18:20 ЯК ГАЛАСАВАЛІ ВЯДОМЫЯ Ў БЕЛАРУСІ ЛЮДЗІ?

Апытаў Міхал Стэльмак, Менск

Гаворыць старшыня галіновага прафсаюзу аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) "Мабыць, я вялікага сакрэту не адкрыю — відавочна, за каго я галасаваў. Я давераная асоба і сябар каманды Ўладзімера Ганчарыка. Я і сам браў удзел у гэтай выбарчай кампаніі як кандыдат у прэзыдэнты.

Як бы ні скончыліся сёньня выбары, заўтра мы прачнемся ў іншай краіне. На мой погляд, патэнцыял пераменаў у грамадзтве вялікі. Нават калі цяперашняя ўлада абвесьціць сябе пераможцай ды прадоўжыць сваё існаваньне, ініцыятыву зь сёньняшняга дня яна ўжо губляе — раз і назаўсёды. Краіна свае перамены заслужыла, і яны абавязкова адбудуцца".

Гаворыць актывіст рабочага руху Беларусі Сяргей Антончык:

(Антончык: ) "Сёньня я галасаваў за Ганчарыка Ўладзімера Іванавіча. І так галасавала ўся мая сям'я, знаёмыя, суседзі.

На мой погляд, Ганчарык як кандыдат можа і ня самы магутны з усёй грамады беларускай, але так сталася, што ён сёньня прадстаўнік цывілізаванай часткі грамадзтва. Калі б Ганчарык стаў прэзыдэнтам, то прэм'ерам быў бы Домаш і Беларусь стала б эўрапейскай краінай — ня толькі геаграфічна, але й па мадэлі палітычнай, эканамічнай.

Мае дзеці, напрыклад, кепска ведаюць Ганчарыка, але яны цвёрды ведаюць, што трэба галасаваць за будучыню".