ЗІНАІДА ГАНЧАР ПЕРАКАНАНАЯ, ШТО ЛУКАШЭНКА ВЕДАЕ, ШТО АДБЫЛОСЯ ЗЬ ЕЙНЫМ МУЖАМ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Віктар Ганчар да зьнікненьня быў адным з найбольш актыўных лідэраў беларускай апазыцыі. Ён пасьлядоўна змагаўся за аднаўленьне Канстытуцыі 1994 году, пры ягоным непасрэдным удзеле ў траўні 1999 году згодна з гэтай Канстытуцыяй праводзіліся выбары прэзыдэнта.

Зьнік Віктар Ганчар увечары 16 верасьня 1999 году пры загадкавых абставінах. Разам зь бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім ён паехаў у лазьню на вуліцы Фабрычнай, адкуль дамоў не вярнуўся. Таямніцу гэтага зьнікненьня дагэтуль не раскрылі.

Жонка Ганчара Зінаіда ў сёньняшнім інтэрвію Радыё Свабода сьцьвярджае, што Аляксандар Лукашэнка ведае, што адбылося зь ейным мужам.

(Зінаіда Ганчар: ) "Трэба патрабаваць ад праваахоўчых структураў працы. Калі кажуць пра незалежнасьць пракуратуры, то трэба патрабаваць і незалежнага расьсьледаваньня. Ня дзеля прэзыдэнта краіны ці нейкага іншага боку, а дзеля незалежнага расьсьледаваньня".

(Карэспандэнт: ) "А вы сумняваецеся ў тым , што гэта незалежнае расьсьледаваньне?"

(Зінаіда Ганчар: ) "Канечне, сумняваюся. Паколькі пракуратуру ўзначальвае чалавек, вядомы тым, што ён заўсёды выконваў усе загады прэзыдэнта (маю на ўвазе Віктара Шэймана), то пра аб'ектыўнае расьсьледаваньне гаварыць не даводзіцца".

(Карэспандэнт: ) "Апошнім часам гучаць страшныя словы пра лёс вашага мужа".

(Зінаіда Ганчар: ) "Я не хачу верыць у тое, што зараз пішуць, таму што наша надзея — гэта падмурак нашага цяперашняга існаваньня. А па-другое, я разумею, што ідзе перадвыбарчая кампанія. Мяркую, што кожны кандыдат павінен быць самадастатковым, не абапірацца на нейкі скандал. Варта згадаць, што ўсё адбылося ня месяц таму, а яшчэ 16 верасьня 1999 году".

(Карэспандэнт: ) "Ці тэлефанавалі вам сёньня сябры Віктара?"

(Зінаіда Ганчар: ) "Так, тэлефанаваў Лябедзька, і наведаў мяне Генадзь Цярэня".

(Карэспандэнт: ) "А хтосьці з прадстаўнікоў улады цікавіўся сёньня вашымі справамі?"

(Зінаіда Ганчар: ) "Ну, канечне ж, не".

(Карэспандэнт: ) "Вы неяк згадвалі, што адразу пасьля таго, як быў абстраляны аўтамабіль, у якім ехаў ваш муж, вам дадому патэлефанаваў Лукашэнка".

(Зінаіда Ганчар: ) "Так, гэта было. Ён сказаў, што ня мае да гэтага дачыненьня".

(Карэспандэнт: ) "А пасьля таго, як зьнік Віктар, вам Лукашэнка не тэлефанаваў?"

(Зінаіда Ганчар: ) "Не, больш ніколі. Я казала і буду казаць, што Лукашэнка ведае, што адбылося. І вінаваты ён ня толькі як кіраўнік дзяржавы, які ня здолеў гарантаваць бясьпекі майму мужу. Ягоная віна і ў тым, што ён маўчыць, ён увесь гэты час маўчыць, а маўчаньне, як вядома, ёсьць садзеяньнем злачынству".