РЭЛІГІЙНЫЯ АСПЭКТЫ ТЭРАКТАЎ СУПРАЦЬ АМЭРЫКІ

Кастусь Бандарук, Прага

Сёньняшні выпуск прысьвечаны рэлігійным аспэктам апошніх тэрактаў супраць Амэрыкі. Ці ў дадзеным выпадку можна гаварыць пра рэлігійныя карані замахаў, ці гэта палітычны тэрарызм, ці, хутчэй за ўсё, ісламскі джыхад? У абмеркаваньні гэтых пытаньняў ўдзельнічаюць: гісторык і ўсходазнаўца з Кіргіска-расейскага інстытуту ў Бішкеку Аляксандар Князеў, галоўны рэдактар габрэйскага часопісу “Мідраш” ў Варшаве Канстанты Гэббэрт і намесьнік муфція мусульманаў Беларусі Ібрагім Канапацкі.

Падзеі 11-га верасьня ў Злучаных Штатах літаральна ўскалыхнулі ўвесь сьвет. Беспрэцэдэнтная атака на Амэрыку была названая “актам вайны”, “атакай на ўвесь цывілізаваны сьвет”. І, дарэчы, дзякуючы дасягненьням цывілізацыі, увесь сьвет мог пабачыць на экранах тэлевізараў тыя жахі, што адбываліся ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Віноўнікі гэтага пачварнага злачынства пакуль ня знойдзеныя, але ў сьвядомасьці пераважнай большасьці амэрыканцаў існуе цесная сувязь паміж гэтым злачынствам і рэлігіяй. Агульнавядома, што злачынствы зьдзяйсьняюць злачынцы, а не арабы, габрэі, немцы, нацысты ці камуністы. Крадуць таксама злодзеі, а не, напрыклад, цыганы. Аднак ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў да словаў “тэрарызм”, “фундамэнталізм”, “экстрэмізм” амаль абавязкова і аўтаматычна дадаецца прыметнік “ісламскі”.

Вось таму сёньня я і хачу пагутарыць пра рэлігійныя аспэкты трагедыі ў ЗША. Я зьвярнуўся да прадстаўнікоў трох вялікіх рэлігіяў: габрэйскай, хрысьціянскай і ісламскай. Спачатку, аднак, пра іх рэакцыю на тое, што адбылося 11-га верасьня.

Першым гаворыць муфці беларускіх мусульманаў-татараў Ібрагім Канапацкі.

(Канапацкі: ) “Я ўспрымаю гэта як нешта вельмі жахлівае, як тое, што не ўкладаецца ў галаве, у нармальныя рамкі. Гэтыя карціны разбурэньняў, гэтыя жахі палохаюць, не ўкладаюцца ў сьвядомасьць нармальнага чалавека. Тым болей, што летась, дзякуючы запрашэньню амэрыканскага ўраду, я пабываў ў ЗША ў складзе дэлегацыі беларускіх нацыянальных мяншыняў. Мы пазнаёміліся там зтым, як амэрыканцы ставяцца да нацыянальных мяншыняў і як вырашаюць гэтую праблему. Гэта была вельмі цікавая паездка і цікавы праект. Асабліва прыемны быў апошні дзень паездкі, калі мы наведалі Нью-Ёрк, дзе былі ўражаныя прыгажосьцю гораду. Гэта была вясна і мы пабывалі таксама ў месцы, дзе адбылася гэтая жахлівая падзея”.

Гэта быў Ібрагім Канапацкі. А цяпер – як ўспрыняў тое, што здарылася ў ЗША, актыўны вернік-габрэй. Канстанты Гэббэрт жыве ў Варшаве, але часта бывае ў Ізраілі. Пад псэўданімам “Давід Варшаўскі” ён шмат піша пра тэрор і сытуацыю на Блізкім Ўсходзе.

