З Адрыянам Севярынам гутарыў наш карэспандэнт:
(Карэспандэнт: ) "Спадар Севярын, вы ўжо добра ведаеце нашую краіну, ці чакалі вы менавіта такога выніку ўчорашніх выбараў?"
(Севярын: ) "На жаль, мушу сказаць, што я сапраўды расчараваны тым, што пасьля такіх шматлікіх сыгналаў добрай волі з нашага боку, пасьля столькіх нашых дыялёгаў зь беларускімі ўладамі, яны так і ня здолелі палепшыць сытуацыю ў краіне ў адпаведнасьці з прынцыпамі АБСЭ.
Я ўжо казаў, што грамадзтва паказала пэўны прагрэс. І вельмі важна падтрымаць усіх, хто ажыцьцявіў гэты прагрэс. Але як мы ведаем, для танга патрэбныя двое. Мы можам падкрэсьліць і прадэманстраваць нашае жаданьне дыялёгу і супрацоўніцтва. Але калі іншы бок рухаецца занадта павольна , то і працэс гэты ў цэлым будзе павольны. І гэта сумна".
(Карэспандэнт: ) "Вы сёньня прызналі, што супраць палітыкі ізаляцыі Беларусі. Што гэта будзе азначаць на практыцы ў палітыцы АБСЭ?"
(Севярын: ) "Так, гэта прынцып дастаткова зразумелы. Цяпер гэты прынцып будзе выкарыстаны ў палітыцы ўрадамі краінаў АБСЭ. Але я хачу паўтарыць, што гэта ня ёсьць нейкай надзвычайнай зьменай у прынцыпах нашай палітыкі, таму што мы ніколі не прымалі рашэньня пра ізаляцыю Беларусі. Ізаляцыя, якая існавала, была найперш самаізаляцыяй. І мы жадаем, каб гэта стала зразумела ўсім, хто гэтым занепакоены".