Бальшыня апытаных менчукоў лічыць, што трэба аб'явіць жалобу ці хоць бы хвіліну маўчаньня па тысячах людзей, якія сталі ахвярамі жудаснага тэрарыстычнага акту ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Людзі выказваюць спачуваньні амэрыканскаму народу:
(Спадар: ) "Гэта нават горш за вайну! Такое адбылося! Столькі людзей загінула".
(Карэспандэнт: ) "Ці трэба ў Беларусі аб'яўляць жалобу?"
(Спадарыня: ) "Мабыць, так — людзі загінулі".
(Спадар: ) "Дзесяць тысяч чалавек невінаватых загінулі. Трэба, вядома, аб'явіць".
(Спадарыня: ) "Безумоўна, трэба. Пэнтагон — гэта іншае пытаньне. Але там шмат цывільных людзей загінула".
(Спадарыня: ) "Думаю, што так. Шкада людзей".
(Іншая спадарыня: ) "Мяркую, трэба. Таму што агульны боль".
(Спадар: ) "З аднаго боку трэба. Але зь іншага — трэба, каб і Штаты задумаліся, калі рушацца дамы ў Расеі, каб не выказвалі вэрсіяў, што гэта зрабілі спэцслужбы".
(Карэспандэнт: ) "Ці трэба аб'яўляць жалобу?"
(Спадарыня: ) "Трэба, там таксама людзі".
(Спадар: ) "На мой погляд, трэба. Людзі — паўсюль людзі. Яны створаныя на зямлі адным богам. І мне, дарэчы, вельмі не спадабалася, калі ў той жа дзень увечары наша тэлебачаньне круціла мультфільм пра Віні-Пуха".
(Спадарыня: ) "Я думаю. што трэба. Шкада людзей, людзі ні ў чым не вінаватыя".
(Спадарыня: ) "Канечне, таму што трагедыя для ўсіх".
(Спадар: ) "Трэба. Гэта людзі. Людзі пакутуюць".
Але давялося сустрэць і тых, якія лічаць, што Аляксандар Лукашэнка робіць правільна. Як аргумэнты гэтыя суразмоўцы згадваюць пазалеташняе бамбаваньне Югаславіі:
(Спадар: ) "Людзей, безумоўна, шкада. Але Амэрыка трапіла на тое, на што даўно прасілася. Нават калі ўзгадаць Югаславію..."
(Спадарыня: ) "Ну, а калі былі падзеі ў Югаславіі, мы жалобу не аб'яўлялі".
(Карэспандэнт: ) "Ці трэба ў Беларусі аб'яўляць жалобу?"
(Спадарыня: ) "Вы ведаеце, я так ня думаю. Так, вельмі цяжка, балюча і непрыемна, людзей вельмі шмат загінула, асабліва нявінных людзей. Але гэта далёка ад нас. Я лічу, што Амэрыка ня вельмі да нас добра ставіцца".
Прыхільнікі абвяшчэньня жалобы кажуць, што дзеяньні ўладаў Беларусі, якія нават не аб'явілі хвіліну маўчаньня, характарызуюць, па-першае, саму ўладу, а па-другое — беларуска-амэрыканскія дачыненьні.
(Карэспандэнт: ) "Пра што сьведчыць той факт, што ў Беларусі не аб'явілі ні жалобы, ні хвіліны маўчаньня?"
(Спадарыня: ) "Пра тое, што мы некультурны народ".
(Спадарыня: ) "Абыякавасьць паказваем".
(Спадарыня: ) "Мабыць, пра нечую жорсткасьць".
(Спадар: ) "Я ня думаю, што калі не аб'яўляюць, то людзі і ня будуць у жалобе".
(Спадарыня: ) "Я думаю, што яшчэ аб'явяць. Адумаюцца і аб'явяць".
(Карэспандэнт: ) "Той факт, што ў Беларусі не аб'яўляюць жалобу і нават хвіліну маўчаньня, як зрабілі ва ўсім сьвеце, — пра што гэта можа сьведчыць?"
(Спадар: ) "Пра нечалавечнасьць нашых кіраўнікоў".
(Спадар: ) "Стаўленьне да Амэрыкі ў нашага прэзыдэнта дрэннае. Толькі праз гэта".
(Карэспандэнт: ) "Але сьмерць робіць усіх людзей роўнымі..."
(Спадар: ) "Ня ведаю, мабыць у яго гордасьці болей, чым розуму".