Як ахоўваюць гэтыя месцы? І ці ёсьць небясьпека, што бактэрыі хваробы трапяць у глебу альбо да людзей?
Першы намесьнік дырэктара Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Юры Фёдар пацьвердзіў, што ў Беларусі ёсьць асяродкі антраксу:
(Фёдар: ) "Тая форма язвы, пра якую ідзе гаворка — гэта захворваньне быдла. У нас на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі ёсьць пахаваньні хворых жывёлаў. Такіх месцаў каля пяці соцень".
Наглядае за гэтымі могільнікамі аддзел асабліва небясьпечных інфэкцыяў Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі. Ягоны супрацоўнік Зьміцер Крохін апошнія паўмесяца толькі тым і займаецца, што супакойвае людзей:
(Крохін: ) "Ніякіх падставаў непакоіцца для насельніцтва няма. Патэнцыйная пагроза можа зьявіцца, калі там будзе весьціся нейкая гаспадарчая дзейнасьць. Але праводзіцца яна толькі з дазволу адпаведных органаў, у тым ліку і нашай установы. Калі плянуецца штосьці рабіць на гэтых месцах, усё ўзгадняецца з намі. Натуральна, калі ёсьць пагроза вынасу інфэкцыі, мы такога дазволу не даем".
Зьміцер Крохін адмовіўся паведаміць, дзе апошнім часам фіксавалі выпадкі хваробы на антракс і ўказаць месцы пахаваньняў быдла:
(Крохін: ) "Я лічу, што гэтую інфармацыю для шырокага распаўсюду даваць ня трэба. Таму што можа быць ня тое што паніка, а нейкія неабгрунтаваныя дзеяньні. Я не магу сказаць, што гэта сакрэтная інфармацыя. Але мы ня лічым неабходным раскрываць яе".
Разам з гэтым, супрацоўнік аддзелу асабліва небясьпечных інфэкцыяў паведаміў, што патэнцыйны асяродак антраксу ёсьць і ў Менску:
(Крохін: ) "Адзін з пунктаў знаходзіцца ў цэнтры гораду. Там было пахаваньне ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. Калі выявілі гэтае месца, усё выпалілі напалмам, пасьля засыпалі зямлёй, а зьверху паклалі бэтонныя пліты. Ніякага шанцу для выхаду бактэрыяў няма. Выстаўляць вартавых і ахоўваць — няма і такой неабходнасьці".
Зрэшты, і на месцы іншых пахаваньняў адсутнічае ахова ў звыклым разуменьні гэтых словаў: калючым дротам гэтая мясцовасьць не абнесеная, няма там і пастоў нагляду.
Зьміцер Крохін запэўнівае, што вакцынаў супраць антраксу назапашана столькі, што хопіць нават на выпадак эпідэміі. А калі на тэрыторыі Беларусі выявяць новыя выпадкі захворваньняў, адмыслоўцы Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі зьнішчаць узбуджальнікаў хваробы "ў лічаныя гадзіны".