ЯК АПОШНІЯ 10 ГАДОЎ РЭЛІГІЙНАЙ СВАБОДЫ ПАЎПЛЫВАЛІ НА РЭЛІГІЙНАСЬЦЬ БЕЛАРУСАЎ?

Кастусь Бандарук, Прага

10 гадоў таму, у праваслаўнае сьвята Перамяненьня Гасподняга, на ўвесь сьвет прагучэла злавесная заява ГКЧП – ініцыятараў камуна-імпэрскага перавароту. Путч праваліўся. Яго, дарэчы, хаця і ня ў першы дзень, асудзіла і Руская Праваслаўная Царква. Такім чынам, вяртаньне ў мінулае не адбылося. Затое, з таго часу, адбыліся значныя зьмены да лепшага і ў стаўленьні да рэлігіі на постсавецкай прасторы. Наступіла пацяпленьне ў адносінах паміж Царквой і дзяржавай і ўсьлед за Ельцыным іншыя лідэры краінаў СНД пачалі бываць, хай сабе і з палітычных матываў, у царкве.

Відавочна, што за апошняе дзесяцігодзьдзе ў Беларусі колькасьць храмаў розных канфэсіяў павялічылася ў некалькі разоў, а ў храмах прыкметна павялічылася колькасьць вернікаў. Аднак нават людзі зычлівыя да Царквы вымушаныя канстатаваць, што ў новых, больш спрыяльных умовах, пра масавае павярненьне да Царквы і ўздым рэлігійнасьці – ўсё роўна не прыходзіцца гаварыць. Шмат людзей дэкляруюць сваю прыналежнасьць да нейкай царквы, але на самой справе гэта намінальныя вернікі. Не адбыўся працэс масавага ўцэркаўленьня. Некаторыя толькі раз у год альбо ўвогуле не наведваюць храм і ня ўдзельнічаюць ў царкоўным жыцьціі. Чым патлумачыць гэтую зьяву? Сёньня пра гэта гавораць: сацыёляг зь Берасьцейскага Ўнівэрсытэту Анатоль Лысюк і каталіцкі тэоляг – прафэсар-дамініканец Яцэк Салій.

На інтэрнэтавай старонцы “НГ-Рэлігіі” маю ўвагу зьвярнуў артыкул Міхаіла Тульскага “Зьмена рэлігійнай прыналежнасьці насельніцтва сьвету за апошнія 100 гадоў”. Аўтар зьвяртае асаблівую ўвагу на постсавецкі пэрыяд, на апошняе дзесяцігодзьдзе. Тульскі адзначае, што за гэты пэрыяд наступіў далейшы адыход ад рэлігіі ў большасьці краінаў сьвету. А як выглядае сытуацыя ў Беларусі? Ва ўмовах значна пашыранай рэлігійнай свабоды можна было б спадзявацца вяртаньня да рэлігіі, але ці адбылося яно? З гэтым пытаньне я зьвярнуўся да сацыёляга Анатоля Лысюка.

(Лысюк: ) “Безумоўна, у апошняе дзесяцігодзьдзе беларусы ва ўсё большай ступені адкрываюць сваё сэрца Богу. Аб гэтым сьведчаць многія факты, і ў першую чаргу павелічэньне колькасьці вернікаў. Калі 12 гадоў таму, згодна сацыялягічным дасьледаваньням, у Беларусі было 20-22 % вернікаў, то сёньня іх 50-55 %. Многа гэта ці мала – мяркуйце самі. У ЗША іх, напрыклад, каля 90 адсоткаў. Аднак яшчэ ў нядаўнія савецкія часы вернікаў ў Беларусі было ня болей за 10 %. Таксама за апошнія 10 гадоў назіраецца значны колькасны рост царкоўных абшчынаў. Перавага тут на баку Праваслаўнай Царквы, якая мае больш за 1000 парафіяў, але ў сэнсе тэмпаў разьвіцьця, першае месца займаюць пратэстанцкія абшчыны. Пачаўся і відавочны этап дэатэізацыі грамадзтва і рэлігійнай сьвядомасьці. Зараз публічна заяўляць у Беларусі пра свой атэізм – прыкмета дурнога тону. Аб зьнешнім росьце значэньня рэлігіі ў Беларусі сьведчыць і той факт, што прэзыдэнт выказваецца за тое, каб хрысьціянства стала дзяржаўнай ідэалёгіяй. Таксама ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты засьведчылі свой рэлігійны выбар. Зьвяртае ўвагу і тое, што сярод вернікаў шмат моладзі, асабліва ў каталікоў і пратэстантаў. Можна быць незадаволеным маруднымі тэмпамі вяртаньня людзей да Бога, але адно відавочнае: людзі шукаюць Бога і многія яго знайшлі. Гэтыя людзі складаюць палову насельніцтва Беларусі”.

