ДЫРЭКТАР МАГАТЭ ПРАПАГАНДУЕ ВЫРОШЧВАНЬНЕ ХАРЧОВАГА РАПСУ Ў ЧАРНОБЫЛЬСКІХ РАЁНАХ

Юры Сьвірко, Менск

А мясцовыя чыноўнікі плянуюць з дапамогай МАГАТЭ карміць людзей алеем з забруджаных тэрыторыяў.

Генэральны дырэктар МАГАТЭ Махамэд ЭльБарадзей учора наведаў Мазыр, дзе браў удзел у адкрыцьці лініі вытворчасьці харчовага рапсавага алею. Гэтая прамысловая лінія створаная ў межах праекту праграмы тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ.

Пра тэхнічнае супрацоўніцтва спадару ЭльБарадзею сёньня ў Менску казаў і прэм'ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын. Але што стаіць за гэтым тэхнічным супрацоўніцтвам? На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Махамэд ЭльБарадзей патлумачыў:

(ЭльБарадзей: ) "Мы цяпер выкарыстоўваем у Беларусі каля 50 тысяч гектараў для вытворчасьці рапсавага алею для харчовых мэтаў — для выкарыстаньня людзьмі й каб карміць жывёлу".

(Цалко: ) "Харчовага рапсу — хачу падкрэсьліць. Для нас гэта вельмі важна: ён ёсьць заменьнікам найперш харчовых алеяў, якія мы экспартуем. А самае галоўнае, што ў гэтых раёнах ёсьць мажлівасьць зарабляць самім грошы ды ўкладаць іх у ліквідацыю наступстваў чарнобыльскае аварыі", — дадаў Уладзімер Цалко, кіраўнік камітэту ў справах Чарнобылю. А генэральны дырэктар МАГАТЭ працягваў:

(ЭльБарадзей: ) "Другі важны праект — дапамагчы людзям у забруджаных раёнах вярнуцца ў іхныя вёскі. І мы працуем дзеля дэзактывацыі шмат якіх вёсак".

Я задаў яму пытаньне — навошта гэта робіцца? З аднаго боку, МАГАТЭ прызнае "неабходнасьць далейшых дасьледаваньняў" наступстваў чарнобыльскае катастрофы, з другога — людзей з пацярпелых раёнаў спачатку адсялялі, а цяпер вяртаюць назад. Вось як адказаў на гэта гендырэктар МАГАТЭ:

(ЭльБарадзей: ) "Відавочна, што мы не падтрымліваем рэабілітацыю людзей у забруджаных раёнах, але мы падтрымліваем рэабілітацыю людзей у тых раёнах, якія дэзактываваныя й абсалютна адпавядаюць міжнародным стандартам".

Дарэчы, сёньня спадар ЭльБарадзей прапанаваў ураду Беларусі арганізаваць супольны інфармацыйны цэнтар, каб перадаваць узгодненыя зьвесткі пра здароўе насельніцтва краіны. На думку спадара ЭльБарадзея, тое, што цяпер існуюць розныя крыніцы інфармацыі, зьвесткі якіх моцна адрозьніваюцца, — гэта дрэнна, бо "падрывае давер да афіцыйнай інфармацыі".

Генэральны дырэктар МАГАТЭ паведаміў таксама, што ў часе ягоных размоваў з урадоўцамі ў Менску пытаньне пра будаўніцтва ў Беларусі атамнае электрастанцыі ўвогуле не закраналася.