ДЗЕ Ў БЕЛАРУСКІМ ІНТЭРНЭЦЕ ЗНАЙСЬЦІ ХАТНІЯ ТЭЛЕФОНЫ, ЗАКОН АБ КІБЭРЗЛАЧЫНСТВАХ ДЫ ІНШАЕ

Віталь Цыганкоў, Прага

Дзе ў беларускім Інтэрнэце знайсьці хатнія тэлефоны, эўрапейскі закон аб кібэрзлачынствах ды іншае.

Эфір 11 лістапада

Тэмы праграмы: эўрапейскі закон аб кібэрзлачынствах, дзе ў беларускім Інтэрнэце знайсьці хатнія тэлефоны, менская выстава пэрспэктыўных тэхналёгіяў ды новы твар "Беларускай палічкі".

Удзельнікі: Андрусь Жьвір, Альбэрт Пятроўскі, Аляксей Пацёмкін

(Цыганкоў: ) “У чацьвер 8 лістапада Рада Эўропы прыняла першы ў гісторыі закон аб кібэрзлачыннасьці. Паводле гэтай Канвэнцыі, ва ўсіх 43-ох краінах, што ўваходзяць у Раду цяпер злачынствам будзе лічыцца выкарыстаньне Сеціва для распаўсюджваньня дзіцячай парнаграфіі, махлярства ды іншых парушэньняў.

Краіны Эўропы таксама заабавязваюцца выдаваць адна адной людзей, якія падазраюцца ў кібэрзлачынствах. Канвэнцыя ўжо зацьверджаная Саветам Міністраў Рады Эўропы і будзе афіцыйна падпісаная 23 лістапада. Каб закон уступіў у сілу, яго павінна ратыфікаваць як мінімум 5 дзяржаваў.

“Гэта наш адказ на дзеяньні злачынцаў, якія ўсё часьцей выкарыстоўваюць Інтэрнэт. Наша дамова прадугледжвае права паліцыі ў краіне Рады Эўропы перахопліваць электронную пошту тых, каго падазраюць у парушэньнях,” – паведаміў агенцыі Reuter адзін з прадстаўнікоў Рады. Мяркуецца, што да Канвэнцыі будуць неўзабаве прынятыя дадаткі пра тое, што злачынствам будзе лічыцца, сярод іншага, і стварэньне ў Інтэрнэце нацысцкіх сайтаў.

Беларусь, нагадаю, не ўваходзіць у Раду Эўропы, і пакуль кампутарныя злачынствы амаль ніяк не рэгулююца беларускім заканадаўствам.

На гэтым тыдні ў Менску праходзіла 3-я міжнародная спэцыялізаваная выстава "Пэрспэктыўныя тэхналёгіі і сыстэмы 2001". Яна сабрала вытворцаў кампутарнай тэхнікі і сродкаў камунікацыі зь 10 краінаў сьвету. Сэнсацыяй выставы павінна была стаць прэзэнтацыя дасьледчага ўзору расейска-беларускага супэркампутара "Скіф". Створаны паводле праграмы “саюзнай дзяржавы” прататып кампутара сапраўды паказалі ня толькі адмыслоўцам, але і шараговым наведвальнікам. Аднак ці можна яго лічыць сэнсацыяй? Адказ на гэтае пытаньне шукаў наш менскі карэспандэнт Ягор Маёрчык.

(Маёрчык: ) “Як выглядае суперкампутар?” – запытаецеся вы. Вонкава вельмі падобны на шафу. Па амерах як дзьве лядоўні. У рэклямным буклеце напісана, што працуе ён на 32 працэсарах. Апэратыўная памяць – 8, а дыскавая прастора – 160 гігабайтаў. Можа выконваць да 20 мільярдаў апэрацыяў за адну сэкунду. Пры ягонай хуткасьці магчыма прадказваць надвор'е, распрацоўваць мэдычныя прэпараты і праводзіць астранамічныя разьлікі.

Можна было б чакаць, што яшчэ да зьяўленьня расейска-беларускага супэркампутара мэдыкі і астраномы стануць у чаргу за мі. Гэтага не адбылося. Каардынатар групы распрацоўшчыкаў Альбэрт Пятроўскі толькі называе ўстановы, якія, магчыма, набудуць яго:

(Пятроўскі: ) "Такія працы ўжо праводзяцца зь Менгарвыканкамам, цікавяцца і прадстаўнікі банкаўскіх сыстэмаў, дасьледчыя цэнтры, зьвязаныя з праектаваньнем хімічных рэактараў, рознымі разьлікамі, рашэньнем задач у рэальным часе. Што да гэтак званага далёкага замежжа, то, мяркую, шанец ёсьць, улічваючы розьніцу ў кошце".

