ШТАБ ГАНЧАРЫКА ПАТРАБУЕ СПЫНІЦЬ АГІТАЦЫЮ ЗА ЛУКАШЭНКУ ПА ТЭЛЕБАЧАНЬНІ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва штабу адзінага кандыдата абуранае зьместам учорашняга выпуску праграмы "Панарама", у якой актывістаў каманды Ўладзімера Ганчарыка фактычна абвінавацілі ў падрыхтоўцы скандальнага відэазапісу выступу Генадзя Ўгляніцы й Андрэя Жарнасека пра зьніклых.

У распаўсюджанай сёньня заяве штабу спадара Ганчарыка міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву й супрацоўнікам Беларускага тэлебачаньня раяць пашукаць аўтараў гэтай сумнеўнай сэнсацыі ў сваіх шэрагах.

Прадстаўнікі штабу адзінага кандыдата таксама абураныя тым, што кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Лукашэнка мае магчымасьць штодзённа й неабмежавана праводзіць перадвыбарчую агітацыю ў эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня. Актывісты штабу Ўладзімера Ганчарыка патрабуюць, каб Цэнтарвыбаркам забараніў паказ несанкцыянаваных агітацыйных сюжэтаў у падтрымку спадара Лукашэнкі.

Учора, адразу ж пасьля перадвыбарчага выступу кандыдата Сяргея Гайдукевіча, па БТ паўтарылі інтэрвію зь лідэрам расейскай партыі ЛДПР Уладзімерам Жырыноўскім, у якім ён заклікаў беларускіх выбарцаў аддаць 9 верасьня свае галасы за Аляксандра Лукашэнку. І гэта пры тым, што Выбарчы кодэкс Беларусі забараняе іншаземцам браць удзел у агітацыйнай кампаніі.

Гаворыць кіраўніца штабу Ўладзімера Ганчарыка Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) "Мы дамагаемся аднаго — каб выконваўся закон на тэрыторыі нашай краіны, выбарчае заканадаўства. І каб ЦВК зьяўлялася тым органам, які кантралюе, і ёсьць гарантам таго, што выбары будуць праходзіць нармальна".

З падобнай заявай сёньня выступіў і штаб Сяргея Гайдукевіча. Кандыдат Гайдукевіч абураны, што ў эфірны час, раней адведзены для выступу Сямёна Домаша, дэманстравалі агітацыйны сюжэт з удзелам Жырыноўскага ў падтрымку Лукашэнкі. Сяргей Гайдукевіч патрабуе ад Цэнтарвыбаркаму абавязаць БТ паўтарыць ягоны ўчорашні перадвыбарчы выступ без усялякіх камэнтароў іншых асобаў.

Дарэчы, ЦВК ужо абавязала вядучага суботняй праграмы "Панарама" Казіятку даць магчымасьць Гайдукевічу 1 верасьня абвергнуць распаўсюджаную пра яго непраўдзівую інфармацыю.

Штодня ў розных рэгіёнах Беларусі праходзяць дзясяткі агітацыйных пікетаў у падтрымку Ўладзімера Ганчарыка й Сяргея Гайдукевіча. Паводле Валянціны Палевіковай, улады не спыняюць ціску на валанцёраў каманды Ганчарыка. Учора ў Клімавічах міліцыянты спрабавалі ўварвацца ў дом актывісткі штабу адзінага кандыдата Галіны Васільчанкі, у якой некалькі дзён таму яны сканфіскавалі агітацыйныя матэрыялы.

А ў Стоўпцах сёньня затрымалі актывістаў арганізацыі Моладзь АГП Уладзімера Прасьцяцова, Івана Бэнэдыктава, Паўла Сільвановіча, Дзяніса Шышчанкова, Кірыла Мячтацеля, Сяргея Якушава і Юр'я Суслава, а таксама галяндзкага журналіста Барта Рыйса і двух ягоных калег.

Прадстаўнікі Моладзі АГП ляпілі ў Стоўпцах аб'явы з заклікам да гараджанаў прыйсьці заўтра на сустрэчу з даверанай асобай кандыдата Ганчарыка Анатолем Лябедзькам. Юнакі таксама арганізавалі пікет з партрэтамі зьніклых на гарадзкім рынку. Усіх іх затрымала міліцыя, а некаторых зьбіла. На апазыцыянэраў склалі пратаколы за арганізацыю несанкцыянаванага пікету, і некаторых зь іх даставілі ў суд.