Наша даведка:

За апошнія 10 гадоў найбольш выразна працэс сэкулярызацыі назіраўся ў краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі. У 99-м годзе ў Японіі 47% насельніцтва не адносілі сябе да ніякай рэлігіі, у Ган-Конгу – 64, у Паўднёвай Карэі – 46, а ў Віетнаме – больш за 70 %. Працэс адыходу ад рэлігіі закрануў таксама Заходнюю Эўропу. Колькасьць тых, хто лічыць сябе цалкам няверуючым, дасягнула ў Велікабрытаніі 40%, у Нямеччыне 25%, а ў Аўстрыі 12%. У гэтым сэнсе, адной з найбольш рэлігійных краінаў сьвету застаюцца Злучаныя Штаты. Паводле апытаньня, праведзенага інстытутам Gallup, 68 % апытаных амэрыканцаў паведамілі, што яны належаць да нейкай канкрэтнай рэлігійнай абшчыны, а 60 адсоткаў рэгулярна ўдзельнічаюць ў набажэнствах. Толькі 21% лічаць, што “ рэлігія старамодная і несучасная”.

(Бандарук: ) “Спадар Лысюк, паміж верай і рэлігійнасьцю розьніца прыблізна такая, як паміж тэорыяй і практыкай, паміж абяцаньнем і выкананьнем. У Сьвятым Пісаньні падкрэсьліваецца, што “вера бяз учынкаў – мёртвая” ( Як.1,20). Калі ёсьць сапраўдная вера, яна выяўляецца ў жывой рэлігійнасьці круглыя суткі, дома і на працы. Рэлігійнасьць – гэта не сама дэклярацыя веры ў Бога, ня проста спарадычнае, раз у год, наведваньне храму. Гэта хутчэй пастаянны, актыўны ўдзел у царкоўным жыцьці, гэта рэгулярнае Сьвятое Прычасьце, споведзь, пасты, сьвяты і паглыбленьне сваіх рэлігійных ведаў. Ці ў гэтым сэнсе можна гаварыць пра нейкі зрух ў рэлігійнасьці беларусаў?”

(Лысюк: ) “Відавочна, што беларускія храмы напоўненыя людзьмі, але гаварыць пра значны зрух ў духоўным жыцьці беларусаў яшчэ рана. Рэальная карціна больш складаная і супярэчлівая. Напэўна, зараз знайсьці атэіста ня менш складана, чым ў савецкія часы верніка, але праблема ў тым, што толькі ў нязначнай колькасьці беларусаў іхныя паводзіны вызначаюцца хрысьціянскімі матывамі. Сацыялягічныя дасьледаваньні красамоўна сьведчаць пра духоўную блытаніну ў галовах беларусаў. Толькі 5-6% нашых рэспандэнтаў можна назваць веруючымі ў Бога ў поўным сэнсе гэтага слова. Яны, незалежна ад канфэсіі, рэгулярна чытаюць Біблію, імкнуцца жыць паводле яе і адхіляюць любы зварот да іншых сілаў акрамя Бога. Сярод праваслаўных вернікаў такіх сапраўдных вернікаў ўсяго каля 3,5 %. Найбольшую групу насельніцтва – 61 % складаюць людзі, якія вераць і ў Бога і ў д’ябла. У іх няма жаданьня пазнаць Бога і жыць ў адпаведнасьці зь Ягонай воляй. Іхнае рэлігійнае жыцьцё абмяжоўваецца толькі зьнешнімі рытуаламі і заканчваецца за парогам храму. Для значнай колькасьці гэтых людзей ўласьцівая вера ў гараскопы, экстрасэнсаў і нават зварот да іх, але ж гэта ўжо не хрысьціянства. Пэўная частка людзей заяўляе аб сваіх імкненьнях і намерах рабіць добрыя справы, але без апоры на Бога. Для іх Бог не зьяўляецца нейкай жывой Асобай, а толькі пэўнай абстракцыяй, якая адыгрывае ролю традыцыі. Па сутнасьці, яны вераць толькі ў сябе і свой розум, хаця і заяўляюць, напрыклад, аб сваёй праваслаўнасьці. У вялікія сьвяты, пры неабходнасьці, як хрост албо паховіны, яны могуць зазірнуць у храм. У гэтых людзей, паняцьце “ праваслаўны атэізм” зусім не выклікае супраціву, але ж яны і не зьяўляюцца ў поўнай ступені веруючымі хрысьціянамі. Такім чынам, назіраецца нейкі зазор паміж колькасьцю вернікаў, а іх рэальнай арыентацыяй на хрысьціянскія каштоўнасьці, на волю Божую”.

