ЦІ ІСНУЕ РАКЕТНАЯ ПАГРОЗА ГРАМАДЗЯНСКІМ САМАЛЁТАМ НАД БЕЛАРУСЬСЮ?

Ігар Карней, Менск

Прэзыдэнт краіны Леанід Кучма заявіў, што памылкі бываюць усюды.

Варта нагадаць, што за вучэньнямі ўкраінскіх ракетчыкаў назіралі прадстаўнікі сямі дзяржаваў, у тым ліку й Беларусі. І ў першых камэнтарох пасьля трагедыі ніхто зь іх ня выказаў меркаваньня, што якаясьці з 21 ракеты, што былі выпушчаныя ў часе вучэньняў, магла трапіць у пасажырскі самалёт Ту-154.

У штабе супрацьпаветранай абароны Беларусі даваць нейкія камэнтары з гэтай нагоды адмовіліся да моманту абвяшчэньня вынікаў экспэртызы паднятых з мора абломкаў.

Сытуацыю я папрасіў пракамэнтаваць былога міністра абароны Паўла Казлоўскага. Ці магчымыя падобныя падзеі ў Беларусі?

(Казлоўскі: ) "У нас ёсьць комплексы С-300, яны прыкрываюць пераважна Менск. Гэта сучаснае і вельмі магутнае ўзбраеньне, хоць у Расеі ёсьць ужо аналягі ўдасканаленыя; у нас магчымасьці мадэрнізацыі пакуль няма. Але на нашай тэрыторыі пускі не праходзяць, таму што няма такіх палігонаў, якія гарантавалі б бясьпеку. Усе вучэньні дывізіёнаў праходзяць на дзяржаўных палігонах Расеі, дзе адлегласьць дазваляе рабіць пускі на 250–300 кілямэтраў. Таму небясьпекі пацярпець у нас няма".

Пускі беларускіх ракетаў праводзяцца пераважна ў Астраханскай вобласьці, на палігоне Ашулук. Адно з такіх вучэньняў, дарэчы, таксама мела міжнародны рэзананс, калі замест цэлі ў межах палігону беларуская ракета трапіла на тэрыторыю Казахстану. Тады абышлося без ахвяраў. Ці сапраўды можна згубіць кантроль над ракетай?

(Казлоўскі: ) "Натуральна, яна заляцець можа куды заўгодна, таму што ракета пад кантролем пэўны час, а потым яе патрэбна зьліквідаваць. У іншым выпадку яна можа адляцець ня толькі на 300, а й на 400 кілямэтраў. Таму што ёсьць розныя рухавікі, розныя магутнасьці".

(Карэспандэнт: ) "Колькі ў нас можа быць комплексаў С-200, С-300?"

(Казлоўскі: ) "У нас такіх комплексаў каля дзесяці".

(Карэспандэнт: ) "Паводле вашага меркаваньня, расейскі самалёт сапраўды зьбілі ў часе вучэньняў?"

(Казлоўскі: ) "Я лічу, што вынік такім і будзе — ракета. Усё сьведчыць на тое. А потым — і заявы Кучмы, і паніка ў Міністэрстве абароны Ўкраіны дэманструюць, што яны будуць згодныя зь любым вынікам".

Некаторыя экспэрты лічаць, што падобная вэрсія наагул ня мела б разьвіцьця, калі б ня зьвесткі амэрыканскіх спадарожнікаў радыёвыведкі, якія, паводле зьвестак з Пэнтагону, зафіксавалі пазаштатную сытуацыю. Таму да рэакцыі з боку ўкраінскіх вайскоўцаў у першыя дні пасьля трагедыі паставіліся зь недаверам.

Роўна два гады таму гэтыя ж спадарожнікі адсачылі дзьве расейскія ракеты, якія былі запушчаныя з Маздоку і потым трапілі на рынак у Грозным. Было шмат ахвяраў. Тады расейскае Мінабароны гэты факт не прызнала.

У тым жа 1999-м ракета сэрыі "Кропка" ўкраінскіх узброеных сілаў памылкова трапіла ў жылы дом пад Кіевам. Таксама загінулі людзі, але і ў тым выпадку вайскоўцы ўпарта адмаўлялі сваю віну.

Летась у рамках міжнароднага праекту "Марскі старт" ракета выбухнула літаральна пры запуску. І нават у часе катастрофы атамаходу "Курск" разглядаліся вэрсіі дачыненьня да гэтага ўкраінскіх бамбавікоў далёкай авіяцыі, якія прымалі ўдзел у вучэньнях якраз у тым раёне.

Дарэчы, адрозна ад шэрагу экспэртаў, прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма лічыць, што гібель Ту-154 не пашкодзіць міжнароднай рэпутацыі дзяржавы, паколькі такое здараецца ня толькі ва Ўкраіне.

"Мы ня першыя й не апошнія. Памылкі бываюць усюды", — падкрэсьліў ва ўчорашнім камэнтары прэзыдэнт Украіны.