ЛІТОЎЦЫ ДУМАЮЦЬ, ЯК ВЯРНУЦЬ ГРОШЫ, ШТО ПАЗЫЧЫЛА БЕЛАРУСЬ

Сяргей Шупа, Радыё Свабода, Вільня

Менш чым праз паўгода ўступіць у дзеяньне тэрмін даўнасьці на запазычанасьць за электраэнэргію, якую дзяржаўны канцэрн «Літоўская Энэргія» паставіў у 1998-1999 гадох Беларусі. У гэтыя апошнія месяцы літоўскія энэргетыкі, эканамісты і палітыкі спрабуюць зрабіць усё магчымае, каб вярнуць хоць бы частку запазычанасьці, агульная сума якой складае 48 мільёнаў даляраў.

Дагэтуль усе спробы прымусіць неплатаздольных партнэраў вярнуць належныя грошы не прынесьлі ніякіх посьпехаў. І горш за тое – каб кампэнсаваць спрычыненыя гэтым фінансавыя страты, «Літоўская энэргія» вымушаная браць крэдыты ў камэрцыйных банках. За два гады невяртаньня пазыкі на адныя працэнты з гэтых крэдытаў патрачана больш за 5 мільёнаў даляраў.

Колішні ўрад лібэрала Паксаса, каб пазьбегнуць адказнасьці, летась перадаў справу на разгляд Сойму, запрапанаваўшы прадаць права на спагнаньне запазычанасьці расейскай фірме «Вангвард», зьвязанай з канцэрнам «ЕЭС Расеі». Сёлета была прынятая новая рэдакцыя Закону аб рэарганізацыі «Літоўскай Энэргіі», у якой была прадугледжаная перадача вырашэньня гэтай праблемы ў Літоўскі Ўрад.

У выніку быў абвешчаны конкурс у справе перадачы права спагнаньня беларускай запазычанасьці. 19 верасьня Ўрад зацьвердзіў вынікі конкурсу – пераможцамі былі абвешчаныя літоўская фірма «Джэйрана» (афіцыйны прадстаўнік Менскага траактарнага заводу ў Літве) і ўжо згаданая расейская фірма «Вангвард». Расейцам меліся дастацца 45,5 мільёнаў даляраў беларускай запазычаанасьці, а літоўцам – астатнія 2,5 мільёны даляраў.

Спрэчкі вяліся наконт варыянтаў разьліку – або «Вангвард» і «Джэйрана» раскладаюць аплату на 10 гадоў, аддаючы па 5 працэнтаў кожныя паўгода – або сплочваюць толькі 55 працэнтаў ад сумы запазычанасьці, але адразу – на працягу месяца ад часу падпісаньня дамовы. Урад, мабыць, канчаткова страціўшы надзею атрымаць поўную суму запазычанасьці, абраў другі варыянт.

І вось апошнімі днямі кастрычніка сарвалася і гэтая спроба атрымаць хоць частку пазычаных электрадаляраў. Адзін зь пераможцаў конкурсу – расейскі «Вангвард» адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў гульні. Дакладная прычына застаецца няясная.

Апошняя прапанова – і магчыма, апошняя спроба ўратаваць сытуацыю – абвяшчэньне аўкцыёну, на якім будзе прададзенае права спагнаньня беларускай запазычанасьці. Ці зацьвердзіць урад гэты варыянт вырашэньня праблемы – мы даведаемся ў найбліжэйшым часе.

На маю просьбу пракамэнтаваць сытуацыю эканамічны аглядальнік найбуйнейшай літоўскай газэты Lietuvos rytas Жыдрунас Дамаўскас адказаў, што Беларусь мае ўсе шанцы спадзявацца на значны фінансавы выйгрыш. Калі за бліжэйшыя месяцы літоўскі бок ня знойдзе праз каго спагнаць страчаныя мільёны, гэта будзе азначаць, што Беларусь два гады мела магчымасьць бясплатна карыстацца літоўскай электраэнэргіяй.