(Бандарук: ) “Спадар Лысюк, калі гаворка йдзе пра Ўсходнюю Эўропу, дык нізкі ўзровень рэлігійнасьці дасьледчыкі пераважна тлумачаць дзесяцігодзьдзямі ваяўнічага атэізму. Аднак гэта ня цалкам так. Напрыклад, у Польшчы, 45 гадоў дзяржаўнага атэізму не перашкодзілі 95% палякаў застацца каталікамі, і пры тым ў сваёй асноўнай масе актыўнымі. Праграмны атэізм штучна зьменшыў долю вернікаў. Людзі баяліся і часта ня мелі магчымасьці практыкаваць сваю прыхаваную веру. Аднак пасьля краху камунізму не наступіў ўздым рэлігійнасьці. Хутчэй за ўсё адбылося толькі часовае павелічэньне вернікаў з той прычыны, што ім было “дазволена” адкрыта наведваць храмы, хрысьціць дзяцей, вянчацца шлюбам у царкве, хаваць сваіх блізкіх са сьвятаром, выконваць іншыя рэлігійныя абрады. На жаль, далейшага росту колькасьці актыўных вернікаў не адбылося. Найбольш яскравым прыкладам цалкам дабраахвотнага адыходу ад рэлігіі зьяўляецца Чэхія. У 91-м годзе, ўжо пасьля краху камунізму, поўнасьцю няверуючымі назвалі сябе 37% , а ў 99-м г. ажно 55%. У Расеі, на пачатку 90-х, узровень рэлігійна настроеных людзей перавысіў 50%, аднак ў палове 90-х наступіў спад. З 91-га па 99-ы год у Расеі колькасьць тых, хто хаця б раз у месяц наведваў храм, засталася нязьменнай – на ўзроўні 6-7 %. Мяркую, што прыблізна гэтак сытуацыя выглядае і ў Беларусі. Чым Вы патлумачылі б гэтую зьяву?”

(Лысюк: ) “Прычынай гэтага зьяўляецца, па-першае, моцная атэістычная традыцыя. Па-другое, гэта празьмерная любоў да камуністычнай сатанінскай ідэалёгіі і сыстэмы. Але без нацыянальнага пакаяньня за камунізм не магчымы шлях духоўнага адраджэньня Беларусі. Нядаўна, будучы на стажыроўцы ў Нямеччыне, я вывучаў прычыны хуткага пераадоленьня ў гэтай краіне ў пасьлеваенны пэрыяд наступстваў фашызму. Высьветлілася, што палітычнае пакаяньне за нацызм і духоўнае пакаяньне за адыход ад Бога адбываліся паралельна і ўзаемадапаўняліся. Як вынік – сучасная Нямеччына – ўзорная краіна. Па-трэцяе, трэба пазбыцца сындрому стварэньня сацыяльных ідалаў, пачынаючы з палітыкі і заканчваючы культурай. Большасьць людзей ў Беларусі ня ведаюць, хто такі Бог, і як будаваць сваё жыцьцё з Богам. Сярод беларусаў таксама празьмерны эгаізм і арыентацыя на матэрыльныя патрэбы. Згодна нашым дасьледаваньням, найбольшую заклапочанасьць беларусаў выклікаюць якраз матэрыльныя праблемы. У розных дасьледчыкаў розныя лічбы, але гэта як правіла, гэта больш за палова апытаных. Затое духоўныя праблемы турбуюць ня болей 10-12 % рэспандэнтаў. Відавочна, што шлях да храму не бывае просты, але гэты шлях асіліць той, хто йдзе ў гэтым накірунку”.

