Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 9 верасьня 2001 году яшчэ раз прадэманстравалі антыдэмакратычны характар сучаснага беларускага рэжыму. Дыктатар Аляксандар Лукашэнка дамогся “перамогі” мэтадам: манапольнага кантролю над дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, фізычнае расправы з палітычнымі апанэнтамі, запалохваньня выбарцаў празь дзяржаўных чыноўнікаў і сваіх “вэртыкальшчыкаў”, паліцыйнага і адміністрацыйнага перасьледу прыхільнікаў кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі, недапушчаньня назіральнікаў у шмат якіх выпадках да выбарчых месцаў і фальсыфікаваньня галасоў.
У абліччы такой практыкі, Арганізацыя па Бясьпецы і Супрацоўніцтву ў Эўропе, у тым ліку Злучаныя Штаты, адмовіліся прызнаць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі свабоднымі і справядлівымі. Адразу ж па выбарах прадстаўнік Эўрапейскага Саюзу Хав’ер Саляна, кіраўнік замежна-палітычнага аддзелу, сказаў пра Беларусь: “Мы ня будзем нармалізоўваць дачыненьні з краінай, якая не паважае свабоды выбараў”. Прадстаўнік Дзяржаўнага дэмартамэнту ЗША Філіп Рыкер сказаў пра беларускія прэзыдэнцкія выбары: “На жаль, ніводзін аспэкт выбарчага працэсу ня быў празрыстым і справядлівым. Лукашэнка проста выкарыстаў фасад выбараў, каб змайстраваць сабе бяссэнсавую перамогу”.
Пасьля фарсу з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае ўсіх свабодалюбных суродзічаў не паслабляць працы на карысьць адраджэньня і ўмацаваньня беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці й не пакідаць надзеі, што раней ці пазьней беларускі народ даможацца права жыць у сваёй свабоднай, дэмакратычнай і заможнай дзяржаве. На баку гэткай ідэі стаіць сёньня заходні дэмакратычны сьвет, які выказвае беларускаму палітычнаму руху вельмі важнае палітычнае падтрыманьне.
Гістарычна справа адбудовы беларускай дэмакратычнай дзяржаўнасьці знаходзіцца цяпер на вышэйшым узроўні, як у мінулыя пэрыяды. Праца папярэднікаў не пайшла намарна, а праца сучасьнікаў павінна працягвацца далей. Нягледзячы на ўсе ўрадавыя фальсыфікаты й хлусьню менскіх афіцыйных сродкаў інфармацыі, прэздыэнцкія выбары паказалі, што вялікая частка беларускага грамадзтва, асабліва моладзь і гараджане, хочуць бачыць Беларусь дэмакратычнай і незалежнай дзяржавай. Значыцца, як пісаў вялікі Янка Купала, “не загіне Край Забраны, покуль будуць людзі”. Беларусь пакутуе, Беларусь змагаецца, Беларусь працуе на будучыню. Дыктатары – часовыя, Беларусь – вечная.
Жыве Беларусь!