НА МАСАВУЮ МОЛАДЗЕВУЮ АКЦЫЮ Ў ПАДТРЫМКУ ЛУКАШЭНКІ Ў ГОРАДНІ ЎЛАДЫ ЗАВАБІЛІ ДЗЯСЯТКІ ТЫСЯЧ ПАДЛЕТКАЎ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Акцыя рэклямавалі нэўтральна — як культурныя і відовішчныя мерапрыемствы. Але ўражвалі маштабы арганізацыі — у цэнтры гораду суботнім вечарам перакрылі рух, маршруты аўтобусаў і тралейбусаў зьмянілі або скарацілі. У крамах забаранілі продаж моцных напояў, апроч піва, а на Савецкай плошчы пабудавалі памост — для "моладзевай дыскатэкі".

Разам з уладамі арганізатарамі сталі Беларускі патрыятычны саюз моладзі і Беларускі саюз моладзі, якія падтрымліваюць на выбарах Лукашэнку. У гарвыканкаме мне сёньня сказалі, што мэта гэтай акцыі — масава адзначыць пачатак навучальнага году. Штопраўда, выступіў старшыня гарвыканкаму Анатоль Пашкевіч, які заклікаў удзельнічаць у выбарах. Але агітацыі за Лукашэнку не было, запэўнілі мяне.

Аднак сам я чуў адваротнае з вуснаў ды-джэяў радыёстанцыі "Бі-Эй", якія вялі дыскатэку. Пэрыядычна яны нагадвалі людзям на пляцы, што 9-га адбудуцца выбары і што трэба падтрымаць "бацьку". Пры гэтым яны вымагалі з боку моладзі ўхвальных выгукаў, хаця вялікая частка прысутных там галасаваць ня будзе — бо ня мае 18 гадоў.

На вулічную дыскатэку зьехаліся ня толькі студэнты, але й школьнікі. Па зьвестках міліцыі, у 22 гадзіны моладзі на плошчы было ўжо пад 45 тысяч чалавек. А пазьней, у час фаервэрку, іх было ажно 57 тысяч — больш, чым кожны шосты жыхар Горадні. Фаервэрк зафундаваў БСМ.

Улады ўсё выдатна разьлічылі. Моладзі хочацца сьвята, яна толькі што зьехалася на заняткі, а ёй — сьвята з агітацыяй, "галасуй за Лукашэнку".

Уладзімеру Ганчарыку, які прыяжджаў напярэдадні, улады не дазвалялі сустрэцца з выбарцамі на пляцы.

У нядзелю ў межах наладжаных уладамі "культурна-відовішчных" мерапрыемстваў выступіў расейскі ансамбль "Руская песьня" пад кіраўніцтвам Надзеі Бабкінай.

У гэты ж дзень у Ашмянах адбылася сустрэча з выбарцамі Анатоля Лябедзькі, даверанай асобы Ўладзімера Ганчарыка. Абласная газэта надрукавала крытычны артыкул жыхара Ашмянаў пра спадара Лябедзьку. Аднак жа на сустрэчу з даверанай асобай сабралася поўная заля раённага дому культуры. А навокал дзяжурыла ня толькі міліцыя, але і салдаты-памежнікі, каб Анатоль Лябедзька не затрымаўся ў райцэнтры болей за 3 гадзіны.

Тым жа вечарам ашмянская моладзь заляпіла горад агітацыйнымі выбарчымі налепкамі. Міліцыя схапіла школьніка Сяргея Канеўку. У райаддзеле адзін міліцыянт ударыў яго. Уся віна хлопца ў тым, што ён наляпіў налепку на спэцыяльны інфармацыйны стэнд.