ВЯДОМЫ БЕЛАРУСКІ СЬПЯВАК ЯРАСЛАЎ ЕЎДАКІМАЎ АДМОВІЎСЯ АД ЗВАНЬНЯ "НАРОДНЫ АРТЫСТ БЕЛАРУСІ"

Вольша Рымашэўская, Менск

Яраслаў Еўдакімаў, адказваючы на пытаньне нашага радыё наконт свайго абяцаньня адмовіцца ад званьня, паведаміў:

(Еўдакімаў: ) "Юрыдычна я гэтую справу не афармляў, але ад званьня адмовіўся. Не займаўся я гэтым... Ну што я буду хадзіць па кабінэтах, аддаваць пасьведчаньне. Гэта неяк сьмешна. Заяву я зрабіў, і яна мае сілу. На ўсiх канцэртах, у якiх бяру ўдзел, я ня буду называцца народным артыстам Беларусі, проста — сьпявак Яраслаў Еўдакімаў".

Апошнім часам вядомы сьпявак больш плённа працаваў і гастраляваў па Расеі. Аднак пасьля выбараў у Беларусі Еўдакімава нечакана часьцей сталі запрашаць выступаць менавіта на радзіме. Пакуль ён ня вызначыўся — прымаць гэтыя запрашэньнi цi не. Еўдакімаў не выключае правакацыяў з боку сёньняшняй улады. Ён кажа:

(Еўдакімаў: ) "Пакуль мяне ніхто не чапае, ніякіх нападак на мяне няма. Але можа надалей і будуць правакацыі. Як я ведаю, прэзыдэнт наш — чалавек помсьлівы. Мне пра гэта казалі, і я сам гэта заўважыў. Але пакуль адкрытых пагрозаў няма. Адзінае, я ўдзячны лёсу за тое, што пасьля маіх заяваў супраць прэзыдэнта мне перасталі тэлефанаваць ілжэсябры. Яны, напэўна, спужаліся за свой лёс, за свае пасады".

Дарэчы, Еўдакiмаў званьне народнага артыста Беларусi атрымаў не ад Лукашэнкi. Людзi старэйшага пакаленьня памятаюць, які папулярны быў Яраслаў Еўдакiмаў у савецкi час. У канцы 1970-х гадоў ЦК КПСС быў завалены лiстамі ад ягоных прыхільнікаў, якiя зьдзiўлялiся, чаму сьпявак ня мае званьня народнага артыста, і яны настойліва патрабавалі адзначыць яго гэтым званьнем. Тагачасны кіраўнік БССР Пётар Машэраў прыслухаўся да гэтых пажаданьняў.

Мiж iншым, значных матэрыяльных дабротаў гэтае званьне не дае. Спэцыяльнай пастановай Мiнiстэрства працы ад 23 верасьня 1996 году для народных артыстаў Беларусі вызначаная штомесячная надбаўка на тры мiнiмальныя зарплаты. Яшчэ адна прывiлея: магчымасьць лячыцца ў спэцшпіталі Кiраўнiцтва справаў прэзыдэнта.

Сёньня ў Беларусi званьнем народнага артыста ўганараваныя 113 чалавек. Эстрадных сьпевакоў сярод iх няшмат. Нават такi вядомы дуэт як Ядвiга Паплаўская і Аляксандар Цiхановiч дагэтуль ходзiць у заслужаных артыстах. Што тычыцца ўчынка Еўдакiмава, Ядвiга Паплаўская адзначыла: "Гэта ягоная справа. Што дае яму гэтае званьне? У Майкла Джэксана таксама няма нiякага званьня, затое ёсьць сапраўдная папулярнасьць. А ў нашай краiне званьнi ўсё роўна дае ўлада, незалежна ад таго, папулярны сьпявак цi не".