International Herald Tribune паведамляе пра справаздачу ЦРУ і Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў перад сябрамі сэнацкай камісіі па разьведцы, якая адбылася ў гэты аўторак. Журналістам сталі вядомыя некаторыя дэталі абмеркаваньня і яго галоўная выснова – паводле ацэнак сьледчых і разьведчыкаў маецца надзвычай высокая верагоднасьць таго, што тэрарыстычная атака 11 верасьня – не апошняя. Паводле International Herald Tribune адзін з прадстаўнікоў ЦРУ, адказваючы на пытаньні сэнатараў, сказаў нават, што пасьля нанясеньня Амэрыкай удараў па Афганістане верагоднасьць тэрарыстычнай атакі на ЗША “блізкая да 100%”. Праўда, гэты афіцэр разьведкі патлумачыў, што падобныя зьвесткі могуць быць і вынікам кампаніі дэзынфармацыіі з боку тэрарыстаў, каб паменшыць рашучасьць Вашынгтону прыняць жорсткія дзеяньні ў адказ на 11 верасьня.
Справаздача перад сэнацкайц камісіяй была закрытаю, але ў мінулую нядзелю міністар юстыцыі ЗША Джон Эшкрафт публічна заявіў дакладна тое ж самае, пра што, паводле зьвестак журналістаў, разьведчыкі паведамлялі сэнатарам – рызыка тэрактаў захоўваецца і яна ўзрасьце, калі ЗША нанясуць удары па тэрарыстах.
International Herald Tribune адзначае, што вашынгтонская адміністрацыя на працягу тыдня рабіла пэўныя крокі, каб зьменшыць значэньне гэтага паведамленьня міністра. “Урад ня мае намеру сеяць паніку,” – патлумачыў газэце урадавы чыноўнік.
Амэрыканскія службы бясьпекі прымаюць неабходныя меры, каб прадухіліць магчымыя тэракты: берагавая ахова пільнуе падазроныя караблі у гаванях Нью-Ёрку, Бостнану і іншых гарадоў, падвышаныя меры бясьпекі на атамных станцыях, нафтаперарапрацоўчых заводах і іншых важных прамысловых аб’ектах. Аднак, адзначае International Herald Tribune, галоўная праблема разьведкі і праваахоўных ведамстваў – гэта тое, што яны ня маюць інфармацыі пра характар магчымай атакі: што гэта можа быць – выбух бомбы, тэракт з выкарыстаньнем самалётаў, біялягічная ці хімічная атака?
Паводле International Herald Tribune, сьледчыя ня здолелі знайсьці сувязі тэрарыстаў-камікадзе, якія захоплівалі самалёты 11 верасьня, з іншымі падазронымі групоўкамі і асобамі, што дзейнічаюць у ЗША. Нітка ня знойдзена, гэта значыць, што пра характар магчымай атакі можна толькі здагадвацца. Гэтым і займаецца зараз адмысловая каманда аналітыкаў Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў, якая, так бы мовіць, думае за тэрарыстаў, прыдумляе пляны магчымых тэрактаў і шляхі іх прадухіленьня.
Ананімная ўрадавая крыніца сказала журналістам, што бін Лядэн і яго арганізацыя любяць нечаканыя дзеяньні, любяць мяняць тактыку і аб’екты нападаў. Зараз усе гатовыя да паўтарэньня 11 верасьня, гэта значыць, паўтарэньне якраз і не пагражае. Пагражае штосьці іншае.