ГРАШОВЫ МІТ БЕЛАРУСАЎ

Аўтар і вядучы Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Ракіцкі: ) "Сыстэма мітаў, якія не пераможныя ніякай цывілізацыяй, якія могуць і ня мець ніякага рэальнага сэнсу, але не выкараняльныя з падсьвядомасьці, утрымлівае гістарычны сьветагляд пра тое, з чым чалавек жыў, што ён ня мог адрынуць, з чым мусіў мірыцца і да чаго мусіў прыстасоўвацца.

Міталёгія кожнага з народаў не абышла пагарджанага мэталю — грошай. Які ён, грашовы міт беларусаў?

Ёсьць у народзе легенда пра аднаго дужа хцівага, прагнага чалавека, што дзеля багацьця запрадаў нават сваю душу д'яблу:

"З тых часоў паплыло к яму ўсялякае дабро. Як вада ў рацэ, ды столькі сабралася, што і дзяваць няма куды. Ізноў зьвярнуўся ён да чорта. А той і кажа "Добрэ, от дам я табе такое зельле, што зьбярэ яно к табе ўсё багацьце і мала будзе займаць месца". От назьбіраў чорт поту, сьлёз ды крыві людзей, наліў у кацёл, варыў-варыў ды і выварыў золата. Так і выдумаў чорт грошы ды пусьціў іх па сьвету гуляць ды людзей звадзіць".

І канец у гэтае легенды дрэнны: як прыйшла за тым чалавекам сьмерць, разьлілося ўсё золата потам, сьлязьмі ды крывёю і затапіла яго. А, можа, ня дрэнны, а павучальны…

Мая госьця — этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

Спадарыня Тацяна, чаму старажытныя людзі лічылі, што грошы ад нячыстай сілы?"

(Валодзіна: ) "Грошы, як і калісьці, так і сёньня, якраз тое, з-за чаго чалавек можа здрадзіць, забіць, пакрыўдзіць іншага, можа прадаць душу самому д'яблу. І гэта тое, чым д'ябал спакушае чалавека найперш. І гінуць людзі, як сьцьвярджае народная мудрасьць перадусім за мэталь. Дарэчы, праверка грашыма — адна з самых сур'ёзных у жыцьцёвых іспытах".

(Ракіцкі: ) "Выходзіць, што грошы прыдумаў чорт. Але ж траплялі яны і да добрага простага люду…"

(Валодзіна: ) "Траплялі, але існуюць грошы як бы па-за фальклёрным героем, яны недзе нават супрацьстаяць усёй сфэры будзённай і нарматыўнай штодзённасьці.

Мноства кантэкстаў паказвае на тое, што грошы зьяўляюцца ў сытуацыях, якія выходзяць па-за межы штодзённай нормы і звычкі. Хто ў казках мае грошы? Купцы, разбойнікі, салдаты — а гэта тыя асобы, якія валодаюць выразным маргінальным або іншабыційным статусам. Гэта людзі чужыя. Свае, як правіла, бяз грошай".

(Ракіцкі: ) "А з грашыма — чэрці, маргіналы… І яшчэ хто?"

(Валодзіна: ) "Ды ўвесь іншасьвет, уся нячыстая брація. На нячыстую прыроду грошай паказвае і звычай ахвяраваньня іх хваробам. Здавалася б, навошта? Так, з манэтамі закапвалі адцяты каўтун, грошы кідалі ў раку пры ліхаманцы, пятаком паціралі бародаўкі і пакідалі яго на ростанях.

Дарэчы, тут жа і нябожчыкі. І як гэта ні дзіўна, усе вясковыя сьвятыні. Дробныя манэткі — гэта і найбольш вядомае прынясеньне да сьвяшчэнных дрэваў, крыніцаў і калодзежаў. Беларусы лічылі, што такое ахвяраваньне — адна зь неабходных умоваў вылечваньня".

(Ракіцкі: ) "І дасёньня дажыла традыцыя кідаць манэткі ў магілу перад тым, як апусьціць туды труну. Ці ёсьць тут якое-небудзь супадзеньне?"

(Валодзіна: ) "Выкарыстаньне манэтаў у часе пахаваньня — самая блізкая паралель да грашовых ахвяраў вясковым сьвятыням. Верылі, што гэтыя грошы патрэбныя як плата за перавоз нябожчыка праз вогненную раку.

Ня менш вядомае і іншае ўяўленьне, згодна зь якім грошы як быццам прызначаюцца "зямельнаму гаспадару" ці нават усім папярэдне памерлым — "бо бяз грошы месца не дадуць".

Захоўваецца і звычай ахвяраваньня грошай пры пабудове хаты. Цесьляры пад кут ці пад першае бервяно клалі некалькі манэтак, часам з прыгаворамі тыпу "Каціся ў кут, серабро, а хаце на дабро".

(Ракіцкі: ) "Яшчэ зусім нядаўна дзяўчаты падкладвалі пад пяту пятак, калі ішлі на іспыт альбо на адказнае спатканьне. Пятаком закрывалі нябожчыкам вочы. Відаць, у народзе нямала падобных магічных захадаў?"

(Валодзіна: ) "Так, і сярод іх — трохі дзіўныя, але, як распавядаюць, безадказныя. Вось, прыкладам, бядотныя кабеты, муж якіх надта піў, бралі медную манэту і ўкладалі яе ў рот паміраючаму. Там манэта ляжала, пакуль цела і не схаладнее. Затым яе бралі і на тры дні кідалі ў гарэлку. Даваць такое пітво рэкамэндавалася тры дні запар нашча. Кажуць, вынікі ня горшыя як пры найноўшым кадаваньні".

(Ракіцкі: ) "А, можа, раяць што-небудзь, каб грошы вяліся?"

