СЁНЬНЯ Ў ГОМЕЛІ ПАЧАЛІ СУДЗІЦЬ БЫЛОГА НАМЕСЬНІКА ГЕНДЫРЭКТАРА “ХІМВАЛАКНА” ЗА ХАБАР

Казімер Яноўскі, Гомель

У суд былога кіраўніка сьветлагорскага “Хімвалакна” прывяла ягоная сястра. Спадар Надзеждзін апошнім часам знаходзіўся не за кратамі ізалятару, а пад хатнім арыштам. Два з паловай месяцы таму з-за зроку мэдыкі прызналі яго інвалідам 1 групы.

Зачытаныя ў судзе пракурорам Літошкам абвінавачваньні сьледзтва ў хабарніцтве, Валер Надзеждзін прызнаў толькі часткова. Распавёў суду, што сапраўды атрымаў ад нямецкіх партнэраў аб'яднаньня “Хімвалакно” 101 тысячу нямецкіх марак і 13 з паловай тысячаў даляраў.

Валютны хабар ад маскоўскага прадстаўніцтва замежнай фірмы, што пастаўляла ў Сьветлагорск розныя хімічныя рэчывы, і пакупку за валюту трохпакаёвай кватэры ў сталіцы Расеі, спадар Надзеждзін адмаўляе. Спасылаецца, што купіла кватэру ў Маскве ягоная цешча.

Не абвяргае Надзеждзін і факт прысваеньня грошай у выглядзе камандзіровачных расходаў у Расею. Будучы камандзіраваным у Маскву нібыта з нагоды службовых справаў, намесьнік генэральнага дырэктара насамрэч лётаў у Нямеччыну, дзе таксама атрымліваў хабар.

Праўда, сам Надзеждзін гэта хабарам ня лічыць, а называе падзякай за добрую працу паводле заходніх звычаяў.

У абвінавальніцкіх высновах сьледзтва ў дачыненьні былога намесьніка генэральнага дырэктара не закраналіся ўмовы і асобы, што стварылі своеасаблівы дах над сьветлагорскім “Хімвалакном” і, па сутнасьці, спрыялі злоўжыванням.

З кампэтэнтных крыніцаў стала вядома, што да гэтага спрычыняліся нават асобныя высокія міліцэйскія чыноўнікі. Крадзяжы тут працягваліся і пасьля затрыманьня Надзеждзіна.

Прынамсі, нядаўна супрацоўнікі рэспубліканскіх праваахоўчых органаў арыштавалі ў аб'яднаньні начальніка аддзелу зьнешнеэканамічных стасункаў Сяргея Салагука і ягонага намесьніка Уладзімера Елістратава. Яны патрапілі пад падазрэньне ў тым, што разам зь яшчэ чатырма памагатымі шляхам махінацыяў скралі ў аб'яднаньня звыш 1 мільёна даляраў ЗША. Гэта, напэўна, своеасаблівы рэкорд у ашуканьні свайго прадпрыемства.