ДВА СЯБРЫ КХП БНФ ПРАВЯЛІ НА ВІЦЕБШЧЫНЕ “ВЕЛАПРАБЕГ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ”

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Андрэй Капорыкаў і Раман Салаўян, якія нядаўна зладзілі ў віцебску
індывідуальны “Марш незалежнасьці” пад бел-чырвон-белымі сьцягамі, учора пераселі на ровары. Прымацаваўшы да іх бел-чырвона-белыя сьцягі, хлопцы праехалі каля 50 км па бліжэйшых да Віцебску вёсках.

Тамтэйшыя жыхары паставіліся да незвычайнага выгляду падарожнікаў зь вялікай цікавасьцю: распытвалі пра сьцягі, беларускую гісторыю і нават раіліся, за каго найлепш было б прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах. Вярнуўшыся ў Віцебск, сп.сп. Салаўян і Капорыкаў праехаліся яшчэ па цэнтральных вуліцах гораду да пляца Волі. Абодва яны адзначаюць, што служба ДАІ назірала за іхнай акцыяй са зьдзіўленьнем, а людзі, зь якімі даводзілася сустракацца, з разуменьнем і цікавасьцю. Варта зазначыць, што “ВЕЛАПРАБЕГ Незалежнасьці” ў Беларусі праводзіўся ўпершыню.