ЛЯГЕР АБАРОНЦАЎ РАЗАГНАНЫ, КРЫЖЫ ПАВАЛЕНЫЯ І ЗЬВЕЗЕНЫЯ НА СЬМЕТНІК

Ганна Соусь, Менск

(Абакунчык: ) "Ёсьць заключэньне і дырэктара Інстытута гісторыі прафэсара Сташкевіча, і кіраўніка работ Іова. Калі вы за дзесяць хвілін не прыбераце ўсіх перашкодаў, што замінаюць работам, мы вымушаныя будзем узяць захады прымусовага характару. Вось — час пайшоў".

(Хлопец: ) "Чакайце — калі мы нічога не прыбіраем, то што здарыцца?"

(Абакунчык: ) "Ёсьць адміністрацыйная адказнасьць — за пікетаваньне".

На той момант у Курапатах ужо знаходзілася некалькі соцень міліцыянтаў. Усё, што адбывалася далей, яны здымалі на відэкамэры. Да Курапатаў падагналі будаўнічую тэхніку. Празь дзесяць хвілінаў будаўнікі пачалі прыбіраць крыжы. Адразу за імі ехалі бульдозэры.

На той момант у Курапатах было ўсяго зь дзясятак людзей. Многія былі разгубленыя. Дзяўчына Каця проста плакала:

(Каця: ) "Ну як яны маглі гэта зрабіць? Я не разумею... Як у іх магло сумленьня хапіць гэткае зрабіць? Няўжо яны не разумеюць, тут людзі пахаваныя..."

Я падышла да будаўнікоў, што валілі крыжы.

(Карэспандэнтка: ) "Што вы адчувалі, калі крыжы здымалі?"

(Будаўнік: ) "А нічога, нам сказалі — у нас работа".

Сябар руху "Зубр" Яраслаў Сьцешык спрабаваў спыніць будаўнікоў, ён схапіўся за крыж, на які ехаў бульдозэр і не адыходзіў ад яго. Яраслава Сьцешыка адразу схапілі нейкія людзі ў цывільным, заламілі рукі, кінулі тварам у зямлю ды пачалі біць. Ад некаторых зь іх сыходзіў пах сьпіртнога.

Спрабаваў спыніць тэхніку й сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо.

(Юхо: ) "Мой дзед пахаваны тут!"

(Людзі: ) "Ды пусьціце яго, што вы яго трымаеце! Пусьціце чалавека!"

(Міліцыянт: ) "Ты супакойся, а! Адыдзі!"

(Іншы: ) "Так, усе адышлі!"

(Юхо: ) "Вось тут я паставіў свайму дзеду крыж! Мой бацька інвалід Вялікай айчыннай вайны, у 1941-м прыняў бой пад Беластокам! Дзед мой пахаваны тут, я паставіў яму крыж!"

(Міліцыянт: ) "Усе адышлі!"

(Людзі: ) "Адпусьціце яго! Што вы робіце! Фашысты! Вас усе праклянуць, усе! Дзеці, унукі праклянуць!"

Уладзімера Юхо зьбілі амонаўцы і занесьлі ў міліцэйскі аўтобус.

Я паспрабавала зьвярнуцца да міліцыянтаў па тлумачэньні й атрымала наступны адказ:

(Міліцыянт: ) "Ды мы ня слухаем вас — мы глуханямыя".

На той момант у Курапатах ужо знаходзілася каля ста чалавек. Сюды прыехалі апазыцыйныя палітыкі, грамадзкія дзеячы, простыя людзі. Але хутка міліцыянты перагарадзілі дарогу, і трапіць у Курапаты было ўжо немагчыма. Неўзабаве некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі на дарогу і зрабілі жывы ланцуг, каб не дазволіць праехаць будаўнічай тэхніцы. У ланцугу былі Вячаслаў Сіўчык, Зьміцер Бандарэнка, Ірына Жыхар, Павал Севярынец, сябры Беларускай партыі Свабоды, Маладога Фронту і "Зубра".

(Галасы: ) "Жыве Беларусь! Жыве! Жыве Беларусь! Рукі прэч ад Курапатаў!"

Адразу пасьля гэтага амонаўцы пачалі зьбіваць гэтых людзей. Я бачыла, як білі й кідалі тварам у бруд мастака Рыгора Кійко, а потым яго, усяго ў крыві, вялі да міліцэйскага аўтобуса. Зьбілі Вячаслава Бандарэнку, Аляксея Талстова ды іншых. Затрымалі неккалькі дзясяткаў чалавек.

Далей амонаўцы пачалі валіць вайсковы намёт, а каб ім не перашкаджалі людзі, што яшчэ заставаліся ў Курапатах, выкарысталі атрутны газ. Сымбалічна, што ў 1988 годзе ўсё пачыналася ў Курапатах з газу "Черёмуха", а ў 2001 — менавіта газам скончылася змаганьне за Курапаты.

Кругласутачнае дзяжурства ў Курапатах доўжылася 46 дзён.