ПРЭЗЫДЭНТ ЛІТВЫ НЯ ЗГОДНЫ З ТРЫМА ДЭПУТАТАМІ СОЙМУ, ШТО ЗАЯВІЛІ ПРА ДЭМАКРАТЫЧНЫ ХАРАКТАР БЕЛАРУСКІХ ВЫБАРАЎ

Юры Дракахруст, Прага

Некалькі дэпутатаў літоўскага парлямэнту назіралі за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў складзе місіі АБСЭ. Аднак яшчэ трое парлямэнтароў – сябраў сацыял-дэмакратычнай фракцыі назіралі за беларускімі выбарамі на ўласную ініцыятыву, яны знаходзіліся ў Беларусі па запрашэньні ўладаў, якія і аплочвалі іх паездку. Пасьля выбараў гэтыя трое назіральнікаў выступілі з заявамі, што выбары ў Беларусі прайшлі дэмакратычна, і што Лукашэнка перамог законна. Гэтая выснова разыходзіцца з высноваю АБСЭ, паводле якой выбары ў Беларусі прайшлі з грубымі парушэньнямі дэмакратычнай працэдуры.

Паводле словаў прэсавага сакратара прэзыдэнта Літвы, Валдас Адамкус заклікаў кіраўніцтва Сацыял-дэмакратычнай партыі вызначыцца, ці падзяляе яно ацэнку беларускіх выбараў, зробленую трыма прадстаўнікамі партыі.