Фірма "Хетых" — прадпрыемства былых савецкіх немцаў Эльвіры і Артура Хетых. Перасяленцы з Казахстану робяць свой бізнэс у Расеі з пачатку 1990-х гадоў, у Беларусі яны з 1995 году. Апошнім часам многія з нашых землякоў, якія хацелі трапіць у Нямеччыну хутка й танна, аддавалі перавагу менавіта "Хетыху". Пераезд зь Менску ў Потсдам аўтобусам эўраклясу са сьняданкам у Польшчы каштуе 85 нямецкіх марак — менш за 40 даляраў ЗША.
Пачынаючы з гэтага тыдня, аўтобусы фірмы "Хетых" курсуюць не штодня, як раней, а толькі тры разы на тыдзень. Ня выключана, што па часе маршрут з Масквы ў Нямеччыну будзе праходзіць не празь Беларусь, а праз Украіну.
Дырэктарка фірмы Эльвіра Хетых, якая днямі зьмясьціла свой адкрыты ліст да беларускага прэзыдэнта ў "Белорусской деловой газете", лічыць, што гэта не найлепшае, аднак самае рэальнае ва ўмовах Беларусі рашэньне. Эльвіра Хетых дадае:
(Хетых: ) "Наша фірма панесла тут вялікія страты. Калі мы не атрымаем адказу ад беларускага лідэра, то выступім з публікацыямі ў нямецкай прэсе. Далей будзем зьвяртацца ў нашае Міністэрства замежных справаў і нават у міжнародны суд у Страсбургу".
Страты "Хетыху" паводле самых сьціплых падлікаў — больш за паўмільёна дойчмарак. Размова ідзе пра два фірмовыя аўтобусы эўраклясу. Адну з машынаў — "Боге" выпуску 2000 году — паводле немцаў, незаконна канфіскавалі беларускія мытнікі. Другую машыну, "Рэно", моцна пашкодзілі прадстаўнікі беларускай міліцыі.
Апошні выпадак нагадваў дэтэктыў. Некалькі тыдняў таму аўтобус "Рэно" з 50 пасажырамі ішоў па беларускай тэрыторыі, па Талачыншчыне, і яго абстраляў ноччу мясцовы міліцыянт.
Паводле Эльвіры Хетых, міліцыянт зьявіўся на дарозе нечакана зь лесу. Ён запатрабаваў спыніць аўтобус і адчыніць дзьверы салёну, але кіроўца папрасіў паказаць пасьведчаньне. Тады міліцыянт дастаў пісталет і стаў ім пагражаць.
(Хетых: ) "Мы ўсе былі ў шоку, што такое ўвогуле можа быць. Усе лічылі, што гэта былі не міліцыянты, а рабаўнікі. Калі кіроўца вырашыў не спыняцца і ехаць да бліжэйшага пункту ДАІ, міліцыянт пачаў страляць. У выніку прабіў кола, балён".
Як сьведчыць Эльвіра Хетых, пра кампэнсацыю няма ніякай размовы. Сёньня фірме стала вядома, што крымінальную справу на талачынскага міліцыянта закрылі. Паводле ліста з Талачынскага райаддзелу міліцыі, гэтага міліцыянта звольнілі. Сяржант тлумачыў свае дзеяньні тым, што прыняў аўтобус за машыну з тэрарыстамі.
Найбольшыя страты фірмы "Хетых" зьвязаныя з аўтобусам, які сёлета канфіскавала берасьцейская мытня. Расейскі кіроўца-кантрактнік вырашыў кантрабандай правесьці блёк цыгарэтаў. У выніку ён заплаціў штраф на 200 даляраў ЗША, а фірму пазбавілі транспартнага сродку.
"Неаднойчы мытныя правілы парушаюць прадстаўнікі беларускай чыгункі, аднак ніхто ж не канфіскоўвае цягнік, — кажа Эльвіра Хетых. — Негледзячы на тое, што канфіскацыя аўтобуса, паводле прадстаўнікоў беларускай пракуратуры, адбылася незаконна, нягледзячы на пратэсты пракуратуры супраць дзеяньняў мытні і рашэньняў Берасьцейскага раённага суда, беларускія чыноўнікі далі зразумець нам, што машыну можна вярнуць толькі праз хабар. І гэта ня 10–15 тысяч даляраў, пра якія напісана ў "Белорусской деловой газете", а 200 тысяч марак", — паведаміла Эльвіра Хетых.
"Сёньня ў нас няма ніякіх гарантыяў, што іншыя нашы транспартныя сродкі ня будуць абстраляныя альбо канфіскаваныя", — лічаць немцы.