(Гэббэрт: ) “Як усе, я ўспрыняў гэта з жахам, трывогай, з абурэньнем і з пачуцьцём бездапаможнасьці – як заўсёды, калі адбываецца злачынства. Гэтак, як заўжды я ўспрымаў весткі пра тэракты ў Ізраілі. Паміж імі няма розьніцы, хіба што толькі ў маштабах”.

Гаварыў Канстанты Гэббэрт, а цяпер думка праваслаўнага хрысьціяніна, знаўцы і дасьледніка Ўсходу Аляксандра Князева.

(Князеў: ) “Канечне, гэта была вялікая нечаканасьць. Цяжка было дапусьціць, што ў гэтак высокаарганізаванай краіне як ЗША нагэтулькі слаба спрацуе сыстэма бясьпекі. З другога боку, што тыя сілы міжнароднага тэрарызму, пра якія мы маем пэўнае ўяўленьне, здольныя на такія буйнамаштабныя дзеяньні. Гэта быў сапраўдны шок”.

Так, гэтак як для Аляксандра Князева зь Бішкеку, гэта быў шок для многіх. Тэракты супраць ЗША аднагалосна і адразу асудзілі амаль усе краіны сьвету, у тым ліку рэлігійныя лідэры. Глыбокі смутак выказаў Папа Яна Павал ІІ, Патрыярх Аляксі ІІ, а таксама габрэйскія лідэры.
“Людзі добра ведаюць законы фізычнага сьвету, але неаднойчы забываюць аб прынцыпах Дзесяці Запаветаў і Боскай волі. Калі б кожны чалавек памятаў пра тое, што іншы чалавек незалежна ад колеру скуры, нацыянальнасьці, расы, мовы і веравызнаньня – гэта ягоны брат, створаны на вобраз і падабенства Божае, то ніколі не зрабіў бы і нават не падумаў бы пра тое, што здарылася,” – напісаў ў тэлеграме прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу Апостальскі Адміністратар для каталікоў лацінскага абраду эўрапейскай часткі Расеі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч.

Трэба адзначыць, што ў пошуках віноўных гэтага злачынства, вочы амэрыканцаў і ўсяго сьвету, адразу зьвярнуліся ў бок ісламскіх экстрэмістаў. Аднак ужо на другі дзень пасьля трагедыі, 57 краінаў арганізацыі “Ісламская Канфэрэнцыя” афіцыйна асудзілі замахі ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне. У адмысловай заяве гаворыцца, што атакі супраць нявінных людзей супярэчаць ісламу. “Мы рашуча асуджаем усе акты тэрору,” – заявіў генэральны сакратар Арганізацыі Вахід Балказіз. А што думаюць пра гэта беларускія мусульмане?

(Канапацкі: ) “Канечне, гэта зрабілі людзі, якіх нельга назваць людзьмі. Нармальны чалавек ня здольны на такія паступкі. Вы ведаеце стаўленьне любой рэлігіі, любога верніка да таго, што называецца тэрарызмам. Паводле нашай рэлігіі, ісламу, нельга забіць ніводнага чалавека. Прарок наш Мухамэд (хай Бог будзе міласьцівы да яго) казаў, што “забіць хаця б аднаго чалавека, гэта ўсё роўна, што забіць увесь сьвет”. Гэта страшна. Зразумела, мы вельмі ўстрывожаныя тым, што адбываецца”.

Сапраўды, як адзначыў Ібрагім Канапацкі, у 5-й суры, 32 аяце Карану гаворыцца: “Калі хто-небудзь заб’е чалавека ня ў якасьці помсты за забойства іншага чалавека і за гвалт на зямлі, то гэта раўняецца забойству ўсіх людзей”. Гвалт і тэрор сапраўды ніяк не вынікаюць ні з агульнага духу Карану, ні з гэтак званай “Суны” – аповядаў пра словы і дзеяньні Прарока.

“Тое, што адбылося, ніяк ня вяжацца з вучэньнем гэтай ўсясьветнай рэлігіі і хутчэй зьяўляецца яе жахлівым скрыўленьнем,” – прызнаў у інтэрвію вядомы праваслаўны сьвятар а. Міхаіл Ардаў.

