КАНСУЛЬТАЦЫЙНАЯ РАДА АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ БЕЛАРУСІ БУДЗЕ ПРАЦЯГВАЦЬ СВАЮ ДЗЕЙНАСЬЦЬ

Уладзімер Глод, Менск

Станіслаў Шушкевіч, які сёньня старшыняваў на паседжаньні, адразу паведаміў, што ўсе восем партыяў пісьмова выказалі сваё жаданьне не спыняць сумеснай працы. Яны таксама пацьвердзілі мандат экспэртных групаў, што створаныя пры Радзе, і іхных кіраўнікоў.

Для паляпшэньня эфэктыўнасьці супольнай дзейнасьці партыі вылучылі сваіх сталых прадстаўнікоў у Кансультацыйную раду. Напрыклад, ад Партыі працы гэта спадары Бухвостаў, Лемяшонак, Фядыніч; ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі — Анатоль Лябедзька і Міхась Пліска.

Паступіла прапанова пашырыць раду праз далучэньне да яе некаторых іншых зарэгістраваных партыяў, у тым ліку дзьвюх экалягічных. А вось ідэя пашырыць фармат рады коштам іншых грамадзкіх арганізацыяў падтрымкі не знайшла.

Удзельнікі сёньняшняга паседжаньня стварылі адмысловую рабочую групу на чале з прафэсарам Міхаілам Пастуховым. Група мае ужо бліжэйшымі днямі абнавіць плятформу адзінства з улікам сытуацыі, што складваецца ў краіне пасьля выбараў.

Станіслаў Шушкевіч наступным чынам падсумаваў вынікі сустрэчы партыйных лідэраў:

(Шушкевіч: ) "Фактычна мы сёньня ня мелі нейкіх спрэчак, якія б ставілі пад сумненьне агульнае рашэньне пра тое, чым будзе займацца Кансультацыйная рада далей. І фактычна атрымала падтрымку меркаваньне, што гэта павінна быць Рада дэмакратычных партыяў, якая б інфармавала партыі аб тым, што адбываецца ў іншых партыях і абмяркоўвала падыходы да вырашэньня агульных пытаньняў.

Я б сказаў, што гэта будзе той цэнтар крышталізацыі, на аснове якога можа ўтварыцца шырокая грамадзянская кааліцыя, якая будзе займацца дэмакратызацыяй Беларусі. Гэта значыць, не дэкляраваньнем дэмакратычных прынцыпаў, а тым, каб яны ажыцяўляліся, каб яны былі фрагмэнтам Беларусі як прававой дзяржавы. Гэта вялікая работа.

І я думаю, нас зразумее міжнародная супольнасьць. Мы маем надзею атрымаць падтрымку і фактычна вырашаць два пытаньні: дыялёг з рэжымам, мы ёсьць прыхільнікамі негвалтоўных дзеяньняў, і цеснае ўзаемадзеяньне з дэмакратычным асяродзьдзем Эўропы".

На наступным паседжаньні 30 кастрычніка мяркуецца і абнавіць назву міжпартыйнага ўтварэньня. Сёньня ўдзельнікі паседжаньня схіляліся да таго, каб Кансультацыйную раду перайменаваць у Раду дэмакратычных партыяў.