Сэнсацыйны матэрыял пра тое, што толькі сёлета ў першым паўгодзьдзі Беларусь падпісала з арабскімі, палестынскімі ды альбанскімі мусульманамі-экстрэмістамі дамовы на пастаўку зброі коштам больш як 500 мільёнаў даляраў, падрыхтавала віленскае бюро нямецкага агенцтва DPA.
Як мы ўжо распавядалі, беларускае МЗС назвала гэтую інфармацыю ілжывай. Сёньня я патэлефанаваў у Вільню, каб даведацца пра рэакцыю DPA на гэта. Мне паведамілі, што МЗС Беларусі дагэтуль у DPA наконт гэтага матэрыялу не зьвярталася.
Нагадаю, што нямецкае агенцтва назвала Беларусь найбуйнейшым пастаўшчыком зброі мусульманскім экстрэмістам на падставе інфармацыі ад крыніцаў у амэрыканскім ЦРУ ды ізраільскім часопісе "DEBKA", прысьвечаным разьведцы (ягоны вэб-сайт: debka.com).
Рэдактар гэтага выданьня, які прасіў не называць ягонага імя, гэтак пракамэнтаваў спасылку агенцтва DPA на ягоны часопіс:
(Рэдактар: ) "Беларусь пастаўляе зброю — так, так, мы пісалі й пра палестынцаў таксама".
На маё пытаньне, зь якіх крыніцаў часопіс "DEBKA" ўзяў інфармацыю пра сувязі Беларусі з палестынцамі, рэдактар адказаў гэтак:
(Рэдактар: ) "Мы нікога не цытавалі. Гэта МЫ кажам, што беларускія крыніцы або элемэнты ў Беларусі пастаўлялі ці прадавалі зброю таксама палестынцам", — сказаў прадстаўнік ізраільскага часопісу "DEBKA", што спэцыялізуецца на пытаньнях разьведкі.
У паведамленьні нямецкага агенцтва DPA зазначаецца: "Афіцыйная інфармацыя зь Менску пра экспарт зброі ахутаная таямніцай, заходнія аглядальнікі мусяць грунтаваць свае ацэнкі на дакумэнтах разьведкі, інфармацыі ад аналітыкаў разьведкі й дыпляматаў, а таксама на ўсходнеэўрапейскіх вайсковых і палітычных часопісах з крыніцамі, блізкімі да беларускага гандлю зброяй".
Тым часам афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі заявіў, што цяпер гандляваць зброяй сакрэтна, абыходзячы міжнародныя дамовы, проста немажліва. Камэнтар былога намесьніка міністра замежных справаў Андрэя Саньнікава:
(Саньнікаў: ) "Магчыма ці немагчыма зараз гандляваць зброяй, абыходзячы... Ведаеце, а МЗС нічога ня ведае. МЗС не прымае рашэньняў. Мы добра ведаем, хто прымае рашэньні ў нашай краіне. І нават калі я працаваў, МЗС не выконвала асноўную функцыю, а толькі давала экспэртную ацэнку: дзейнічаюць у дачыненьні да той ці іншай краіны санкцыі ААН ці не".
Агенцтва ж DPA з іроніяй зазначае, што "зьяўляючыся найбольш адданым прыхільнікам Расеі ў ейнай ваеннай кампаніі супраць ісьлямскіх баевікоў у Чачэніі, Лукашэнка ёсьць такім важным пастаўшчыком сьмяротнага ваеннага абсталяваньня ісьлямскаму сьвету".