Аўтары "Скіфу" падкрэсьліваюць, што ён будзе каштаваць 100 тысячаў даляраў ЗША ў той час, як амэрыканскія аналягі – у 5 разоў болей. Як будуць дзяліць прыбытак ад продажу беларускія распарацоўшчыкі і Расея, якая фінансавала праект? На гэтае пытаньне беларускія прадстаўнікі адказаць пакуль ня могуць. Пра іншыя выгоды для Беларусі ад зьяўленьне "Скіфу" яны таксама маўчаць.

Зрэшты, сам факт прэзэнтацыі дасьледчага ўзору заслугоўвае ўвагі. Звычайна супэркампутар – гэта ня той экспанат выставы, які можна памацаць рукамі шараговы наведвальнік. А ў дадзеным выпадку тэрмінова сабраны за 4 месяцы прататып штучна зрабілі цэнтральнай падзеяй міжнароднай выставы. Ва ўсім гэтым ёсьць палітычны падтэкст.

Разрэклямаваныя выгоды ад інтэграцыі Беларусі і Расеі ў прамысловасьці, ды й ня толькі ў ёй, аказаліся пустымі абяцанкамі. Яшчэ да свайго нараджэньня памерлі праграмы "Саюзны тэлевізар" і "БелРусАўта". "Скіф" жа – гэта своеасаблівы паратунак. Цяпер шараговаму грамадзяніну ў адказ на ягонае пытаньне, якую карысьць прынесла інтэграцыя, будуць згадваць супэркампутар і казаць, што ён якраз і ёсьць яе рэальным вынікам”.

(Цыганкоў: ) “Не сакрэт, што многія бізнэсоўцы ў Беларусі разглядаюць Інтэрнэт пакуль што як нейкую цацку – нібыта прэстыжную, але па сутнасьці малапатрэбную і малапрымяняльную. Ці можа беларускі Інтэрнэт-праект прыносіць прыбытак ужо зараз? Гэтае пытаньне мы закраналі ў размове з нашым наступным суразмоўцам Аляксеем Пацёмкіным, кіраўніком Інтэрнэт-праекту “Менскі гарадзкі партал” (www.minsk2000to). Гэты сайт добра вядомы многім беларускім журналістам найперш дзякуючы свайму телефоннаму даведніку. Набраўшы прозьвішча і ініцыялы патрэбнага вам жыхара Менску, вы можаце знайсьці ягоны хатні тэлефон. Пры гэтым тут выключэньнем не зьяўляюцца нават высокія чыноўнікі. Некаторыя журналісты з Расеі ды Ўкраіны пры мне зьдзіўляліся, што ў беларускім Інтэрнэце ёсьць такая інфармацыя. Як удаецца ў такой закрытай краіне, як Беларусь, мець такую інфармацыю і ці не было нейкіх прэтэнзіяў з боку ўлады з гэтай нагоды. З гэтага пытаньня пачалася нашая размова з Аляксеем Пацёмкіным.

(Пацёмкін: ) “Я быў бы ўвогуле вельмі рады, калі б у мяне ўзьніклі якія-небудзь праблемы з уладай з нагоды гэтага даведніка. На жаль, ніякіх праблемаў з гэтай нагоды не ўзьнікла. Сам гэты даведнік можа быць толькі таму, што Беларусь – краіна не зачыненая, як некаторыя мяркуюць, а краіна бесталковая. Натуральна, у нармальным грамадзтве такая інфармацыя павінна быць інфармацыяй для службовага карыстаньня, і каналы яе распаўсюджваньня павінны дастаткова жорстка кантралявацца”.

(Цыганкоў: ) “Дарэчы, як паведаміў Пацёмкін, днямі ягоны сайт заключыў дамову з “Менгардаведкай”, і на www.minsk2000.to будзе афіцыйны сайт Менгардаведкі, якая будзе аказваць платныя паслугі па пошуку людзей. Зрэшты, www.minsk2000.to – гэта ня толькі тэлефонны даведнік, гэта яшчэ і фотаальбом старога Менску і рэпэртуп тэатраў, і агляды мастацкіх выставаў, выкананыя на беларускай мове”.

(Пацёмкін: ) “Мэта праекту дастаткова выразна дэкляраваная на самім сайце – гэта ў ідэале стварэньне інфармацыйнага менскага цэнтру. Зрабіць гэта складана па дзьвюх прычынах – па-першае, праблема з фінансаваньнем (пакуль праект разьвіваецца як некамэрцыйны), а па-другое, як ні дзіўна, пры вялікім інтарэсе людзей да інфармацыі, якая ёсьць на сайце, вялікія складанасьці ўзьнікаюць якраз з атрыманьнем гэтай інфармацыі. Часам для таго, каб бясплатна разьмясьціць інфармацыю ад нейкай арганізацыі, трэба яшчэ за імі пабегаць і іх угаворваць”.

