Трагедыя ў сям'і Коласавых здарылася паўтара года таму: 26-гадовая дачка Алена пасьля аўтааварыі засталася паралізаваная. Увесь гэты час маці была ля ложка, спадзявалася хоць неяк аблегчыць пакуты свайго дзіцяці. Спробы сабраць грошы на апэрацыю за мяжой жаданага выніку не прынесьлі: замест неабходных 20 тысяч марак на адмысловы рахунак прыйшло толькі 800 даляраў.
Нядаўна, беручы ўдзел у праграме расейскага канала ОРТ "Здароўе" Сьвятлана Коласава сказала: калі беларуская дзяржава не дазволіць у іхным выпадку эўтаназію, з гэтага жыцьця яны заўчасна адыдуць абедзьве. Сёньня для Радыё Свабода яна пацьвердзіла, што іншых варыянтаў ня бачыць.
(Коласава: ) "Шчыра кажучы, мы вельмі стаміліся. Калі ня ведаеш: чаго шукаць і дзе, то які сэнс шукаць? Гэта першае. Па-другое, догляд хворага — гэта грошы. Акрамя мяне, больш глядзець дачку няма каму. Я наўпрост сутыкнулася з пазыцыяй: гэта ваша праблема, вы яе і вырашайце. Таму ў такой сытуацыі кожны павінен вызначаць сам свой лёс. Асабліва, калі чалавек нават не існуе, а курчыцца ад болю.
Я пра эўтаназію сур'ёзна думаю. На ўзроўні дзяржаўнага закону яна патрэбная. Не для ўсіх людзей — навошта? Але для некаторых іншага варыянту не існуе. У той жа Галяндыі чалавек, калі стаіць перад выбарам, дык ніхто на яго ня ўзьдзейнічае, ён усё вырашае сам. І гэтая форма, па-мойму, самая правільная".
Пакуль ніякай схемы добраахвотнага адыходу з жыцьця не існуе, разьлічваць на адэкватнае разуменьне такога кроку не даводзіцца. Юрыдычна сумясьціць клятву Гіпакрата, Крымінальны кодэкс (асабліва ў частцы наўмыснага забойства) і фактычнае забойства дзеля зьмяншэньня пакутаў — такой прававой падставы няма. Ці можна пытаньне вырашыць, прыкладам, шляхам рэфэрэндуму? Гаворыць юрыст Юры Зімін:
(Зімін: ) "З аднаго боку — абавязак лекараў змагацца за жыцьцё да апошняга, зь іншага — існуе крымінальная адказнасьць за наўмыснае забойства. Што тычыцца рэфэрэндуму, то ў нас ім адно толькі мяняюць Канстытуцыю. А ў Канстытуцыю такую папраўку наўрад ці могуць занесьці. Далей усё йдзе паводле герархіі: можна ўвесьці норму закону прэзыдэнцкім дэкрэтам. Потым можна ўвесьці ўказам. Далей ужо Крымінальны кодэкс, пэўныя зьмены ў якім можа ініцыяваць Нацыянальны сход. У Канстытуцыі сказана, што кожны мае права на жыцьцё, абарону жыцьця, але гэта хутчэй за ўсё толькі дэклярацыі".
У Міністэрстве аховы здароўя магчымасьці эўтаназіі ў Беларусі нават не дапускаюць. Вось меркаваньне кіраўніка ўпраўленьня лячэбна-прафіляктычнай працы Аляксандра Цыбіна:
(Цыбін: ) "Я ня буду распавядаць пра нейкі асабісты досьвед, бо ў мяне як у лекара рука на такое не падымецца. А потым міжнародная практыка, за выключэньнем адзінай краіны — Галяндыі, на такое не пайшла. А гэта калектыўны розум цывілізацыі, гэта ня прыхамаць дактароў, якія не жадаюць забіваць. Сытуацыя мае характар праблемнай — гэта так, але ў кожным канкрэтным выпадку на першы плян выносяцца інтарэсы жыцьця, а ня сьмерці. Хтосьці зьвяртаецца да веры, іншыя — да розуму, матэрыялізму, але ніхто ўголас, апроч Галяндыі, не заклікаў да сякеры. Да таго ж, у нас ёсьць юрыдычныя нормы, якія забараняюць замах на жыцьцё".
І зусім нэгатыўна ставяцца да такога спосабу разьвітаньня з жыцьцём вернікі. У гэтым пытаньні няма разнагалосься і ў каталікоў, і ў праваслаўных: жыцьцё ёсьць дарам Божым. І ніхто ня мае права ім распараджацца, апроч Бога.