Гэта было меркаваньне сацыёляга з Берасьцейскага Ўнівэрсытэту Анатоля Лысюка. Такім чынам, як мінімум за апошняе дзесяцігодзьдзе, наступіла даволі дзіўна зьява. Прынята гаварыць, што асабліва ў заходнім сьвеце рэлігія перажывае крызыс. Аднак ў 90-я гады колькасьць амэрыканцаў, якія вераць у існаваньне боскага пачатку, павялічылася на 10%. Зьменшылася толькі наведваньне храмаў, наступіла тое, што некаторыя спэцыялісты называюць
“індывідуалізацыяй альбо прыватызацыяй” рэлігіі. У сваёй лучнасьці з Богам, многія адкідаюць пасярэдніцтва Царквы і сьвятароў. Адначасова яны запэўніваюць, што вераць у Бога і кажуць, што яны праваслаўныя, каталікі або пратэстанцы. Ці можна быць вернікам і жыць па-за Царквою? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да вядомага каталіцкага тэоляга, прафэсара Яцэка Салія з Варшавы.

(Салій: ) “Вера ў сапраўднасьці – гэта справа сэрца і дзеяньня. Я –вернік, калі шукаю Бога, які ўзьлюбіў нас, калі маё сэрца тужыць за Богам. Калі добра прыгледзецца да хрысьціянскай традыцыі, дык яна надавала вялікае значэньне перш за ўсё рэгулярнаму ўдзелу ў нядзельнай Імшы. Напрыклад, сьвяты Ігнацій з Антыёхіі, вучань апосталаў, пісаў ў адным са сваіх лістоў: “Браты! Наш Збаўца сказаў: “дзе двое або трое сабраныя ў Маё Імя, там Я сярод іх”. Падумайце – якая магутная павінна быць малітва, калі зыйдуцца на Эўхарыстыю ня двое або трое, але ўся грамада”. Ёсьць таксама цікавы сырыйскі дакумэнт з ІІІ стагодзьдзя, гэтак званыя “Дыдаскаліі”, дзе пра абавязак удзельнічаць у нядзельнай багаслужбе гаворыцца: “Хай ніхто бяз важнай прычыны ня сьмее адсутнічаць на Літургіі ў Дзень Гасподні, бо гэткім чынам ён пазбаўляе Царкву аднаго зь ейных членаў”. У тагачасных хрысьціянаў лёгіка была такая: калі нехта не ўдзельнічаў ў нядзельнай Эўхарыстыі, дык усё роўна, што ён выпісваўся з Царквы. Значэньне ўдзелу ў штонядзельнай багаслужбе даказваў і Арыген. "Браты! Узгадайма, што калі народ божы вандраваў па пустыні, ён штодня зьбіраў манну, але ў суботу не зьбіраў. Трэба было маннай запасьціся загадзя. Мы, хрысьціяне, жывем ў 6-ы дзень тыдня, які закончыцца ў дзень канчыны сьвету, і манны павінна нам хапіць на жыцьцё вечнае”. Такім чынам, старажытныя хрысьціяне лічылі асноўнай прыкметай сваёй прыналежнасьці да Царквы ўдзел ў штонядзельнай Літургіі”.

