ПАВОДЛЕ БЕЛАРУСАЎ, АБ'ЕКТЫ ЭЛЕКТРАЗАБЕСЬПЯЧЭНЬНЯ ПАВІННЫ АБАРАНЯЦЬ СУПРАЦЬПАВЕТРАНЫЯ СІЛЫ

Ігар Карней, Менск

Яшчэ да зьяўленьня высокадакладнай зброі атамныя электрастанцыі пераўтварыліся ў высокаэфэктыўную зброю ворага. Ужо ня трэба быць ядзернай дзяржавай: дастаткова падарваць АЭС на тэрыторыі супраціўніка і атрымаць вынік, параўнальны з выбухам над Хірасімай ці Нагасакі.

Неўзабаве пасьля тэрактаў 11 верасьня ў ЗША памежныя зь Беларусьсю Літва, Украіна і Расея абвесьцілі пра ўзмацненьне аховы атамных аб'ектаў на сваіх тэрыторыях. Паветраныя калідоры ў непасрэднай блізкасьці ад АЭС зараз на няпэўны час зачыненыя, а ўнутраны рэжым тут параўнальны з вайсковым аб'ектам.

Усе разумеюць: ніхто не застрахаваны, у тым ліку й ад атамнага тэрарызму. Але некаторыя адмыслоўцы лічаць, што ахова атамных станцыяў вакол Беларусі пакуль не на належным узроўні. Гаворыць кіраўнік Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны Васіль Несьцярэнка:

(Несьцярэнка: ) "Тое, што ў выпадку тэракту для нас ўяўляюць небясьпеку навакольныя АЭС — гэта бясспрэчна. Бяда можа быць большай, чым у Нью-Ёрку, калі ўсё гэта здарыцца з атамнай станцыяй.

Меры абароны патрэбны абавязкова: аж да таго, што на пляцоўцы павінны стаяць зэнітныя супрацьракетныя ўстаноўкі. У нас жа існуе радарная сыстэма кантролю тэрыторыі, дык трэба тое ж рабіць і на атамных аб'ектах. Так, як робяць ў Маскве: на высотных будынках усталёўваюцца супрацьракетныя ўстаноўкі".

Але апроч АЭС, стратэгічнае значэньне маюць і іншыя аб'екты энэргазабесьпячэньня.

Зараз у Беларусі дзейнічаюць 2 дзяржаўныя раённыя электрастанцыі і больш за два дзясяткі гарадзкіх цеплаэлектрацэнтраляў. Самая магутная — Навалукомльская ГРЭС з паказчыкам больш за 2 тысячы мэгаватаў. Далей ідуць менская ТЭЦ-4, Бярозаўская ГРЭС, Наваполацкая ТЭЦ, Магілеўская ТЭЦ-2 і г.д.

Надзвычайная рэзэрва Бярозаўскай ГРЭС складае 70 тысячаў тонаў мазуту, і ў выпадку запальваньня ліквідаваць пажар будзе вельмі складана. Калі ж адбудзецца адначасовы ўдар па некалькіх аб'ектах Беларусі, то абясточыцца ўся энэргасыстэма, спыніцца прамысловасьць, транспарт.

Год таму на Навалукомльскай ГРЭС адбыўся выбух газавага катла: тэхналягічныя адхіленьні прывялі да выбухованебясьпечнай канцэнтрацыі газу. Адзін чалавек загінуў. Амаль штогод на аб'ектах энергазабесьпячэньня фіксуюцца сьмяротныя выпадкі.

На выхадзе да спажыўцоў працоўная тэмпэратура пары вялікага ціску складае 570 градусаў. Дзеля ахаладжэньня абмоткі генэратараў выкарыстоўваецца вадарод. Парушэньне нормаў бясьпекі цягне нечаканыя наступствы.

Менавіта апошняя акалічнасьць не дазволіла дабудаваць як атамную (гэтак плянавалі спачатку) менскую ТЭЦ-5. Менск адмовіўся ад сьмяротнай лятарэі за 40 кілямэтраў ад сталіцы, як і ад намеру выкарыстоўваць цеплавыя турбіны дзеля абагрэву менскіх кватэраў. Неабходна было стварыць такі ціск дзеля падачы пары, што ніхто не пажадаў узяць на сябе адказнасьць за аб'ект: трубаправоды маглі выбухнуць у выніку гэтак званых гідраўдараў.

Сёньня беларускія электрастанцыі знаходзяцца не ў найлепшыым тэхнічным стане. Іхнага пераабсталяваньня або нават замены асобных дэталяў не адбывалася дзесяцігодзьдзямі. На менскіх ТЭЦ-2 і ТЭЦ-3 абсталяваньне датуецца першай паваеннай пяцігодкай. Таму адмыслоўцы не выключаюць узьнікненьня сур'ёзнай аварыйнай сытуацыі.