Актывісты грамадзкай ініцыятывы заклікаюць улады не аднаўляць рэканструкцыі дарогі ў Курапатах, пакуль пракуратура ня дасьць адказу на іхную заяву.
Актывісты грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Кукрапаты" сёньня правялі прэсавую канфэрэнцыю, на якой распавялі пра плян сваёй дзейнасьці на бліжэйшую будучыню. Праз два дні заканчваецца двухтыднёвы мараторы на правядзеньне будаўнічых работаў у Курапатах, абвешчаны ўладамі ў зьвязку з правядзеньнем археалягічных раскопак.
Археолягі не знайшлі ў прыдарожнай зоне ўрочышча ніякіх пахаваньняў, і цяпер будаўнічыя работы могуць быць адноўленыя. Учора адбылося паседжаньне, на якім былі прапанаваныя два варыянты далейшых дзеяньняў. Частка сяброў грамадзкай ініцыятывы лічыць, што ўлады не пагодзяцца на будаўніцтва дарогі ў абыход Курапатаў. Яны гатовыя пагадзіцца з будаўніцтвам дарогі праз урочышча, якое будзе адбывацца пад пільным кантролем грамадзкасьці.
Сябры ініцыятывы зьбіраюцца сустрэцца з кіраўніцтвам арганізацыі "Магістральаўтадар," каб атрымаць пэўныя гарантыі добраўпарадкаваньня тэрыторыі Курапатаў, узьвядзеньня вакол урочышча агароджы і гэтак далей. Іншая ж група сяброў ініцыятывы не зьбіраецца саступаць і заяўляе, што не дапусьціць пашырэньня дарогі праз Курапаты.
Каб знайсьці паразуменьне, сябры ініцыятывы вырашылі параіцца ў гэтай справе са сьвятарамі розных канфэсіяў. Гаворыць сакратарка грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" Ірына Жыхар:
(Жыхар: ) "Мы павінны прыйсьці да кансэнсусу. І таму ўзьнікла ідэя правесьці нараду менавіта са сьвятарамі, таму што магілы — гэта духоўнае, гэта наша памяць духоўная. І духоўныя асобы тут не апошнюю ролю адыграюць".
А вось меркаваньне актывіста ініцыятывы Вацлава Арэшкі:
(Арэшка: ) "Максымальнай задачай для нас застаецца правесьці будаўніцтва дарогі па іншай тэрыторыі. Але зь іншага боку, мы разумеем, у якой краіне жывем і лічым, што няма сэнсу займацца канфрантацыяй толькі дзеля канфрантацыі. Калі будзе магчымасьць знайсьці кампраміс, мы будзем ісьці на перамовы, на дыялёг".
Сябры грамадзкай ініцыятывы вырашылі зьвярнуцца да ўладаў з заклікам не аднаўляць будаўнічых работаў у Курапатах, пакуль пракуратура ня дасьць адказу на іхную заяву. Заява патрабуе даць юрыдычную ацэнку дзеяньням супрацоўнікаў Саўміну, што дазволілі весьці будаўніцтва на тэрыторыі помніка гісторыка-культурнай спадчыны.
Сёньня ж у пракуратуру Беларусі накіравалі яшчэ адзін зварот з патрабаваньнем рассакрэціць вынікі расьсьледаваньня, што праводзілася ў Курапатах у 1997-98 гадах, каб пакласьці канец інсынуацыям пра тое, што ва ўрочышчы ляжаць ахвяры нацыстаў.
Сябры грамадзкай ініцыятывы таксама накіравалі ў амбасады краінаў Эўропы і ЗША, а таксама ў міжнародныя структуры адкрыты ліст да міжнароднай грамадзкасьці з заклікам выказаць сваю салідарнасьць у справе абароны Курапатаў ды іншых гістарычных помнікаў беларускага народу.