“АД ТАГО ДНЯ, КАЛІ БЫЎ СКІНУТЫ МІЛОШАВІЧ, МЕНСКІ ДЫКТАТАР СЬНІЦЬ КАШМАРЫ…”

Сяргей Шупа, Прага

«У нядзелю – выбaры. Беларусь чакае свабоды» – гэта загаловак камэнтара ў сёньняшнім нумары газэты Svenska Dagbladet. Яго аўтар Андэрс Ослюнд апісвае перадвыбарчы Менск: «За савецкім часам ніводзін горад ня быў такі савецкі, як сталіца Беларусі Менск, дзе пануе сталінская архітэктура. Гэтае ўражаньне захоўваецца і дагэтуль. Паўсюль чыста, дамы на галоўных вуліцах нядаўна пафарбаваныя. Аднак калі я заходжу ў прадуктовую краму, я чую стары савецкі пах. На шырокіх праспэктах зусім мала машын. Дый людзі апранутыя па-савецку. Віншуем зь вяртаньнем у СССР!» – чытаем сёньня ў швэдзкай Svenska Dagbladet.

Францускі тыднёвік L’Express публікуе сёньня артыкул Сыльвэна Паскье «Каго баіцца Лукашэнка?» «Напярэдадні выбараў 9 верасьня, нягледзячы на ўсе намаганьні, скіраваныя та тое, каб забясьпечыць яму перамогу, менскі гаспадар выяўляе пэўную нэрвознасьць. Ад таго дня, калі быў скінуты Слабадан Мілошавіч, менскі дыктатар сьніць кашмары...»

Элен Дэспіч-Попавіч у артыкуле «Лукашэнка – менскі аўтакрат» у парыскай газэце Liberation піша: «Калі б славутую формулу «Дзяржава – гэта я» не вынайшаў Людовік XIV, можна было б спадзявацца, што яе прыдумае Аляксандар Лукашэнка, цяперашні кіраўнік беларускай дзяржавы...» У чым шанцы дэмакратаў? – задаецца пытаньнем карэспандэнтка. Шмат колішніх сяброў Лукашэнкі цяпер у апазыцыі. І яны працягваюць кантакты зь цяперашняй намэнклятурай. Гэта – беспрэцэдэнтны фактар у Беларусі. Калі б апазыцыя здолела вырваць у дыктатара другі тур, дык пазыцыя намэнклятуры магла б стацца вырашальнай.

Швэйцарская Le Temps зьмяшчае камэнтар Сэржа Эндэрліна «Бялград і Менск – той самы бой?» Аўтар піша: «Сталінская, абсурдысцкая, дапатопная – як толькі не называюць дыктатуру, якую навязаў беларусам Аляксандар Лукашэнка, дэмакратычна абраны ў 1994 годзе кіраўнік дзяржавы. Абсалютны гаспадар у сваім Парку Савецкага Пэрыяду – жывым музэі сыстэмы, пахаванай дзесяць гадоў таму – менскі сатрап пакуль што не адчуў на сабе, або адчуў вельмі мала, гнеўныя маланкі заходніх краінаў, якія былі аднадушныя, калі трэба было зваліць Слабадана Мілошавіча – бялградзкага тырана і балканскага мясьніка... Ваганьне самых беларусаў паміж сьцьвярджэньнем самастойнага існаваньня і вяртаньнем у СССР не павінна засланяць прыроду Лукашэнкавага рэжыму. Эскадроны сьмерці, здушэньне прэсы: вось яна, дыктатура ў самым сэрцы Эўропы», – пішацца ў камэнтары швэйцарскай газэты Le Temps.

Публікацыяў пра Беларусь гэтымі днямі неверагодна шмат. Адзін пералік загалоўкаў заняў бы, мабыць, ня менш за пяць хвілін. Згадаем толькі некаторыя, найбольш паказальныя і інфармацыйныя: «Чаму фальшуем вынікі? Дык гэта звычайная праца, за якую нам плаціць дзяржава...» (швэйцарская Le Temps); «Апошняя перамога рэлікта» (латыская Diena); «Менскі сатрап змагаецца за перавыбраньне» (францускі тыднёвік Le Point); «Пад бізуном» (нямецкая Der Tagesspiegel); «Ціхая надзея на прафсаюзнага боса» (нямецкі тыднёвік Rheinischer Merkur); «Лукашэнку мроіцца прывіда Каштуніцы» (літоўская Lietuvos Žinios); «Дэмакратура» (польскі тыднёвік Wprost); «Беларускія выбары пад кантролем» (швэдзкая Goteborgs-Posten); «Лукашэнка – калгасны абраньнік» (румынская Romania Libera); «Дэспат упэўнены ў сваёй перамозе» (нямецкая Lippische Landes-Zeitung); «Фюрэр Лукашэнка ператварае выбары ў фарс» (швэйцарская Basler Zeitung); «Выбары ў апошнім савецкім аазісе» (яшчэ адна швэйцарская газэта – Tagblatt). Нагадаем, што гэта далёка ня поўны сьпіс сёньняшнім публікацыяў пра Беларусь.

А вось Енс Гартман назваў свой арткул у газэце Die Zeit неарыгінальна: «Апошні дыктатар Эўропы». Хто такі Лукашэнка? Клінічны выпадак? Актор, якога нельга недаацэньваць? Уладар зь цьвёрдай рукой? – аўтар шукае ў артыкуле адказаў на гэтыя пытаньні, а ў канцы распавядае найноўшы анэкдот: «Падлічыўшы галасы, Ярмошына кажа Лукашэнку: – У мяне дзьве навіны. Добрая – вы зноў прэзыдэнт. Дрэнная – за вас ніхто не прагаласаваў...»