Зь іншага боку, у 6-й суры, 151-м аяце сказана: “Не забівайце жывых істотаў, якіх забіваць забараніў вам Аллах, за выключэньнем тых выпадкаў, калі вы маеце на гэта права”. У гэтых словах пра помсту і права ёсьць некаторае апраўданьне забойстваў. Дарэчы, у ісламе вельмі выразны падзел на “мусульманаў” і “немусульманаў”. Тых, якія ня прыймуць іслам. чакае толькі пекла. З другога боку, калі быць аб’ектыўным, таксама і ў Бібліі можна знайсьці апраўданьне самых процілеглых дзеяньняў…Канстанты Гэббэрт.

(Гэббэрт: ) “На жаль, у кожнай рэлігіі знойдуцца тыя, што спасылаюцца на аўтарытэт Божага Адкрыцьця, каб апраўдаць злачынствы. Гэта ня толькі спэцыфіка ісламу. Узгадайце крыжовыя паходы і рэлігійныя бойні ў хрысьціянстве. Узгадайце Баруха Гольдштайна, жыдоўскага забойцу, які з Божым імем на вуснах расстраляў 29 мусульманаў, якія маліліся ў Пячоры Патрыярхаў ў Гэброне. Аднак можна з упэўненасьцю сказаць, што Божае Адкрыцьцё ніколі не апраўдвае злачынстваў, хаця людзі будуць яго скажаць дзеля сваіх мэтаў”.

Цяжка не згадзіцца з думкай Спадара Гэббэрта, які добра ведае Біблію. У Сьвятым Пісаньні няма катэгарычнай і безумоўнай забароны ўжываць зброю і весьці вайну. Спасылаючыя на Сьвятое Пісаньне, адны, напрыклад Тэртуліян і Арыген, лічылі, што хрысьціяне не павінны ваяваць супраць нікога. Пад уплывам Нагорнай Казані, Леў Талстой парваў лучнасьць з Праваслаўнаю Царквою. Ён ухапіўся за фразу “не супраціўляйцеся злу гвалтам”. Яшчэ іншыя, пачынаючы ад Рыгора Вялікага, на падставе таго ж Сьвятога Пісаньня і Традыцыі, лічаць гвалт і вайну ў некаторых выпадках непазьбежнымі і законнымі.

Але вернемся да апошніх падзеяў. Ці ў выпадку тэрактаў, пра якія йдзе размова, напэўна можна гаварыць пра іх рэлігійныя матывы альбо аспэкты ? Спадар Аляксандар Князеў.

(Князеў: ) “Я думаю, што рэлігійны аспэкт напэўна тут прысутнічае, але відавочныя і палітычныя матывы. Я не хацеў бы яго выдзяляць. Мяркую, што тут прысутнічалі абодва аспэкты. Што тычыцца рэлігійнага, дык напэўна я не скажу нічога надзвычайнага. У ісламскіх краінах, у ісламскім сьвеце даволі выразна прысутнічае адчуваньне абмежаванасьці іхнай ролі ў міжнароднай супольнасьці. Пасьля ІІ Усясьветнай вайны, калі ісламскія краіны пачалі хутка разьвівацца, у выніку эксплюатацыі запасаў энэргэрэсурсаў, асабліва ў арабскіх краінах рэгіёну Пэрсідзкай Затокі, дык падвышэшньне іх ролі ў эканамічным сэнсе кантраставала зь іхнай палітычнай роляй на міжнароднай арэне. Адсюль выплывае пэўная незадаволенасьць, якая рэалізуецца шляхам ісламскіх лёзунгаў і палітычнай плятформы. Тут менавіта і поле для эксплюатацыі рэлігійных пачуцьцяў тым болей, што мяркуючы па ўсім, атакі супраць ЗША арганізавалі рэлігійныя фанатыкі”.

