ШТРАФ ЗА БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ У МАЛАДЭЧНЕ

Алесь Мікалайчанка, Маладэчна

Судзьдзя Аляксандар Лужынскі даў праваабаронцу штраф 10 мінімальных заробкаў — гэта 75 тысяч рублёў. І гэта найменшая сума, якую мог спагнаць са спадара Баланчука судзьдзя Лужынскі. Лужынскі мог бы даць яму адміністрацыйны арышт ад 3 да 15 сутак — гэтак карае Адміністрацыйны кодэкс за карыстаньне сымболікай, што не зарэгістравала дзяржава.

1 верасьня ля Маладэчанскай музычнай вучэльні адкрывалі помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму. Падчас ускладаньня кветак сябрамі руху "Зубр" на вачох гасьцей з Польшчы, Літвы, ЗША, кіраўнікоў Міністэрства культуры, менскага аблвыканкаму ды маладэчанскай вэртыкалі Эдуард Баланчук узьняў высока над галавой бел-чырвона-белы сьцяг і рушыў да помніка. Але ў той жа момант падпалкоўнік міліцыі Пагуда загадаў затрымаць Баланчука і даставіць у пастарунак.

Сёньня падчас працэсу высьветлілася, што Міністэрства юстыцыі на запыты юрыстаў мясцовага БГК Андрэя Атаманчука і Аляксея Хвосьціка адказала наступнае: "Бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца гістарычным сьцягам Беларусі. У цяперашні час заканадаўствам Беларусі не ўрэгуляванае пытаньне аб парадку і правілах карыстаньня гістарычнымі сьцягамі Беларусі".

Гаворыць Эдуард Баланчук:

(Баланчук: ) "Я разумею становішча судзьдзі Лужынскага, якога прызначыла на пасаду дзяржава. Ён зрабіў у гэтай справе ўсё, што ад яго залежала, каб зьвесьці маё пакараньне да мінімуму. І ўсё ж з пакараньнем я ня згодны, і я буду яго абскарджваць у менскім абласным судзе. І буду патрабаваць, каб мне вярнулі маю ўласнасьць — бел-чырвона-белы сьцяг".

Сёньня судовая заля была перапоўненая маладэчанцамі.