УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК НАВЕДАЎ ВІЦЕБШЧЫНУ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньня апоўдні Ўладзімер Ганчарык сустрэўся з жыхарамі горада Барані – спадарожніка Воршы – а па абедзе наведаў і раённы цэнтар. У аршанскім кінатэатры “Перамога” на сустрэчу са сп.Ганчарыкам сабралася поўная заля – больш за 600 чалавек. І каля дзьвюх тысячаў віталі сёньня кандыдата ад дэмакратычных сілаў на віцебскім пляцы Леніна, дзе а 18-й гадзіне распачаўся мітынг.

Ужо на падыходзе да пляцу віцяблянаў сустракалі маладыя людзі у бэйсболках з надпісам “Надоел!” ды белых майках са словамі “Скажи дураку “Нет!”. Яны распаўсюджвалі незалежныя газэты ды агітацыйныя матэрыялы пра адзінага кандыдата ад апазыцыі. Сам Уладзімер Ганчарык выступіў на мітынгу з кароткай прывітальнай прамовай, падкрэсьліўшы, што яго заўсёды найбольш цікавяць дыялёгі, а не маналёгі са шматлікімі пустымі абяцаньнямі. Таму багата часу сп.Ганчарык прысьвяціў адказам на пытаньні жыхароў Віцебшчыны.

Пытаньні, зададзеныя і віцяблянамі, і аршанцамі, былі самыя разнастайныя: ”Ці будзе своечасова выплочвацца пэнсія пасьля перамогі апазыцыйнага кандыдата?” “Як зьменіцца мінімальны заробак?” “Што станецца з Лукашэнкам у выпадку ягонае паразы на выбарах?” “Якія магчымыя зьмены ў сыстэме адукацыі?” “Ці будзе саюз з Расеяй?” “Як новая ўлада зьбіраецца дапамагаць прадпрымальнікам” і нават “Ці будзе пасьля 9 верасьня легалізаваная прастытуцыя?”

На некаторыя пытаньні сп.Ганчарык адказваў адразу, іншыя абяцаў абмеркаваць потым з адмыслоўцамі. Аднак ужо сама разнастайнасьць згаданых праблемаў засьведчыла, што на перамогу Ганчарыка ды зьмены ў сваім жыцьці спадзяюцца самыя розныя асяродкі грамадзтва. Невыпадкова на цэнтральным месцы ў натоўпе віцяблянаў сёньня быў плякат: “Гэтак далей жыць немагчыма. Лукашэнка, сыходзь!”

Праз гадзіну па сканчэньні мітынгу стала вядома, што сёньня ў Віцебску не абышлося без затрыманьняў. Міліцыянты завезьлі ў Кастрычніцкі райадзьдзел ды абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету шасьцёх удзельнікаў мітынгу, якія рушылі дадому пад бел-чырвон-белым сьцягам ды з тым самым плякатам пра сыход Лукашэнкі.