РОЎНА ГОД ТАМУ БЫЎ СКІНУТЫ МІЛОШАВІЧ

Юрыв Дракахруст, Прага

Калі цяперашні прэзыдэнт Югаславіі Ваіслаў Каштуніца ішоў на прэзыдэнцкія выбары, ён казаў выбаршчыкам: “Я абяцаю вам, што зраблю Югаславію нецікавай краінаю”. І сапраўды нават сёньня, у гадавіну югаслаўскай рэвалюцыі, у паведамленьнях міжнародных мэдыяў гэтая балканская краіна амаль не прыгадваецца. І справа ня толькі ў тым, што Югаславію выціснулі зь першых радкоў міжнародных навінаў іншыя падзеі. Краіна, змучаная шматгадовай дыктатурай, крывавымі войнамі, блякадай, сапраўды робіцца нецікаваю, гэта значыць, нармальнаю.

Дактатарская прапаганда год за годам палохала людзей – сыйдзе незамяняльны правадыр, краіна рухне, разваліцца. Ніводзін з гэтых апакаліптычных прагнозаў ня спраўдзіўся. Праўда, не адбылося і цуду. Югаславія працягвае зь вялікай цяжкасьцю, але пасьлядоўна і няўхільна разьвітвацца са сваім дыктатарскім мінулым. Самым яскравым знакам гэтага разьвітаньня сталася выдача Гааскаму трыбуналу былога прэзыдэнта Мілошавіча. Гэтае рашэньне спарадзіла палітычны крызыс, але не ўзарвала грамадзянскі мір у краіне. І гэта, як нішто іншае, сьведчыла пра тое, што перамены сталіся незваротнымі.
Краіна пакрысе выкараскваецца з таго эканамічнага тупіку, у які завёў яе былы правадыр. Але калі эканамічная раўнавага застаецца яшчэ надзвычай хісткаю, вяртаньне Югаславіі ў сьвет, у Эўропу, ад якой яе адгароджвалі жалезнай заслонаю, адбываецца надзвычай імкліва, за гэты год яно фактычна ўжо цалкам адбылося.

Апошні крок Югаславіі – далучэньне да НАТАўскай праграмы “Партнэрства дзеля міру”. Учорашнія ворагі ўжо нават фармальна робяцца сябрамі і саюзьнікамі. Любая рэвалюцыя не абыходзіцца без наступнага расчараваньня і югаслаўская рэвалюцыя ня стала выключэньнем з гэтага правіла. Пераможцы-дэмакраты пачалі сварыцца, расколвацца, “залаты дождж” на Югаславію пасьля сыходу дыктатара не праліўся. У маладзёвых бялградзкіх колах зараз стала папулярнаю песенка “Усё засталося па ранейшаму, толькі без яго”, маецца на ўвазе – без Мілошавіча.

Рэвалюцыі – “сьвяты непадпарадкаваньня”, заўсёды сканчаюцца, пачынаецца нармальнае, нецікавае, паводле выразу Ваіслава Каштуніцы, жыцьцё са сваімі праблемамі і цяжкасьцямі. Свабода, як той казаў, прыходзіць аголеная, яна не прыносіць анічога, акрамя самой сябе. Усё астатняе людзям даводзіцца здабываць самім. Шлях з тупікоў рэдка калі бывае кароткім. Але той, хто знайшоў гэты шлях, хто ідзе, заўсёды выклікае зайздрасьць у іншых, у тых, хто яшчэ працягвае блукаць у прыцемках, тыкаючыся ў сьцены тупікоў свайго нацыянальнага лёсу.