(Бандарук: ) “З другога боку, чалавек можа не любіць таўкатні ў храме, працягласьці незразумелых, тэатральных багаслужбаў і цырымоніяў. Сам Хрыстос сказаў: “Калі ты молісься, ня будзь як крывадушнікі, якія любяць у сынагогах і на рагах вуліцаў прастойваць, молячыся, каб паказацца перад людзьмі…А ты, калі молісься, увайдзі ў пакойчык свой, і зачыніўшыся памаліся Айцу Твайму, які Сам употай, і Айцец твой, бачучы ўтоенае, узнагародзіць цябе яўна” ( Мац. 6, 5-6). Дык, што дрэннага ў гэтай індывідуальнай набожнасьці? Прафэсар Салій…”

(Салій: ) “Я заўсёды высока цаню любыя індывідуальныя пошукі Бога. Напрыклад, нехта кажа, што яму лепш памаліцца ў сваім гародзе альбо ў сваім пакойчыку. Хай моліцца і, нават, як мага часьцей. Аднак гэта не заменіць Эўхарыстыю. У сваім гародчыку ён не прыме Сьвятое Прычасьце, якое ўстанавіў Сам Хрыстос кажучы: “Калі ня будзеце есьці цела Сына Чалавечага, ня будзеце мець жыцьця ў сабе”. Такім чынам, нельга зьняважліва ставіцца да індывідуальных пошукаў Бога, да асабістай малітвы, але і нельга забываць, што Хрыстос абдарыў нас Царквою. У царкоўнай абшчыне мы павінны слухаць Слова Божае і чэрпаць з крыніцы ласкі”.

(Бандарук: ) “Са свайго асабістага назіраньня ведаю, што многія вернікі не расчараваліся ў Богу, але зьняверыліся ў Царкве, як установы. Іх адштурхоўвае ня толькі кансэрватызм Царквы, напрыклад, у пытаньнях кантрацэпцыі. Яны ня хочуць ні слухаць ні спавядацца ў канкрэтнага сьвятара, бо ведаюць пра ягоную немаральнасьць альбо хцівасьць. Ці гэта не дастатковая прычына для адыходу ад Царквы? Айцец Салій…”

(Салій: ) “У старажытнасьці была такая сэкта данатыстаў. Яны цьвердзілі, што сапраўдныя толькі тыя сакрамэнты, якія спраўляе беззаганны сьвятар. Царква адказала данатыстам проста, хаця, магчыма, як на нашую сучасную чульлівасьць – трохі груба. “Сонечнае сьвятло не губляе сваю чысьціню нават праходзячы праз прыбіральню”. У храм мы прыходзім ня дзеля сьвятара, але дзеля Хрыста. А гэта божая таямніца, чаму неаднойчы Хрыстос паклікае на пасярэднікаў Сваёй ласкі людзей, якія неабавязкова сьвятыя, а нават яўна грэшныя. Я тут толькі дадаў бы: “Не судзіце, каб ня быць суджанымі”. Глядзі ў сваю душу, бо не падлягае сумневу, што Сьвятое Прычасьце, якое прыймаем з рук грэшнага сьвятара, гэта сапраўднае Цела Гасподняе”.

Гаварыў прафэсар каталіцкай тэалёгіі, дамініканец Яцэк Салій. Дарэчы, ня толькі каталіцкія, але і праваслаўныя тэолягі падкрэсьліваюць, што вера перажываная па-за Царквою, пазбаўленая ня толькі супольнасьці вернікаў. Ёй не хапае найперш моцы ласкі, якая даецца ў сьвятых сакрамэнтах, найперш ў Сьвятым Прычасьці, бо Хрыстос ня проста Настаўнік маралі, але Сын Божы і Збаўца.

З другога боку, далейшы працэс індывідуалізацыі рэлігійнасьці выглядае непазьбежным. Паводле прагнозу аўтараў кнігі “Старыя цэрквы, новыя вернікі” Кіммо Каарыйнэна і Дзімітрыя Фурмана, у бліжэйшай будучыні ўтрымаецца цяперашняя тэндэнцыя: колькасьць традыцыйных вернікаў і атэістаў, тых, чые каштоўнасьці і вера найбольш акрэсьленыя, застанецца адносна невялікай. Затое для большасьці маятнік затрымаецца на паўдарозе ад атэізму да рэлігійнасьці. Большасьць насельніцтва будзе знаходзіцца ў стане неакрэсьленасьці і рэлігійных пошукаў, пры гэтым называючы сябе веруючымі людзьмі.