У ШКЛОВЕ ВЫМУСІЛІ ЗВОЛЬНІЦЦА З ПАСАДЫ ДЫРЭКТАРА ЖЫЛЬЛЁВА-КУМУНАЛЬНАЙ ГАСПАДАРКІ ЛІДЭРА МЯСЦОВАЙ ФІЛІІ БНФ

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Папрок у бок дырэктара жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Шклоўскага раёну з боку прадстаўнікоў улады гучалі даўно, яшчэ з 1995 году. Менавіта тады яго абралі старшынём мясцовай арганізацы Фронту, а ў наступным годзе ён увайшоў у склад Сойму.

Аднак ягоная актыўная палітычная дзейнасьць ніяк не паўплывала на працу. Наадварот, у спаборніцтве па эксплюатацыі жыльля летась жыльлёва-камунальная гаспадарка Шклоўскага раёну заняла першае месца ў Магілёўскай вобласьці і другое ў краіне. Тым ня менш, кіраўнік раённай вэртыкалі неаднаразова спрабавалі звольніць яго з працы, але нічога з гэтага ў іх не атрымвалася. Спадар Костусеў катэгарычна адмаўляўся напісаць заяву пра звальненьне з
працы па асабістым жаданьні. Ціск асабліва ўзмацніўся пасьля таго, як Рыгор Костусеў стаў старшынём раённай ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша. Зразумеўшы, што ён добараахвотна не пакіне працы, чынавенства паспрабавала адхіліць яго ад пасады пад выглядам рэарганізацыі гаспадаркі па наступным сцэнары. Камунальную службу абласнога падпарадкаваньня, рамонтна-будаўнічую ўправу перадалі раёну і вырашылі аб’яднаць яе зь мясцовай жыльлёва-камунальнай гаспадаркай. У выніку гаспадарка набыла новы статус, а яе дырэктарам прызначылі начальніка гэтага
ж упраўленьня. Спадару Костусеву прапанавалі пасаду галоўнага мэханіка, з чым ён ня мог пагадзіцца. Так, у жыльлёва-камунальнай гаспадарцы Шклоўскага раёну працавала звыш пяцісот чалавек, а ўпраўленьне аб’ядноўвала 46 чалавек. Незадавальненьне выказалі супрацоўнікі гаспадаркі, якія накіравалі ліст пратэсту ў райвыканкам. Гэта падштурхнула спадара Костусева да звальненьня з працы. Вось як ён пракаментаваў сваё звальненьне:

(Костусеў: ) “Мне намякнулі, што я павінен сысьці з гэтацй пасады, і калі я не пагадзіўся сысьці, на мяне пачалі зьбіраць кампрамат. Дайшло да таго, што мне некалькі разоў адкрыта сказалі, што ты павінен сысьці і прапанавалі пасаду галоўнага мэханіка гэтай арганізацыі. Зь цягам часу я не вытрымаў і напісаў заяву па ўласным жаданьні ды зусім сышоў з гэтай пасады, бо працаваць стала немагчыма”.

Сказаў Рыгор Костусеў, старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту.