ПРЫСУДЖАНАЯ НОБЭЛЕЎСКАЯ ПРЭМІЯ Ў ГАЛІНЕ ЛІТАРАТУРЫ

Сяргей Шупа, Прага

У пастанове Акадэміі гаворыцца, што 69-гадовы Найпол атрымаў прэмію за творы, якія «прымушаюць нас бачыць прысутнасьць замоўчанай гісторыі». «Найпол – літаратурны падарожнік па сьвеце, чыя сапраўдная бацькаўшчына – у ім самым, у яго непаўторным голасе», - гаворыцца ў прысудзе швэдзкіх акадэмікаў. Найпол атрымае прэмію памерам 10 мільёнаў швэдзкіх кронаў (943 тысячы даляраў). Урачыстая цырымонія ўручэньня прэміі адбудзецца ў Стакгольме 10 сьнежня.

Будучы кандыдат на прэмію мусіць быць афіцыйна намінаваны адпаведнай асобай. Кола такіх асобаў абмежаванае, імі могуць быць прадстаўнікі Швэдзкай Акадэміі або іншых нацыянальных акадэміяў ці падобных установаў; прафэсары літаратуры і мовазнаўства ва ўнівэрсытэтах і коледжах; Нобэлеўскія ляўрэаты ў галіне літаратуры папярэдніх гадоў; кіраўнікі літаратурных арганізацыяў краіны аўтара.

Прапановы ад усіх астатніх асобаў, а таксама ад самых патэнцыйных кандыдатаў, не разглядаюцца.

Гэтыя прапановы мусяць быць пададзеныя Нобэлеўскаму Камітэту да 1 лютага адпаведнага году. Усе прапановы трымаюцца ў сакрэце.

Абраць ляўрэата Швэдзкай Акадэміі дапамагае Нобэлеўскі камітэт, які складаецца з 4-5 акадэмікаў, абіраных на 3-4-гадовы тэрмін. Задача камітэту – рэгістраваць, зьбіраць і прадстаўляць намінацыі, замаўляць розныя дасьледаваньні і ўрэшце на самым апошнім этапе – кожны сябар Камітэту падае свае рэкамэндацыі Акадэміі перад прыняцьцем пастановы аб ляўрэаце.

Каб заахвоціць падачу прапановаў, Нобэлеўскі Камітэт звычайна кожную восень высылае 600-700 лістоў адпаведным асобам і інстытуцыям. Штогод Камітэт атрымвае каля 350 прапановаў, аднак некаторыя імёны фігуруюць у некалькіх прапановах, і таму самых кандыдатаў бывае каля двухсот. Часта тыя самыя кандыдаты паўтараюцца з году ў год – пакуль не атрымваюць прэмію або паміраюць або той, хто іх прапануе, ня страчвае надзею.

Праверыўшы дакладнасьць атрыманых прапановаў, на пачатку Камітэт дасылае сьпіс на зацьверджаньне Акадэміі. Тады адбываецца першы адсеў – адкідаюцца ўбок аўтары, чые творы не адпавядаюць літаратурным крытэрыям або запрапанаваныя паводле нелітаратурных крытэрыяў – палітычных, ідэалягічных і падобных.

Такі ўдакладнены сьпіс кандыатаў падпадае пад глыбейшы разгляд. Калі творчасьць аўтара недастаткова вядомая або напісаная на недаступнай мове, Камітэт замаўляе экспэртныя ацэнкі або пераклады.

У выніку ў красавіку Камітэт падае Акадэміі папярэдні сьпіс кандыдатаў, які звычайна складаецца з 15-20 прозьвішчаў. Акадэмія зацьвярджае гэты сьпіс і вяртае яго ў Камітэт. Да канца траўня Камітэт выпрацоўвае канчатковы сьпіс галоўных кандыдатаў – 5 аўтараў. Акадэмія на гэтым этапе яшчэ можа ўнесьці ў гэты сьпіс свае папраўкі і дадаткі.

За лета акадэмікі яшчэ раз грунтоўна знаёмяцца з творчасьцю кандыдатаў. Дзеля таго, што кандыдаты паўтараюцца з году ў год, часам даводзіцца прачытаць толькі напісанае за апошні год.

Урэшце, сабраўшыся пасьля летніх вакацыяў, сябры Швэдзкай Акадэміі на працягу месяца выносяць канчатковы прысуд.