ПЕРАДВЫБАРЧАЯ ЦЭНЗУРА - СЁНЬНЯ НЕКАТОРЫЯ ГАЗЭТЫ ВЫЙШЛІ ЗЬ БЕЛЫМІ ПЛЯМАМІ

Валер Каліноўскі, Менск

"Предпринимательская газета" сёньня выйшла зь белымі плямамі. Замест тэксту ідзе надпіс: "На гэтым месцы павінен быць матэрыял, публікацыя якога ўжо ў друкарні забароненая службовай асобай, якая прасіла не называць імя".

Забаранілі артыкул пра тое, што А.Лукашэнка ўжо адбыў два тэрміны прэзыдэнцтва, адзін зь якіх быў скарочаны з прычыны рэфэрэндуму, і таму ён ня можа балятавацца трэці раз. Гэтая службовая асоба — першы намесьнік старшыні Дзяржкамдруку Ўладзімер Глушакоў, які цяпер выконвае абавязкі дырэктара друкарні "Мэджык".

Спадар Глушакоў ня лічыць, што ён дапусьціў факт цэнзуры: гэта проста "добрая сяброўская парада", зазначыў ён Свабодзе. Уладзімер Глушакоў выказаў свае прэтэнзіі да гэтага артыкула:

(Глушакоў: ) "Як кажуць, там парушэньні Закону аб друку, ярасныя выпады, заклікі дэстабілізаваць выбары і гэтак далей. Там заявы пра тых, хто пойдзе на галасаваньне, то няхай сябе зараней лічыць злачынцам, бо галасуе за злачынцу. Вось так вось".

Як паведаміў намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу Ганчарыка Аляксандар Дабравольскі, сёньня меў месца яшчэ адзін факт перадвыбарчай цэнзуры. Цэнзарскімі нажніцамі ў "Советской Белоруссии" і "Звяздзе" з праграмных публікацыяў адзінага кандыдата ад апазыцыі выразалі крытыку сёньняшняга становішча ў краіне — прыкладна паўтары старонкі тэксту:

(Дабравольскі: ) "Ніякіх законных падставаў на гэта яны ня мелі. Яны некалькі разоў угаворвалі нас ня ставіць іх у цяжкае становішча. Я маю на ўвазе рэдактараў Якубовіча і Наркевіча. Ну, Наркевіч там маўчаў, Якубовіч больш гаварыў. Я думаю, што яны проста баяцца, калі хтосьці кагосьці крытыкуе. У іх не атрымліваецца дазволіць сказаць людзям праўду".

На думку спадара Дабравольскага, гэта характарызуе ўладу, якая баіцца праўды. Нават БТ і дзяржаўнае радыё не выкарыстоўвалі цэнзарскіх нажніцаў пры мантажы выступаў апазыцыйных кандыдатаў. У штабе Ўладзімера Ганчарыка паведамілі, што будуць абскарджваць гэтыя незаконныя дзеяньні рэдакцыяў у пракуратуры і ЦВК.

Рэдактар "Советской Белоруссии" Павал Якубовіч адмовіўся камэнтаваць Радыё Свабода прычыны цэнзуры ў сваёй газэце. У самой жа газэце напісана, што ў праграмнай публікацыі Ганчарыка нібыта была "агульная і суб'ектыўная крытыка іншых кандыдатаў, што, паводле тлумачэньня ЦВК, непрымальна".

Пры гэтым, як прызнаў спадар Дабравольскі, у гэтых СМІ дапускаюць падвойныя стандарты, паколькі "агульныя і суб'ектыўныя выказваньні" на адрас самога Ганчарыка яны сабе дазваляюць. Напрыклад, у гэтым жа нумары "Советской Белоруссии" і "Звязды" надрукаваная заява іншага кандыдата Сяргея Гайдукевіча з сапраўды суб'ектыўнымі абвінавачаньнямі на адрас У.Ганчарыка.

Між тым, кіраўнік юрыдычнага аддзелу ЦВК Галіна Мкртчан паведаміла Свабодзе, што ніякіх высноваў аб прымальнасьці ці непрымальнасьці пэўных выказваньняў у праграмных публікацыях кандыдатаў газэтам не давалі. Увогуле, Выбарчы кодэкс не дазваляе цэнзуры. Гаворыць прэсавы сакратар ЦВК Валеры Юрэвіч:

(Юрэвіч: ) "Якая цэнзура? Вы што — няма ніякай цэнзуры ў Выбарчым кодэксе, пачытайце закон вазьміце".