(Валодзіна: ) "Трэба мець грошы ў кішэні ўвесну і, пачуўшы ў першы раз зязюльку, пашамацець імі ў кішэні. На Вялічка кінуць сярэбраны рублік у ваду разам з асьвечаным яйкам і ўмыцца той вадою, тады будзеш ня толькі багаты, але й прыгожы.

Сёлета ў часе палявых запісаў мне параілі на вялікае сьвята разьмяняць у царкве ці касьцёле буйную грашовую купюру, даць штосьці жабракам ці купіць сьвечку, рэшта ж тады будзе ў кішэні як усё адно расьці".

(Ракіцкі: ) "Абсалютна дзікунскай на сёньняшні погляд здаецца повязь грошай з прусакамі і тараканамі..."

(Валодзіна: ) "Даўней верылі, што прыносяць яны ў хату дастатак і грошы, магчыма, зыходзячы з асацыяцыі іх множнасьці і пажаданай колькасьці грошай. Расказваюць нават, што дабразычліўцы навасёлаў цішком прыносілі да іх у хату гэтых агідных стварэньняў.

Дарэчы, імітацыйныя паралелі грошай вызначаюць мноства нашых сноў. Так, бачыць у сьне дробныя грошы вяшчуе, па аналёгіі, — будуць сьлёзы, прышчы на скуры, словам, розныя дробныя непрыемнасьці. У сваю чаргу, на прыбытак паказвалі дробныя іскры, ягады".

(Ракіцкі: ) "Вы хочаце сказаць, што грошы — надзейны і актуальны сродак дачыненьняў з тагасьветам?"

(Валодзіна: ) "Ва ўяўленьнях даўнейшых людзей, а часам і сягоньняшніх — так. Прычым чалавек, ахвяруючы грошы, як усё адно злучаўся з насельнікамі засьветаў і самой прастораю нейкай нябачнай ніткаю. І сёньня мы кідаем манэтку ў фантан, мора, раку, словам, — куды хочам вярнуцца".

(Ракіцкі: ) "Валоданьне значнай колькасьцю грошай прыпісвалі ў народзе чалавеку, што "знаецца з чортам". Пра багатага часам казалі: "яму зьмей грошы носіць". А што гэта за зьмей такі?"

(Валодзіна: ) "Праўда, беларусы верылі ў існаваньне такога здатнага зьмея. Толькі ж, каб здабыць яго, патрабавалася наступнае:

"Гадаваць чорнага пеўня сем гадоў, пад канец сёмага году прыпільнаваць, калі зьнясе ён яечка. Тое яйка насіць пад пахаю яшчэ тры гады. Вось тады зь яго і вылупіцца маленькае зьмеяня. Яго трэба пеставаць, трымаць у цяпле, карміць яечняю і нічым не раздражняць. Вырасшы, ён пачне лятаць і насіць грошы свайму гаспадару. Але калі хто-небудзь заўважыць, як ён нясе грошы, ды аблае яго, то ён грошы рассыпле, а свайго гаспадара чамусьці спаліць".

Зь нячыстай сілай зьвязаныя і аповеды пра так званы неразьменны рубель, якім за што б ні плаціў, ён усё роўна вернецца да цябе".

(Ракіцкі: ) "Але адкуль у селяніна тае пары маглі быць грошы? Ад пана? Не. Можа, таму і адпраўляліся найбольш рызыкоўныя шукаць скарбы. Ці абазначаныя ў нас сюжэты пра скарбы?"

(Валодзіна: ) "Безумоўна. Скарб, як правіла, зьяўляецца чалавеку як прадмет ці, часьцей, як жывая істота. Беларусы нават верылі ў існаваньне асобнага духу – скарбніка. У такіх паданьнях адбілася іх атаесамленьне — скарбу і духу — ягонага ўладальніка. Папулярныя і аповеды пра скарб, што дае пра сябе вестку як блукаючы агеньчык. Старыя людзі якраз тады і раілі:

"Як агеньчык, то гэто чорт пераносіць скарб у іншае месца, перасушвае яго. Тады трэба стаць ракам таму, хто ўгледзіць, да выставіць голу дупу, то чорт возьме і кіне на яе грошы".

(Ракіцкі: ) "Бадай, усім вядомыя легенды пра купальскія скарбы, што адшукваюцца разам з папараць-кветкаю. Як памятаем, здабыць яе дужа цяжка, амаль немагчыма. Дык чаго так праглі адчайныя шукальнікі? Грошай?"

(Валодзіна: ) "Сапраўды, матывы, што вымушалі селяніна шукаць скарбы, заслугоўваюць асобнай увагі. Абсалютная колькасьць запісаў паказвае на тое, што мэтаю знаходкі было зусім не ўзбагачэньне ў нашым разуменьні, а набыцьцё магічнай удачы, магчымасьці мець стасункі з тагасьветам.

Шчасьлівы ўладальнік папараць-кветкі пачынаў разумець мову птушак, зьвяроў ды расьлінаў. Прасьцей кажучы, чалавек шукаў ня золата і ня грошы, ён хацеў ведаць, спазнаць, спасьцігнуць пакуль яму невядомае".

(Ракіцкі: ) "Можа, якраз у гэтым і ёсьць найвялікшая каштоўнасьць "грашовага" міту?"

(Валодзіна: ) "Тут ёсьць над чым паразважаць і нам. А дзеля чаго нам грошы? Каб піць, есьці, гуляць і капіць? А, можа, для таго, каб — як і тым безымянным народным героям — здабыць сродак для спасьціжэньня сьвету, для яго разуменьня і гарманічных зь ім стасункаў.

І што, нарэшце, ёсьць скарб? Бліскучае сьмецьце ці рэдкі дар адчуваць Сьвет, ягоных насельнікаў і ягоную прыгажосьць?"