АНАРХІСТЫ ГОМЕЛЮ ПАТРАБАВАЛІ: “УЛАДУ – ПРАЦОЎНАМУ НАРОДУ!”

Казімер Яноўскі, Гомель

Ледзь ня кожны анархіст трымаў свой адмысловы плякат ці лёзунг, зьвернуты да працоўнага люду. У руках Сяргея Шпакава плякат з надпісам "Уладу — працоўнаму народу!" Цікаўлюся ў анархіста, у каго ж зараз улада?

(Шпакаў: ) "Сёньня пры ўладзе знаходзіцца дыктатар Аляксандар Лукашэнка. Пазбавіцца ад ягонага дыктатарства — задача ўсіх прагрэсіўных сілаў грамадзтва", — кажа анархіст Шпакаў.

Побач выкладчык унівэрсытэту Ўладзімер Пашук трымае лёзунг "На барыкады! Буржуям няма паратунку!" На думку спадара Пашука, буржуяў хапае ўсюды.

(Пашук: ) "А што іх, мала? Гляньце на катэджы вакол Гомеля — ці не буржуі гэта?! І ўлада ўся ў нас буржуйская", — лічыць спадар Пашук.

Іншыя анархісты выйшлі на пляц Леніна зь лёзунгамі "Моладзь за рэвалюцыю", "Не — капіталу". Адзін зь юнакоў трымаў нават плякат з эпіграмай расейскага клясыка Аляксандра Пушкіна пра тое, як добрых грамадзянаў мы пацешым і ў ганебнага слупа пазбавімся ад апошняга цара.

Міліцыя анархістаў не чапала. Яе сёньня наогул было няшмат. Дарэчы, і многія гараджане, што прыйшлі на пляц ад прадпрыемстваў і ўстановаў на загад начальства, разышліся, не дачакаўшыся канца 20-хвіліннага мітынгу.

Прысутныя заўважылі таксама, што не падняўся на трыбуну пад помнікам Леніну ні адзін з вэртыкальшчыкаў, у тым ліку і старшыня аблвыканкаму Аляксандар Якабсон. Трымалі прамову толькі старшыня гарсавету, камуністы і генэрал Шамшура, генэральскае званьне якому прысвоіла кіраўнічка артадаксальных расейскіх камуністаў Сажы Ўмалатава.