(Цыганкоў: ) “Сапраўды, беларускі Інтэрнэт дасюль застаецца справай адзіночак-энтузіястаў. А людзі, якія павінны ў першую чаргу быць зацікаўленыя ў Інтэрнэт-паслугах, яшчэ не разумеюць перавагаў Сеціва. Зрэшты, Аляксей Пацёмкін не настолькі песымістычны”.

(Пацёмкін: ) “Ня так усё ў нас дрэнна, як здавалася б. Праўда, вось мой партнэр крычыць, што ўсё значна горш. Усё горшае адносіцца да вельмі вялікай інэрцыі мысьленьня, а зь іншага боку, да таго, што сама ідэя працы ў Інтэрнэце моцна дыскрэдытавала дылетанцкімі спробамі яе рэалізаваць на ранейшых этапах разьвіцьця. І калі мы спрабуем працаваць сур’ёзна, даводзіцца пераадольваць бар’ер недаверу”.

(Цыганкоў: ) “На гэтым тыдні зьмяніла свой дызайн “Беларуская палічка” – адзін з самых вядомых беларускіх сайтаў і самая багатая беларуская кнігарня ў Інтэрнэце. Новы дызайн вельмі прывабны, можна сказаць, стылёвы і ўжо выклікаў шэраг станоўчых водгукаў сярод карыстальнікаў Сеціва. Да таго ж, як высьветлілася, гэта не апошнія зьмены ў віртуальнай кнігарні. Распавядае аўтар “Беларускай палічкі” Андрусь Жвір.

(Жвір: ) “Палічка” стала нашмат прыгажэй выглядаць, чым раней. Шмат хто кажа, што дызайн проста зьявіўся, бо яго раней увогуле не было. Але акрамя дызайну, зьявілася шмат іншых рэчаў. У прыватнасьці, пошук – зараз можна шукаць слова ці фразу ва ўсіх тэкстах, якія зьмешчаныя на “палічцы”, што вельмі зручна для наведнікаў. Неўзабаве зьявіцца некалькі вельмі цікавых тэкстаў, у прыватнасьці, перакалад казкі Льюіса Кэрала “Алісіны прыгоды ў дзівоснай краіне”. Яе пераклаў Максім Шчур, і гэты пераклад яшчэ нідзе не друкаваўся”.

(Цыганкоў: ) “Пасьля абнаўленьня ці павялічылася колькасьць наведнікаў? Як увогуле колькасьць наведнікаў на “Палічцы” у параўнаньні зь іншымі беларускімі Інтэрнэт-рэсурсамі?”

(Жвір: ) “У разьдзеле “Культура і мастацтва” рэйтынгу “Акавіта” мы як і раней працягваем займаць першае месца. Да нас людзі прыходяць, мабыць, ня так часта – бяруць кнігу, і пакуль яны прачытаюць, потым заходзяць зноў да нас.

Пасьля абнаўленьня колькасьць наведнікаў пакуль не павялічылася так моцна – мы проста абнавілі дызайн, але пакуль яшчэ не рэклямавалі сабе. Неўзабаве будуць зробленыя некаторыя цікавыя маркетынгавыя крокі, але я пакуль не хацеў бы пра гэта распавядаць”.

(Цыганкоў: ) “Сайт “Беларуская палічка” стаў своеасаблівым парталам беларускай кнігі ў Інтэрнэце. Ці вы думаеце разьвівацца ў гэтым накірунку альбо бачыце нейкую столь, нейкую мяжу, пасьля якой трэба будзе пашырацца тэматычна і шукаць новыя магчымасьці для разьвіцьця?”

(Жвір: ) “Пляны ў нас грандыёзныя, дай Божа, каб усё гэта ў нас атрымалася. Напрыклад, неўзабаве зьявіцца каляндарык, прысьвечаны падзеям гісторыі Беларусі. Плянуем супрацоўніцтва з беларускімі выдавецтвамі, каб яны дасылалі нам інфармацыю і рэкляму на кнігі, якія будуць ці былі ўжо выдадзеныя.

Мы ўвядзем рэйтынг на самой “Беларускай палічцы”. Зараз мы выставілі там 5 твораў, якія найбольш наведвальныя на дадзены момант, але ў будучыні кожны наведнік здолее кожны твор па-свойму ацэньваць, і гэты рэйтынг будзе фармавацца самімі чытачамі”.