МІЛОШАВІЧ ЗАЯВІЎ, ШТО АМЭРЫКА ПРАСІЛА ЯГО РАНЕЙ ДАПАМАГЧЫ З ВЫДАЧАЙ БІН ЛЯДЭНА

Алена Панкратава, Прага

Мілошавічу інкрымінуецца крымінальная адказнасьць за косаўскі канфлікт, а таксама за масавыя забойствы ў Харватыі і Босьніі, пачынаючы з 1991-га году. Учора, выступаючы на паседжаньні трыбуналу ААН, Слабадан Мілошавіч заявіў, што ня лічыць гэты судовы ворган легітымным.

Плянуецца, што на працягу 170 дзён у часе судовага працэсу будуць разгледжаныя тысячы дакумэнтаў і заслухана сотні сьведкаў.
У падпісаным пракурорам міжнароднага трыбуналу Карлай дэль Понтэ абвінавачаньні Мілошавічу ікрымінуюцца ваенныя злачынствы ў часе вайны ў Харватыі, аднак абвінавачваньняў у генацыдзе няма. Карла дэль Понтэ мае намер выставіць Мілошавічу абвінавачаньні у генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасьці у Босьніі. Дагэтуль Мілошавіч ужо быў абвінавачаны ў дачыненьні да масавых забойстваў цывільных жыхароў у Косаве.

Як піша брытанская Independent, Мілошавіч рашуча ня згодны з падобнымі абвінавачаньнямі, усё, што адбываецца у трыбунале, ён называе фарсам, ён увогуле ня ведае, у чым яго абвінавачваюць. Учора ў часе паседжаньня эск-кіраўнік Югалавіі, напрыклад, запатрабаваў адстаўкі дэль Понтэ, абвінаваціўшы яе ў прадузятасьці і назваўшы марыянэткай НАТО.

Аглядальнікі нямецкай Frankfurter Rundschau не выключаюць, што такім чынам працэс можа цягнуцца тры гады. Для таго, каб Мілошавіч ведаў, у чым канкрэтна яго абінавачваюць, судзьдзі прынялі рашэньне зачытаць поўны тэкст абвінавачаньня, аднак Мілошавіч запатрабаваў спыніць чытаньне доўгіх абвінавачаньняў супраць яго. Паводле экс-прэзыдэнта Югаславіі, яны характарызуюцца “узроўнем 7-гадовага дэбільнага дзіцяці”. Тады адзін з судзьдзяў, Рычард Май з Брытаніі, спыніў яго і сказаў, што былы югаслаўскі лідэр на гэтым этапе судовага разьбіральніцтва мае права выказвацца толькі адносна ўмоваў свайго утрыманьня ў камеры.

У адказ Мілошавіч паскардзіўся на пільнае сачэньне за ім, каб ён, крый Божа, ня зьдзейсьніў самагубства. Паводле экс-прэзыдэнта Югаславіі, ён ніколі не пакончыць з жыцьцём, таму што хоча дыскваліфікаваць Гааскі трыбунал.

Мілошавіч выступіў з рэзкай крытыкай натаўскіх дзеяньняў супраць Сэрбіі, а таксама вайны ЗША супраць тэрарызму. Паводле былога лідэра Югаславіі, працэс над ім толькі падштурухнуў альбанскіх тэрарыстаў да далейшых злачынстваў у паўднёвай Сэрбіі, ён нібыты надаў ім крылы, каб забіваць, рабаваць цывільнае сэрбскае насельніцтва.

Таксама Мілошавіч запэўніў, што яшчэ летась Вашынгтон зьвярнуўся да яго з просьбай дапамагчы выдаць бін Лядэна, які на той момант знаходзіўсмя у Альбаніі, - піша Independent.