"НЕЗАЛЕЖНАЕ НАЗІРАНЬНЕ" ПРАГНАЗУЕ МАСАВЫЯ ФАЛЬСЫФІКАЦЫІ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла сёньня, што за 2 дні датэрміновага галасаваньня выбарчыя ўчасткі наведалі больш як 4% выбарцаў. Каардынатар сыстэмы паралельнага падліку галасоў "Незалежнага назіраньня" Міраслаў Кобаса мяркуе, што гэтая лічба найхутчэй заніжаная.

Паводле падлікаў "Незалежнага назіраньня", цягам двух дзён па ўсёй Беларусі прагаласавала ня менш як 7% выбарцаў. Спадар Кобаса пры гэтым дадаў, што лічбы гэтыя папярэднія, а больш дакладныя зьявяцца заўтра ці пазаўтра.

А каардынатар "Незалежнага назіраньня" Мечыслаў Грыб патлумачыў, нашто ўлады спрабуюць занізіць гэтыя лічбы:

(Грыб: ) "Улады неафіцыйна хочуць арганізаваць, каб 50% выбарцаў са сьпісаў прагаласавалі датэрмінова. Гэта хочуць схаваць і не даваць сапраўдных зьвестак пра колькасьць тых, хто прагаласаваў. А потым хочуць паставіць усіх перад фактам".

Паводле інфармацыі, якую спадар Грыб атрымаў з вартых даверу крыніцаў, старшыням усіх выбарчых камісіяў далі ўказаньне, каб дно ў скрынях для галасаваньня прыкручвалася шрубамі — каб яго можна было адкрыць, не пашкодзіўшы пячатак.

Паводле Мечыслава Грыба, старшыні камісіяў перад складаньнем выніковага пратаколу мусяць узгадняць лічбы з кіраўнакамі выканкамаў. А галоўныя вэртыкальшчыкі ўсіх раёнаў краіны ўжо атрымалі чыстыя блянкі бюлетэняў.

Тым часам парушэньні выбарчага закону ў часе датэрміновага галасаваньня набываюць масавы характар. Так, сябры выбарчых камісіяў у Валожынскім раёне Менскай вобласьці езьдзяць па вёсках з выбарчымі скрынямі ды прапануюць усім галасаваць датэрмінова. Падобныя факты зафіксавалі і ў самім Валожыне.

У многіх раёнах старшыні камісіяў не шукалі фармальных прычынаў, каб не рэгістраваць незалежных назіральнікаў. У Горацкім раёне Магілёўскай вобласьці звольнілі з працы выкладчыцу Людмілу Гушчу, сяброўку "Незалежнага назіраньня".

Дырэктар магілёўскага заводу "Трансмаш" Чарткоў загадаў, каб рабочыя ягонага прадпрыемства галасавалі датэрмінова. Штодня на прахадной заводу стаяць аўтобусы, якія дастаўляюць працаўнікоў на выбарчыя ўчасткі.

Галасаваць датэрмінова сваіх навучэнцаў прымушаюць адміністрацыі магілёўскай вучэльні бытавога абслугоўваньня, магілёўскай прафвучэльні хімікаў і палітэхнікуму. У вёсцы Лапацічы Слаўгарадзкага раёну старшыня ўчастковай камісіі Ніна Герасіменка трымала на ўчастку агітацыйныя матэрыялы за кандыдата Лукашэнку.

Учора ў школе №12 Слуцку адбыўся агульны сход бацькоў. Пасьля яго заканчэньня людзям настойліва раілі тут жа датэрмінова прагаласаваць. А на ўчастку №35 у Ашмянах старшыня камісіі Лілія Мурашка пазбавіла права прысутнічаць на ўчастку назіральніцу Марыю Церахаву. Старшыні камісіі падалося, што спадарыня Церахава вяла паралельны падлік галасоў.

А пра тое, як праходзіць датэрміновае галасаваньне ў Віцебскай вобласьці распавядае каардынатар "Незалежнага назіраньня" у гэтым рэгіёне Іосіф Навумчык:

(Навумчык: ) "Парушэньні закону ў тым, што людзей прымушаюць датэрмінова галасаваць. Так паўсюль, ад маленькіх бальнічак у Віцебскім раёне — у нас ёсьць такі факт, мэдсястра нам патэлефанавала й прасіла разабрацца. І да вялікіх калектываў — як пэдагагічны ўнівэрсытэт, тэхналягічны ўнівэрсытэт, мясакамбінат, наваполацкія прадпрыемствы, віцебскі тэлевізійны завод "Віцязь" і гэтак далей".