Гаварыў Аляксандар Князеў з Расейска-кіргіскага інстытуту ў Бішкеку. Аб тым, што тэракты супраць ЗША зьдзейсьнілі менавіта ісламскія рэлігійныя фанатыкі, перакананыя, паводле апытаньняў, 90 адсоткаў амэрыканцаў. Мільёны людзей бачылі, як непрыхавана палестынцы радаваліся пасьля замахаў і танцавалі на вуліцах. Прадстаўнік вядомага міжнароднага тэрарыста Асамы Бін Ладэна Джамал Ісмаіл паведаміў, што Асама Бін Ладэн “падзякаваў Усемагутнаму Аллаху і пакланіўся Яму, калі даведаўся пра замахі”. Нават вярхоўны муфці Расеі Талгат Таджудзін заявіў: “Амэрыка ўсюды спрабуе навесьці парадак, толькі ня можа яго навесьці ў сябе дома”. На ягоную думку, “Амэрыка была пакараная за сваю пыхлівасьць і ганарыстасьць, за жаданьне стаць гаспадаром сьвету ў часе, калі на гэтае месца можа прэтэндаваць толькі Ўсявышні Творца”. Такім чынам, прынамсі частка мусульманаў сама накіроўвае падазрэньне ў свой бок. Канстанты Гэббэрт.

(Гэббэрт: ) “Па-першае, пакуль ня ведаем, хто гэта зрабіў. Узгадайма Аклахома Сыты, той ўсплёск абурэньня на іслам. Аднак потым аказалася, што зрабіў гэта прыстойны амэрыканскі хлопец. Па-другое, нават калі за замахамі стаяць нейкія тэрарыстычныя арганізацыі з Блізкага Ўсходу, дык і так нельга віну ўскладаць на ўсіх арабаў, на ўсіх мусульманаў. Адказнасьць ляжыць на непасрэдных віноўніках бойні. З другога боку, вельмі гучны голас тых, якія лічаць, што Бог вітае забойствы нявінных людзей ў слушнай справе. Як сказаў галоўны, сэфардыйскі рабін Ізраілю, духоўныя лідэры маюць маральны абавязак аб’явіць рэлігійную забарону самагубных тэрактаў. Бо нават калі ісламскія экстрэмісты ня маюць нічога супольнага з апошнімі атакамі на Амэрыку, то іхныя дзеяньні бясспрэчна ўпісваюцца ў лёгіку сэрыі ранейшых замахаў ў Ізраілі цалкам з рэлігійным блаславенствам і з рэлігійных матываў”.

Мы ўжо гаварылі пра стаўленьне ісламу да забойства, аднак варта зьвярнуць увагу на самагубства. Тыя, што захапілі самалёты з пасажырамі і накіравалі іх у будынкі, напэўна, не даражылі ні жыцьцём іншых людзей, але, што цікавае, таксама і сваім. Калі яны былі мусульманамі, як мяркуюць многія, дык яны павінны ведаць, што іслам забараняе самагубства. Самагубства лічыцца ў ісламе злачынствам і вялікам грахом. “Не забівайце сябе. Сапраўды, Аллах міласьцівы да вас,” – гаворыцца ў 4-й суры, 29-м аяце Карану. Магамет перасьцерагаў перад самагубствам гэткім чынам: “Той, хто заб’е сябе жалезнай зброяй, будзе заўсёды насіць яе ў сабе ў пекле. Той, хто прыме атруту, каб памерці, будзе заўсёды піць яе ў пекле. Той, хто скочыць з гары, каб скончыць з сабою, будзе вечна падаць ў глыбіну пекла”. Калі як заказны забойца віноўнікі замахаў не разьлічвалі на зямную ўзнагароду, дык мусілі на нешта разьлічваць. Бяз моцнай веры ў справядлівасьць “сьвятой вайны” зь нявернымі - “джыхаду”, за сьмерць ў якой адразу загарантаваны рай, ніяк немагчыма зразумець
дзеяньні тэрарыстаў. Калі ласка, думка спэцыяліста. Аляксандар Князеў.

