"Я ЗНОЎ ЖЫВУ"

Валянціна Аксак, Менск

Чаго ж мы шукалі,
чаго ж мы прыждалі
у родны прасьцяг?
Каб смуткі і жалі
завякавалі
на нашых касьцях?

З гэтымі прарочымі словамі на свой уласны вечны спачын 13 кастрычніка пайшоў з жыцьця найстарэйшы беларускі паэт Максім Лужанін. 17 дзён не дажыў ён да свайго 92-га дня нараджэньня, але нашмат болей дзён, начэй, сумных вёснаў і сьцюдзёных зімаў чакаў ён ды так і не дакачаўся сьветлага дня нараджэньня свабоднай Беларусі.

(Лужанін: ) "Даволі, даволі!
Зьвяліся патолі.
Няма анідзе.
Стараймася самі,
каб словаў агнямі
узброіць людзей", —

такі наказ пакінуў ён тым, хто застаўся зь беларускім словам ды нацыянальнаю душою. Такіх побач з паэтам было заўсёды шмат.

Народжаны напачатку ХХ-га стагодзьдзя, ён перажыў усе ягоныя ператрусы й выкрунтасы: спадзевы й расчараваньні ад бальшавіцкага нашэсьця на Беларусь, малады, ахвярны імпэт першаадкрывальніка мажлівасьцяў роднага слова і адплату сібірскаю высылкаю за гэта, сталінскія лягеры ды антыгітлераўскае змаганьне, шырокае прызнаньне таленту паэта, перакладчыка, крытыка, мэмуарыста, кінасцэнарыста ды вузкакелейныя шэпты — што ўсё гэта, маўляў, мае за пэўныя заслугі перад савецкай уладаю, радасьць ад убачанага на ўрадавых флягштоках нацыянальнага гістарычнага сьцягу і боль з-за руйнаваньня роднага слова новаю ўладай.

(Лужанін: ) "Зазнаць усё давялося мне,
сказаць адно засталося мне:
ты не смуціся, родная,
лясістая, сьветлаводная,
трывога мая нязводная!
Ты ў сьцюжу хадзіла босая,
у малацьбу — галодная,
але парой пагоднаю
засьвеціш плоднымі лёсамі,
і ўжонамі, і ўкосамі".

Пра тое, кім быў Максім Лужанін для сёньняшніх беларускіх літаратараў, гаворыць рэдактарка аддзелу крытыкі газэты "Літаратура і мастацтва" Людміла Рублеўская:

(Рублеўская: ) "Я думаю, што многія ў гэтыя дні будуць гаварыць, што стасункі з Максімам Лужаніным ёсьць стасункамі з гісторыяй беларускае літаратуры. Але сказаць толькі гэта было б мала, таму што стасункі са спадаром Лужаніным ёсьць стасункамі зь незвычайнаю асобаю. Усе, хто мог яго наведваць, мелі мажлівасьць гаварыць на філязофскія тэмы, спрачацца пра паэзію, і трэба сказаць, што ягоны густ і ягоная эрудыцыя былі надзвычай высокія, якія я мала ў каго сустракала.

Тое, што да яго прыходзілі прадстаўнікі розных пакаленьняў, сьведчыць пра тое, што ён быў надзвычайнаю асобаю. Наша літаратура наагул бедная на мажлівасьці стасункаў між пакаленьнямі, мажлівасьці прамога настаўніцтва, мажлівасьці наведваць літаратурныя салёны.

Дарэчы, адну зь літаратуразнаўчых сустрэчаў пад назовам "За гарбатай" мы правялі ў кватэры Максіма Лужаніна зь ягоным чынным удзелам. І гэта была адна з самых лепшых гутарак... І цяпер, калі яго больш няма, неяк ня верыцца, што мы больш не зьбярэмся ў кватэры з відам на парк імя Янкі Купалы. Тым больш, што мы думаем, што ён так і не сказаў многае з таго, што спадзяваліся ад яго пачуць..."

(Аксак: ) "Як Вы думаеце, чаму ён усё ж не сказаў пра многае, вядомае яму з 1930–40-х гадоў, нават 1950-х у значнай ступені? Чаму ён палічыў за лепшае забраць з сабою гэтыя таямніцы?"

(Рублеўская: ) "Я не магу сказаць з пэўнасьцю, што ён забраў гэтыя таямніцы. Ён быў пісьменьнікам, а значыць засталіся дзёньнікі... А чаму ён не любіў пра гэта гаварыць?.. Я сустракалася зь іншымі людзьмі, якія прайшлі праз той час, тое пекла і не любілі пра гэта гаварыць. А калі гаварылі, то толькі вывераныя эпізоды...

Чалавек, які прайшоў той млын, выходзіў зь яго іншым... Адны зь меншымі стратамі, другія з большымі, іншыя зусім губляліся як асоба. Мы ня маем права цяпер іх судзіць".

(Аксак: ) "Мы ведаем, што Максім Лужанін не прыняў цяперашнюю ўладу. Ён пісаў на яе эпіграмы, пісаў вострыя палітычныя і грамадзянскія вершы. Як гэта спалучаецца зь ягоным нежаданьнем раскрываць таямніцы мінулага?"

(Рублеўская: ) "Ён быў беларускім пісьменьнікам. Гэты выбар абумоўлены ўсёй ягонай мэнтальнасьцю і духоўным ладам. І калі перад нашым сучасьнікам паўстаў выбар: быць добрым для ўлады, але дрэнным ці ніякім беларусам, то ён ня меў альтэрнатывы. Ён выбраў беларушчыну".

Ён пайшоў ад нас на пачатку новага стагодзьдзя, пайшоў са сваімі таямніцамі гісторыі беларускае літаратуры стагодзьдзя мінулага. На якія, безумоўна, меў права, напісаўшы хаця б адзін гэты верш:

(Лужанін: ) "Заўсёды дбайна выглядаю
бярно на зруб,
каб у цябе, мой цёплы краю,
сьпеў рваўся з губ.
Тады пачую цераз гліну,
як на аблонь
прыскочыць, выскубе травіну
твой белы конь.
Не жарабя, а з той пагоні,
што празь вякі
на цэлы сьвет шамкамі звоніць
напрасьцякі.
Напоўніцу хай сакаўную
скубе траву,
а заіржэ, усе пачуюць:
я зноў жыву".

Вы слухалі адмысловую праграму памяці паэта Максіма Лужаніна. Ён пайшоў з жыцьця 13 кастрычніка на 92-м годзе жыцьця. Разьвітаньне з паэтам заўтра ў Доме літаратара апоўдні. Пахаваны будзе на могілках прыгараднае вёскі Паперня побач са сваёю жонкаю, знанаю беларускаю паэткаю Яўгеніяй Пфляўмбаўм.

Вершы, якія прагучэлі ў нашай праграме, Максім Лужанін прачытаў незадоўга да сваёй сьмерці, адмыслова для нашага радыё, якое слухаў да апошніх сваіх дзён.