ЧЫМ ГАМЕЛЬЧУКІ ЗАСЛУЖЫЛІ ЎЗНАГАРОДЫ ЛУКАШЭНКІ?

Казімер Яноўскі, Гомель

Лукашэнка таксама ўручыў Ордэн Пашаны кіраўніку Гомельскага абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Валерыю Ключановічу і прызначыў яго намесьнікам міністра аховы здароўя, а таксама галоўным дзяржаўным санітарным лекарам краіны.

Валерыя Ключановіча Лукашэнка ганараваў Ордэнам Пашаны разам са старшынём аблвыканкаму Аляксандрам Якабсонам, як сказана ва ўказе, "за значны ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё рэспублікі, стварэньне рэальных умоваў для падвышэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва і эканамічнай бясьпекі краіны, добрасумленнае выкананьне службовых абавязкаў".

Што дадалі да эканамічнай бясьпекі краіны згаданыя асобы, сказаць цяжка. Вядома толькі, што сёлета за тры кварталы Гомельская вобласьць ня выканала бюджэтны плян. Астранамічных лічбаў дасягнулі даўгі за энэрганосьбіты. Хранічна не выплачваецца заробак у сельскай гаспадарцы і шэрагу прамысловых прадпрыемстваў.

Аднак вобласьць паказала найлепшы вынік падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле афіцыйных зьвестак, 85% выбаршчыкаў рэгіёну, што прыйшлі на ўчасткі, прагаласавалі за Аляксандра Лукашэнку. Гэта на 10% болей, чымсьці ў сярэднім у краіне. І, пэўна ж, сапраўды ёсьць тут заслуга спадара Якабсона, а тым больш Валерыя Ключановіча, які быў тады старшынём абласной камісіі.

Калі глядзець надалей сьпіс ганараваных, то сярод іх мы ўбачым прозьвішча старшыні Веткаўскага райвыканкаму Аляксандра Баранава, адзначанага мэдалём "За працоўныя заслугі". І зноў-такі цікавае супадзеньне. Менавіта Веткаўскі раён даў рэкордны паказчык галасоў за Аляксандра Лукашэнку — 95,81%.

Мэдалямі "За працоўныя заслугі" ганараваныя намесьніцы старшыняў Сьветлагорскага гарвыканкаму і Рагачоўскага райвыканкаму спадарыні Кавалёва і Ястрэмская. Акурат яны кіравалі і мясцовымі выбарчымі камісіямі.

Падзякі Лукашэнкі атрымалі ягоныя давераныя асобы ў рэгіёне — дырэктар "Гомсельмашу" Валеры Жмайлік, дырэктар сельгаспрадпрыемства "Брылёва" Аркадзь Кобрусеў, а таксама кіраўнікі выбарчых камісіяў зь Петрыкаву, Чачэрску, шмат якія іншыя "вэртыкальшчыкі" раённага ўзроўню, дзе вынікі выбараў асабліва высокія на карысьць кіраўніка дзяржавы.

Можна прыгадаць і такі факт. Адразу пасьля выбараў Аляксандар Лукашэнка падвысіў свайго прадстаўніка ў рэгіёне Леаніда Глухоўскага з палкоўніка міліцыі да генэрал-маёра, а намесьніка старшыні аблвыканкаму Сяргея Сідорскага забраў ва ўрад віцэ-прэм'ерам.

Начальнік управы КГБ Мікалай Караткевіч, чые супрацоўнікі сканфіскавалі кампутары ў грамадзкіх арганізацыяў, што назіралі за выбарамі, атрымаў пасаду намесьніка дзяржсакратара Савету Бясьпекі краіны.