(Князеў: ) “У ісламе іх называюць “фэдаінамі” альбо “фэдаямі”. Гэта сынонім больш вядомага японскага паняцьця “камікадзэ”. Наагул, паняцьце “джыхаду” аналітыкі дзеляць на 7 складнікаў, зь якіх на адным полюсе самы нявінны – перацягненьне людзей ў іслам шляхам перакананьня, і на другім полюсе – “газават”, вайна і абяцаньне раю за зьнішчэньне “няверных”. Ёсьць розныя пункты погляду, але я ў сваіх дасьледаваньнях схіляюся да таго, што гэты элемэнт канфрантацыі з немусульманскім сьветам закладзены ў самым паняцьці джыхаду з самога пачатку. Бо ж паняцьце джыхаду вырасла з практыкі нападаў і рабункаў арабскіх ды іншых плямёнаў, што ператварылася ў лад жыцьця. Потым гэта транслявалася ў рэлігійнае паняцьце, абрасло ідэалягічным зьместам”.

Гэта была думка Аляксандра Князева з Расейска-кіргіскага інстытуту ў Бішкеку. Як ўжо падкрэсьлівалася, пакуль нікому не прад’яўлена афіцыйнага абвінавачаньня ў замахах. Аднак першыя затрыманьні пацьвярджаюць агульную думку, што тэрарысты могуць быць менавіта ісламскімі радыкаламі. Ці паводле назіраньняў з Блізкага Ўсходу, існуе небясьпека усплёску антымусульманскай фобіі? Калі ласка, спадар Гэббэрт.

(Гэббэрт: ) “Спадзяюся, што ня дойдзе да антымусульманскіх, антыарабскіх выступленьняў ў ЗША, якія адбываліся пасьля ранейшых масавых забойстваў. Аднак напэўна духоўныя лідэры ісламу будуць вымушаныя акрэсьліць сваю пазыцыю ў справе гэтай бойні. Іхная адказнасьць палягае ў тым, каб ясна і адназначна заявіць, што такое тлумачэньне Божага Адкрыцьця, якое нібыта заклікае да забойстваў, у сваёй аснове – памылковае. І тут з прыкрасьцю трэба адзначыць, што вельмі нешматлікія ісламскія лідэры выступілі з такімі заявамі. Напэўна таксама міжнародная супольнасьць зразумее, перад якой цяжкай дылемай стаіць Ізраіль, які зьяўляецца аб’ектам падобных атакаў ўжо год, а ў сапраўднасьці – 50 гадоў. І, магчыма, гэтага крывадушнага сьпешнага асуджэньня Ізраілю за ягоную рэакцыю на гвалт больш ня будзе”.

Гаварыў Канстанты Гэббэрт. На жаль, антыісламскія настроі сталіся фактам. Лідэры мусульманскай дыяспары ў ЗША ўпершыню заклікалі імамаў адмяніць публічныя пятнічныя малітвы. Многія мячэці ўзятыя пад ахову паліцыі. У некаторых амэрыканскіх гарадох прайшлі антыарабскія маніфэстацыі, некаторыя зь якіх закончыліся пагромамі. У чацьвер, 13-га верасьня, у прыгарадзе Далласу маніфэстанты закідалі бутэлькамі з “кактэйлямі Молатава” мясцовую мусульманскую абшчыну. У штаце Індыяна невядомы чалавек у масцы падпаліў бензакалёнку, дзе працуе выхадзец зь Емэну. Рэзка павялічылася колькасьць пагрозаў на адрас мусульманаў у Аўстраліі ды Нямеччыне. Акрамя таго, Злучаныя Штаты прыгразілі не названым краінам пакаральнымі ўдарамі. Ізраіль правёў некалькі наступальных атакаў супраць палестынцаў. Самае сумнае ва ўсім гэтым тое, што як правіла, зло спараджае зло, а гвалт выклікае гвалт; што зноў могуць пацярпець нявінныя людзі. На хвалі слушнага абурэньня гнеў можа зьвярнуцца супраць выпадковых людзей,

І, як гаворыцца ў Бібліі, “апошняе зло можа быць горш за першае”.