БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ НЕ РЭАГУЮЦЬ НА ПАЧАТАК ВАЙНЫ Ў АФГАНІСТАНЕ

Валер Каліноўскі, Менск

Расейскае МЗС яшчэ ўчора, літаральна празь некалькі гадзінаў пасьля пачатку вайсковых дзеяньняў у Афганістане, выказала рашучую падтрымку ЗША, Вялікабрытаніі ды Паўночнаму Альянсу ў барацьбе зь міжнародным тэрарызмам.

Уладзімер Пуцін размаўляў з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам і прэм'ер-міністрам Вялікай Брытаніі Тоні Блэйрам. Гэта паставіла ў няёмкае становішча Аляксандра Лукашэнку, які адрозна ад Пуціна, нярэдка выступаў з антыамэрыканскімі ды антыНАТОўскімі заявамі.

Відаць, таму ніякай рэакцыі беларускіх уладаў на пачатак антытэрарыстычнай кампаніі пакуль няма. Хаця чакалася, што МЗС Беларусі сёньня выступіць з адмысловай заявай на гэты конт. Няма і паведамленьняў з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Прэсавы сакратар апошняга Мікалай Барысевіч сёньня не адказваў на званкі па ўсіх тэлефонах. Магчымыя прычыны маўчаньня Аляксандра Лукашэнкі называе палітоляг Аляксей Кароль:

(Кароль: ) "Зараз Лукашэнка трапіў у складаную сытуацыю, двухсэнсоўную сытуацыю. Ягонай лініяй у дачыненьні да Амэрыкі заўсёды было імкненьне стварыць з Амэрыкі ворага, які пагражае Беларусі. І адразу адвярнуцца ад гэтай лініі яму цяжка. І двухсэноўнасць ды недарэчнасьць ягонай палітыкі становіцца відавочнай".

Аляксей Кароль лічыць, што прычынай няёмкасьці для Лукашэнкі сталі надзвычай цёплыя адносіны паміж Расеяй і ЗША, і Лукашэнка проста ня ведае, як цяпер рэагаваць на гэта.

Затое некаторыя дэпутаты "палаты прадстаўнікоў" не хаваюць свайго абурэньня. Выконваючы абавязкі старшыні камісіі міжнародных справаў "палаты" Сяргей Касьцян параўноўвае дзеяньні ЗША зь дзеяньнямі фашыстаў падчас Другой сусьветнай вайны і лічыць, што беларускія ўлады павінны заняць дакладную пазыцыю:

(Касьцян: ) "Мы за тое, каб ліквідаваць тэрарызм, такая пазыцыя павінна быць у Беларусі, але не такімі мэтадамі, не такой фашыстоўскай агрэсіяй, што распачалі супраць Афганістану".

Сяргей Касьцян лічыць гэтую апэрацыю маштабнай бойняй:

(Касьцян: ) "Гэта несправядлівая вайна з боку ЗША, якая ўцягне сьвет у крывавую бойню. І гэтыя бамбаваньні — пачатак трэцяй сусьветнай вайны, якая будзе праходзіць без вызначэньня межаў і пэўнага месца боя, і гэта ўцягне чалавецтва ў непрадказальныя падзеі".

Сяргей Касьцян лічыць найбуйнейшай палітычнай памылкай Расеі падтрымку Злучаных Штатаў Амэрыкі ў гэтай кампаніі і мяркуе, што бін Лядэна трэба было злавіць і зьнішчыць сіламі спэцслужбаў.