтвэру» — малекулы ДНК. Такі «кампутар», які складаецца з трыльёну жывых клетак, можа некалі выкарыстоўвацца як аўтаматычны доктар унутры пацыента. Трыльён клетак, дзейнічаючы разам, могуць выконваць да мільярду апэрацыяў у сэкунду, спажываючы мінімальную колькасьць энэргіі.

* ВАШЫНГТОН. Вытворца антывірусных праграмаў фірма Sophos назвала самым небясьпечным кампутарным вірусам 2001 году вірус «Німда». Вірусы «Німда» і «Сіркам» склалі за год палову ўсіх выпадкаў заражэньня кампутараў. Усяго за год было зарэгістравана 11 160 новых вірусаў, «чарвякоў» і «траянскіх коней». Тым часам апошнімі днямі зьявіўся новы вірус — «траянскі конь» BadTrans, якія фіксуе ўсе націскі кнопак на клявіятуры, што дазваляе выведваць паролі і нумары крэдытных картак ахвяры. Чакаецца, што ў 2002 годзе актыўнасьць стваральнікаў вірусаў павялічыцца яшчэ болей.

* ЛЁНДАН. Як паказалі дасьледаваньні Лёнданскай Школы Эканомікі, 90 працэнтаў дзяцей ад 8 да 16 гадоў бачылі ў Інтэрнэце парнаграфію. У бальшыні выпадкаў дзеці натыкаліся на парнаграфічныя старонкі выпадкова, шукаючы зусім іншую інфармацыю. Аднак аўтар дасьледаваньня псыхоляг Соня Лівінгстон лічыць, што ня трэба перабольшваць небясьпеку Інтэрнэту і абмяжоўваць доступ да яго дзяцей. У бальшыні выпадкаў дзеці, выпадкова натрапіўшы на парнаграфічную старонку, адразу яе зачыняюць. У гэтым сэнсе Інтэрнэт ня больш небясьпечны, чым звычайны сьвет вакол дзіцяці.

* СІНГАПУР. У Сінгапуры распрацаваныя боты, якія ахоўваюць ад выбуху супрацьпяхотных мінаў. Боты маюць мэталічную падэшву і зробленыя зь некалькіх пластоў куленепрабіўнай тканіны. Падчас выпрабаваньняў, праведзеных брытанскімі вайскоўцамі, боты вытрымалі выбух міны з зарадам 70 грамаў тратылавага эквіваленту, пры гэтым асколкі не прабілі падэшву. Супрацьмінныя боты ўжо пастачаюцца ў Гішпанію, Турцыю, Шры Ланку, Савудаўскую Арабію і Злучаныя Штаты.